Учора ўвечары на Кастрычніцкай плошчы Менску сабралася моладзь, каб выказаць сваю падтрымку пакаранаму ў той дзень паўтара гадамі зьняволеньня Зьмітру Дашкевічу. Маладзёны ўтварылі жывы ланцуг. Яны трымалі ў сваіх руках сьвечкі і партрэты Дашкевіча.

Празь некаторы час да пікетоўцаў пад’ехаў аўтазак. 12 чалавек былі затрыманыя і адвезеныя ў Цэнтральны РАУС сталіцы. Амаль усе хлопцы і дзяўчаты ў скорасьці былі вызваленыя. На ноч у пастарунку пакінулі толькі Зьмітра Хведарука і Глеба Сандраса. Назаўтра над імі мусіў адбыцца суд.

Сандрас кажа, што супраць яго ў будынку РАУСу байцы спэцназу ўжывалі фізычную сілу і правакавалі яго. Да другой гадзіны ночы ў хлопцаў узялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі, а пасьля перавезьлі ў спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна. Яны былі ўдвох у камэры.

На раніцу іх адвезьлі ў суд Цэнтральнага раёну. У будынку суду сабралася блізу 20 паплечнікаў актывістаў, большасьць з прысутных дзяжурылі таксама ўсе тры дні ля будынку, дзе судзілі Дашкевіча.

Першы працэс пачаўся над Глебам Сандрасам. Судзьдзя Аляксей Бычко адхіліў хадайніцтвы Сандраса, каб на судзе прысутнічалі сьведкі зь ягонага боку. Таксама Бычко адмовіўся ўпускаць у судовую залю людзей. Супраць маладзёна сьведчылі спэцназаўцы Анатоль Бэйбак і Аляксандар Шпакоўскі. Сандраса пакаралі штрафам у 2 базавыя велічыні (62 тысячы рублёў). Яго пакаралі паводле 156 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу – «Дробнае хуліганства».

Пакуль судзілі Глеба Сандраса Зьміцер Хведарук сказаў, што не баіцца прысуду. «Што значаць мае 15 сутак у параўнаньні з прысудам Дашкевічу», – казаў Хведарук. Хлопец крыху памыліўся, яму далі трое сутак арышту, таксама абвінаваціўшы ў лаянцы. Міліцыянты не дазволілі прысутным перадаць Зьмітру ежу і цёплыя рэчы.

Са спэцпрымальніка Хведарук мусіць выйсьці ў суботу вечарам.

Трэба адзначыць, што цяпер на Акрэсьціна таксама знаходзіцца апазыцыйны актывіст з Барысава Алесь Абрамовіч, які быў пакараны 15 суткамі арышту 27 кастрычніка.

* * *

12.52

Судзьдзя Аляксей Бычко абвясьціў прысуд Зьміцеру Хведаруку – 3 сутак арышту. як і Глеба Сандраса, Зьмітра судзілі паводле арт.156 Адміністрацыйнага кодэксу (лаянка).

* * *

12.20

Абвесьцілі прысуд Глебу Сандрасу. За лаянку той пакараны ў 2 базавыя велічыні. Сьведкамі на судзе выступалі Анатоль Бэйбак і Аляксандар Шпакоўскі.

Да другой гадзіны ночы хлопцаў трымалі ў Цэнтральным РУУСе Менску, а пасьля адвезьлі на Акрэсьціна, дзе абодвух пасадзілі ў асобную камэру. Хлопцаў сфатаграфавалі і ўзялі адбіткі пальцаў.

Цяпер мае распачацца суд на Хведаруком.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?