Байцы спэцназу затрымалі 12 удзельнікаў пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Маладыя людзі стаялі на тым самым месцы, дзе асуджаны сёньня на паўтара году зьняволеньня Зьміцер Дашкевіч амаль трое сутак вёў акцыю пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сёлетнім сакавіку. Моладзь трымала партрэты Зьмітра Дашкевіча, запаленыя сьвечкі.

Байцы спэцназу, падышоўшы да моладзі, пацікавіліся, чаму прысьвечаная гэтая акцыя, і выклікалі аўтазак. Пры гэтым юнакам і дзяўчатам спэцназаўцы сказалі, што тыя могуць стаяць на плошчы колькі захочуць. Але, як высьветлілася, міліцыянты проста ня мелі побач машыны.

Як толькі прыехаў аўтазак, спэцназаўцы пачалі хапаць дзяўчат і хлопцаў і кідаць іх у машыну. Была затрыманая і карэспандэнтка Радыё Свабода Любоў Лунёва. Ад'ехаўшы з Кастрычніцкай плошчы, аўтазак спыніўся ў раёне опэрнага тэатру, і спэцназаўцы ветліва папрасілі журналістку выйсьці з машыны.

Усіх астатніх затрыманых, сярод якіх Крысьціна Шацікава, Зьміцер Федарук, павезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску.

Радыё Свабода

Маладафронтаўцаў Зьмітра Хведарука й Глеба Сандраса абвінавацілі ў дробным хуліганстве

Як паведаміў толькі што адзін з затрыманых актывістаў Маладога Фронту, усіх удзельнікаў сёньняшняе акцыі на Кастрычніцкай плошчы вызвалілі пасьля таго, як у іх перапісалі пашпартныя дадзеныя.

Аднак на двух маладафронтаўцаў, на Зьмітра Хведарука й Глеба Сандраса склалі пратаколы па арт.156 (дробнае хуліганства) і іх зьмесьцілі ў камэру Цэнтральнага РУУС, дзе яны будуць знаходзіцца да заўтрашняе раніцы, да судовага працэсу, што адбудзецца Цэнтральным судзе г.Менску па вуліцы Кірава, 21.

Прэс-служба МФ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0