Што сьвяткуе Расея 4 лістапада? Піша Алег Дзярновіч.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, замацаванай папраўкаю да Кодэксу законаў пра працу Расейскае Фэдэрацыі, 4 лістапада Расея сьвяткуе «гадавіну вызваленьня Масквы ад польскіх інтэрвэнтаў і заканчэньня Смутнага часу ў 1612 годзе». Але спробы знайсьці ў гістарычных крыніцах абгрунтаваньне гэтай даты будуць марныя.

«Смутай» расейскія інтэлектуалы і сучасьнікі назвалі сытуацыю, якая панавала ў Расеі першыя два дзесяцігодзьдзі XVII ст. Цяпер гісторыкі амаль аднадушна называюць тыя падзеі першай у гісторыі Расеі грамадзянскай вайною, у якую супрацьлеглыя бакі ўцягнулі авантурыстаў зь ліку шляхты Рэчы Паспалітай, а потым ужо сама Рэч Паспалітая і Швэцыя ўступілі ў непасрэдныя ваенныя дзеяньні. Пасьля сьмерці апошняга Рурыкавіча на маскоўскім троне перапынілася дынастыя, паміж баярскімі кланамі пачалася барацьба за ўладу. Выйгралі Раманавы, якія сканструявалі, стварылі з свайго служкі Дзімітра-самазванца, аднаго, другога, адрэзаўшы гэтым самым шлях да ўлады Гадуновым ды Шуйскім. Калі ў 1613 годзе Раманавы авалодалі маскоўскім тронам, яны пачалі зьмяняць памяць пра Вялікую смуту, паказваць гэты час не як пэрыяд міжусобнай барацьбы за ўладу, а як вайну праваслаўя з каталіцтвам, заходнімі інтэрвэнтамі і езуітамі. Грамадзянская вайна была паказаная як вайна за веру. Можна дастаткова рэзка сказаць, што ў міжусобіцы Раманавы выкарысталі ліцьвінскую і польскую шляхту як прыладу барацьбы. У гэтым заключаецца глыбокі фальш у расейскай гістарычнай памяці.

Але што здарылася 22 кастрычніка (паводле старога стылю) ці 4 лістапада паводле новага (грыгарыянскага) стылю 1612 году? У Маскве адбываліся баі, і адзін з аддзелаў апалчэнцаў паспрабаваў уварвацца ў Кітай-горад. Пасьля непрацяглага бою (хутчэй, сэрыі невялікіх сутыкненьняў) апалчэнцы занялі другую па значнасьці частку ўмацаваньняў расейскай сталіцы. Гарнізон Рэчы Паспалітай адступіў у Крэмль. Ці быў гэты эпізод вырашальнай у ваенным сэнсе падзеяй у ходзе вызваленьня Масквы? Ці наблізіў ён заканчэньне для Расеі Смутнага часу? Сучасьнікі, прынамсі, так яго не ўспрымалі. Хоць крамлёўскія піяршчыкі пачатку ХХІ стагодзьдзя падаюць яго менавіта такім чынам.

На каляндарны выбар паўплывала царкоўная традыцыя, бо на 22 кастрычніка паводле старога (юліянскага) стылю летазьлічэньня і 4 лістапада паводле новага (грыгарыянскага) стылю прыпадае Дзень Казанскае іконы Божае Маці, якая стала сымбалем расейскіх апалчэнцаў. Але ўся праблема ў тым, што 22 кастрычніка 1612 году адпавядае 1 лістападу паводле грыгарыянскага календара. Так, так! Рэч у тым, што ў XVII ст. розьніца паміж юліянскім і грыгарыянскім календарамі складала 10 дзён. Але зь цягам часу гэтая розьніца нарастае, і ў пачатку ХХ ст., калі Расея перайшла на новы стыль, каляндарных адрозьненьняў «набегла» на 13 дзён. Вось і сталі баі 22 кастрычніка 1612 г. падзеямі 4 лістапада, хоць, паводле нашых суайчыньнікаў-мэмуарыстаў, што сядзелі ў абложаным Крамлі, гэта адбывалася 1 лістапада. Сучасная расейская ўлада цалкам даверылася царкоўнаму календару, у аснове якога ляжыць гадавы цыкль сьвятаў і дзён памяці, што паўтараюцца на працягу стагодзьдзяў. Калі спатрэбілася прывесьці паралельныя даты, сьвята Казанскае іконы аказалася «пасунутым» на 4 лістапада. У ХХІІ стагодзьдзі гэты дзень перамесьціцца ўжо на 5 лістапада. У такім разе гонка за часам будзе бясконцай і беспасьпяховай.

Крэмль паставіў расейскіх гісторыкаў і настаўнікаў у складанае становішча. Як без нацяжак і фальшаваньня патлумачыць школьнікам ды студэнтам, што гэта за акт народнага адзінства зьдзейсьніўся 4 лістапада 1612 году і чаму пасьля «заканчэньня Смуты» расейцы яшчэ шэсьць гадоў працягвалі змагацца адзін з адным ды ваяваць супраць замежнікаў?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0