Незалежны сайт падводзіць вынікі першага паўгоддзя на пасадзе новага старшыні Гродзенскага аблвыканкама.

Напрыканцы мая гэтага года давялося напісаць невялічкую нататку аб змене «губернатараў» нашай вобласці. Каму цікава, то адашлём да гэтага артыкула пад назвай «Вітаю — новы губернатар».

Аднак з таго моманту ўжо прайшоў пэўны час, і сёння можна паспрабаваць зрабіць кароткае падсумаванне дзейнасці Сямёна Шапіры на пасадзе старшыні аблвыканкама за прамінулыя паўгады. Адразу хочам адзначыць дзве рэчы — прынцыпова не будзем ужываць больш слова «губернатар», бо ў Беларусі губерняў няма, а праводзіць нейкія паралелі паміж нашай сучаснай рэспублікай і царскай Расіяй лічым зусім недарэчным. Фактычна ў нас «губернатар» — кіраўнік чужынскай нам царскай расійскай адміністрацыі. Больш падыходзіла бы гістарычнае «ваявода» або «стараста» (думаю, што і С.Б. Шапіру такія назвы спадабаліся б), але будзем казаць звыкла — старшыня абласнога выканаўчага камітэта. І яшчэ — будзем пісаць на беларускай мове. Рускую мову шануем і паважаем, але пачынанне С. Шапіры аб беларусізацыі справаводства аблвыканкама трэба па-магчымасці падтрымаць. Аднак справа, канешне, не ў назве пасады і не ў мове…

Уласна, дадатковым стымулам для напісання гэтага тэксту стала падслуханая выпадкова размова дзвюх сакратарак у адным з кабінетаў аблвыканкама.

Тыя паціху выказвалі сваё незадавальненне неабходнасцю выконваць загад С. Шапіры і пераходзіць хоць бы часткова на беларускую мову. «Должен же быть какой-то выбор», — нягучна абуралася адна з іх.
Выпадак хаця і звычайны, але характэрны. Чыноўнікі, асабліва беларускія і асабліва сярэдняга звяна, абсалютна звыкліся з тым, што апошнія колькінаццаць год увесь выбар робіцца толькі на іх карысць. І ў плане мовы, і ў плане заробкаў і наагул у плане спакойнага жыцця. Хаця выбар канешне ж ёсць заўсёды ))) Хочаш гаварыць па-беларуску — гавары, толькі не здзіўляйся тады, што цябе за проста так абшманаюць міліцыянеры, бо ты быццам вельмі падобны на чалавека, які ўкраў у бабулькі на Фолюшы айфон за 500 даляраў.
І яшчэ адзін выпадак — таксама вельмі характэрны. Старшыня аблвыканкама выказаўся аб неабходнасці добраўпарадкаваць Румлёўскі парк. І пачалося… У парку з’явіўся мэр з брыгадай, батальён стройбата з экскаватарамі і лясную зону пачалі пераўтвараць у парк,
зразаючы ніжні ярус лесу (і тым самым поўнасцю знішчаючы экалагічную лесвіцу) і пракладаючы на нейкіх невядомых маршрутах асфальтаваныя дарожкі. Катастрофа, адным словам.
Чаму пішам пра гэта ў святле паўгадовага юбілею кіравання новага старшыні аблвыканкама? А таму, што асабіста Сямён Шапіра пакуль зарэкамендаваў сябе досыць добра.
Копралаліі, у адрозненні ад Саўчанкі, не мае, камунікабельны, энергічны, арыентуецца ў важных пытаннях для жыцця вобласці, прынамсі звонку выглядае на досыць дэмакратычнага чалавека… Ну і што, што не дамогся пабудовы ў нашай вобласці лядовых палацаў (нашто яны нам патрэбныя), ну і што, што пакуль мала што зрабіў, можа яшчэ зробіць. Прынамсі спынілася завальванне горада пліткай і досыць інтэнсіўна пачалі рамантаваць вуліцы горада (Новы Мост за 10 год саўчанкізма так і не спадобіліся заасфальтаваць). Хоць ты сам бяры ўсе праекты з сайта harodnia.com (праект упарадкавання транспартных плыняў, праект уладкавання Новага Свету, матэрыялы па экалагічных пытаннях) і ідзі з імі да Сямёна Шапіры. Праўда, хадакоў мнагавата, бо запісваюць цяпер на прыём да старшыні аблвыканкама ажно на чэрвень 2011 года!

Аднак праблема, якая, гледзячы па ўсім, запраста можа загубіць сціплыя парасткі гродзенскай дэмакратызацыі і беларусізацыі, распачатыя старшынёй — гродзенскі чыноўнік старой, саўчанкавай закваскі. Той, або як тая сакратарка ціха выказвае незадавальненне і байкатуе ўсе справы, якія яму падаюцца «непатрэбнымі», або, як тыя будаўнікі ў Румлёва, так выконвае загад старшыні, што гараджанам становіцца страшна за горад.

А калі яшчэ дадаць, што гродзенскія бюракратычныя ўстановы — гэта вялізарны клубок кумоў, сватоў, шваграў, стрыечных і траюрадных братоў і сёстраў а таксама карэфанаў па лазнях, рыбалках і більярдах, то разумееш, што прывесці такую махіну ў рух, або наблізіць яе да народных патрэбаў ой як цяжка і наўрад ці аднаму чалавеку пад сілу.

Прынамсі такое ўражанне маем з апошніх некалькіх месяцаў. Тое самае, напрыклад, і з Каложай. С. Шапіра выказаў сваю няўпэўненасць у магчымасці якасна адрэстаўраваць храм цяпер і зараз. Але фармальна ён не мае да справы ніякага дачынення і ўлазіць у яе не будзе (хаця Саўчанка, канешне, улез бы, і не толькі ўлез, але і пакіраваў бы там усім). А чым займаюцца чыноўнікі з установаў і з царквы? Прыхажанам Каложы за супраціў «рэканструкцыі» пагражаюць анафемай (за вокнамі, нагадаем, 21 стагоддзе), міністэрства культуры толькі «за» (яно таксама «за» псеўдарускія цыбулінкі на вежах цэркваў у Зэльве, Навагрудку, на званіцы ў Сынкавічах…), чыноўнікі далей ладзяць сваю кампанію «Адновім Каложу разам». І канферэнцыю зладзілі з банкетам, дзе падавалі каньяк па 400 даляраў за бутэльку і старшыню туды запрасілі. Ну і іншае…

Адным словам ловяць С. Шапіру ў свае сеткі. Цягне яго туды сістэма. «Стань такі як і мы, так будзе і зручней і прасцей,» — нашэптваюць яму. Не трапіць у гэтыя сеткі цяжка. Трапляюць у выніку амаль усе. Але выхад, здаецца, ёсць. І выхад адзін. Пачаць рэальна раіцца з гарадзенцамі па ўсіх актуальных пытаннях.
Чаму напрыклад было б не пагаварыць пра Румлёўскі парк з найвялікшымі спецыялістамі па ім — спадарамі Гуменным, Карнелюком, Вяхіравым? Запрасіць, напаіць гарбатай, распытаць. Тое самае і з Каложай і з аховай іншай архітэктурнай спадчыны і з усім іншым. Гораду патрэбна прадуманая і гнуткая стратэгія развіцця, сфарміраваць якую павінны не чыноўнікі, а гродзенцы (і спецыялісты і простыя гараджане). А талковых людзей у нашым горадзе больш, чым у якім іншым горадзе Беларусі. Тое наш гонар, бо і горад наш выключны.
І ў адміністрацыях усіх узроўняў засядзелася зашмат народу. Чаму б не пашукаць новых людзей дзе-небудзь на рэальнай працы: на вытворчасці, ва ўстанове аховы здароўя ці культуры і адукацыі.
І не дырэктараў, а простых працаўнікоў. Патрэбны людзі, якія не будуць ствараць ілюзію ўсеагульнага шчасця, а ведаючы рэальны стан рэчаў, будуць імкнуцца яго паправіць.

Тое, канешне, агульныя словы, але сэнсу ад гэтага яны не губляюць і варта каб усе над імі падумалі. «Перемен требуют наши сердца» — спяваў колісь адзін з герояў нашага часу. І перамены ўсё адно наступяць. І чым больш іх адцягваць, чым больш рабіць выгляд, што іх няма, тым больш гвалтоўнымі і моцнымі яны будуць. Гэта закон гісторыі і ніякая ўлада таго не зменіць. Таму калі хоча стаць С. Шапіра адметнай асобай у гісторыі нашага краю, трэба працягваць гродзенцам руку і слухаць іх. А мы, без усялякага сумневу, дапаможам любому добраму пачынанню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?