Фота з liveinternet.ru

Фота з liveinternet.ru

Фармат «Лістапада» змяніўся, а вынікі засталіся ранейшымі. Кінафестываль чарговы раз завяршыўся перамогай замежнай стужкі.

У той час, як Аляксандр Лукашэнка крытыкуе айчынны кінематограф, Мінск па-ранейшаму спрабуюць зрабіць цэнтрам кінажыцця на постсавецкай прасторы і нават шырэй.

Беларускі кінематограф ужо каторы год знаходзіцца ў пройгрышным стане, калі галоўны прыз фестывалю «Лістапад» пастаянна аддаюць замежным карцінам. Безумоўна, беларусы не могуць перамагаць пастаянна. Але калі за апошнія гады ніводная айчынная стужка не атрымала золата «Лістапада», гэта нагода задумацца.

У асноўным конкурсе сёлета ўдзельнічала толькі адна карціна беларускага рэжысёра — «Масакра» Андрэя Кудзіненкі. Але запрасілі расійцаў, якія прадставілі тры стужкі ў гэтай намінацыі.

За апошняе дзесяцігоддзе фільмы расійскіх рэжысёраў восем разоў атрымлівалі Гран-пры на беларускім фестывалі. Няўжо чэхі, славакі, харваты не здымаюць вартага кіно, каб прывозіць яго ў Мінск? Разам змяшалі кінаіндустрыю вялікіх і малых краін. Выбралі не тую вагавую катэгорыю. Дастаткова аб’яднаць краіны, супастаўныя з Беларуссю па кінавытворчасці, каб арганізоўваць такі фестываль.

«Лістапад» прайшоў. Папляскалі ў ладкі. Усе задаволеныя, атрымаўшы аўтограф Арнэлы Муці ці Эміра Кустурыцы. А што далей?

Праз год на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі зноў будзем выслухоўваць, што «фільмы беларускай вытворчасці знаходзяцца на перыферыі глядацкага інтарэсу». А ў лістападзе чарговы раз будзем ствараць «унікальную атмасферу мінскага кінафоруму, гэтак шануемую ў Беларусі і за мяжой».

Дзяржава гатовая аплачваць замежных гасцей, а выдаткаваць належныя сродкі на падрыхтоўку айчынных сцэнарыстаў, рэжысёраў, прадзюсераў не здольная. Бюджэт кінафестывалю, па прызнанні міністра культуры Латушкі, склаў 1 млрд. 400 млн. рублёў. Амаль паўмільёна даляраў, каб купіць лідарства сярод кінавытворцаў.

Гран-пры «Золата «Лістапада» 2000-2010

    2000 — «Рускі бунт» (Расія)
    2001 — «Прыходзь на мяне паглядзець» (Расія)
    2002 — «Зязюля» (Расія)
    2003 — «Вяртанне» (Расія)
    2004 — «Кіроўца для Веры» (Расія)
    2005 — «Не хлебам адзіным» (Расія-Украіна)
    2006 — «Мне не баліць» (Расія)
    2007 — «Жыццё іншых» (Германія)
    2008 — «Пасажырка» (Расія)
    2009 — «Свет вялізны і выратаванне хаваецца за вуглом» (Балгарыя-Германія-Славенія-Венгрыя).
    2010 — «Шчасце маё» (Украіна-Германія-Нідэрланды).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?