Ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта працавалі ў няроўных умовах, заявілі актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на прэс-канферэнцыі ў Мінску 19 лістапада.

Падводзячы вынікі збору подпісаў за патэнцыяльных кандыдатаў, юрыст кампаніі Валянцін Стэфановіч адзначыў, што гэты этап праходзіў больш ліберальна, чым на папярэдніх выбарах. Аднак што да выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, то тут назіральнікі «не адзначылі якой-небудзь лібералізацыі або дэмакратызацыі», дадаў праваабаронца.

«ЦВК сваёй пастановай № 47 фактычна легалізавала збор подпісаў не членамі ініцыятыўнай групы. Там запісана, што запісы ў падпісны ліст могуць уносіцца членам ініцыятыўнай групы, выбаршчыкам, а таксама іншымі асобамі па просьбе выбаршчыка. І вось гэтая фармулёўка прывяла да таго, што збор подпісаў за кандыдата ў прэзідэнта Лукашэнку ажыццяўляўся не членамі яго ініцыятыўнай групы», — сказаў Стэфановіч.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў самой ЦВК узнікла блытаніна з тлумачэннем гэтага палажэння. «Нам гаварылі, што даныя выбаршчыка ў падпісны ліст можа ўносіць памочнік члена ініцыятыўнай групы або любая асоба ў прысутнасці члена ініцыятыўнай групы. Але пра прысутнасць члена ініцыятыўнай групы там нічога не напісана», — падкрэсліў Стэфановіч.

Гэта, паводле слоў праваабаронцы, прывяло да поўнай непразрыстасці праверкі збору подпісаў, пададзеных за Лукашэнку. «Мне незразумела, як камісіі правяралі подпісы, калі артыкул 61 Выбарчага кодэкса прама гаворыць аб тым, што запаўняць падпісныя лісты маюць права толькі члены ініцыятыўнай групы. І гэты артыкул ніхто не адмяняў», — заявіў юрыст.

Стэфановіч таксама заўважыў, што за збор подпісаў не членамі ініцыятыўнай групы было вынесена папярэджанне групе Уладзіміра Някляева. «Адносна групы Лукашэнкі нічога падобнага не адбылося», — канстатаваў ён.

Акрамя таго, паводле слоў юрыста кампаніі, выклікаюць пытанні і метадычныя рэкамендацыі ЦВК.

«У іх напісана, што прадстаўнікам адміністрацыі ўстаноў забараняецца збіраць подпісы ў сваёй установе ў працоўны час. Артыкул 61 Выбарчага кодэкса забараняе прадстаўнікам адміністрацыі ўстаноў збіраць подпісы ў сваёй установе наогул. Але ў Гомелі прарэктар універсітэта збірала подпісы за Лукашэнку сярод студэнтаў свайго ўніверсітэта прама ў фае. ЦВК палічыла гэта законным, бо яна знаходзілася ў адпачынку. Аднак ад гэтага яна не перастала быць прарэктарам універсітэта, ад якой залежаць студэнты, як дырэктар у адпачынку не перастае быць дырэктарам», — лічыць Стэфановіч.

У адрозненне ад ініцыятыўных груп Лукашэнкі каманды іншых прэтэндэнтаў не мелі магчымасці збіраць подпісы ў інтэрнатах і на прадпрыемствах, адзначыў праваабаронца. «Ніводная скарга на гэтыя парушэнні не была задаволеная», — падкрэсліў Стэфановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?