Першы ў сьвеце дзяржаўны банк і першыя банкноты: беларускі сьлед

Беларус у мінулым быў ня толькі «панам сахі і касы». Сярод нашых продкаў былі й буйныя бізнэсоўцы й банкіры эўрапейскага ўзроўню. Піша Андрэй Катлярчук (Стакгольм).

Сёлета 30 лістапада сьвяткуе 400-ю гадавіну Дзяржаўны банк Швэцыі (Riksbanken) – першая такая ў сьвеце ўстанова. Цэнтральны банк Швэцыі вядомы ня толькі як вялікая фінансавая кампанія, але і як найбуйнейшы навуковы фонд, што падтрымлівае разьвіцьцё тэхнічных і гуманітарных досьледаў у краіне.

Але якое дачыненьне мае гэты юбілей да Беларусі – спытае чытач? Самае беспасярэдняе. Чалавек, які заснаваў банк Швэцыі і прыдумаў першыя ў Эўропе банкноты, працаваў у старажытнай Беларусі, валодаў старабеларускай мовай ды нават па маці быў беларусам. Пошук у архівах Швэцыі дае мажлівасьць падрабязна распавесьці пра гэтыя прыгоды.

15 чэрвеня 1611 г. у Рызе нарадзіўся хлопчык на імя Ганс Вітмахэр (Hans Wittmacher). Нягледзячы на здавалася б нямецкае прозьвішча, хлопец ня быў немцам. Ягоны бацька, галяндзкі месьціч, прыехаў у Рыгу ў пошуках лепшай долі. Тут ён раcпачаў лясны гандаль зь Віцебскам і Полацкам. Дачка аднаго зь ягоных беларускіх партнэраў шляхцянка Ганна Бельская стала жонкай нашага галяндца. Напалову беларус Ганс Вітмахэр быў суайчыньнікам нашых продкаў, бо нарадзіўся як падданы ВКЛ – Рыга знаходзілася тады пад кіраваньнем Рэчы Паспалітай. Але ў 1621 г. у жыцьці гараджанаў адбылася значная зьмена. Места Рыскае адышло да Швэцыі. Рыга, а не Стакгольм, была найбуйнейшым горадам Швэцыі з 1621 па 1721 г.

Эканамічны патэнцыял Рыгі грунтаваўся на гандлі зь Беларусьсю. Менавіта Рыга была «нашай брамай у Заходнюю Эўропу». Места было заснаванае немцамі ў 1201 г., але ўжо ў 1229 г. паўстала першая гандлёвая дамова паміж Рыгай і Полацкам, Віцебскам і Смаленскам. Гэта, дарэчы, першы вядомы помнік на старабеларускай мове. Дамова дазваляла нашым продкам вольна гандляваць і жыць ў Рызе. Гэтак у ХІІІ ст. у старой Рызе паўстаў значны беларускі квартал, што гуртаваўся вакол праваслаўнай царквы Сьвятога Міколы. Царква была пад юрысдыкцыяй полацкага ўладыкі. Такім чынам, беларусаў, а не латышоў трэба лічыць другімі пасьля немцаў гістарычнымі жыхарамі сталіцы сучаснай Латвіі.

«Еду ў Рыгу па соль па скрыгу», – кажа наша старая прыказка. Салігорску яшчэ не было – уся жыцьцёва неабходная соль паступала ў Беларусь ажно з Партугаліі праз Рыгу. Праз Рыгу ішоў шкоцкі і данскі селядзец (тады танны, а сёньня дарагі, ён дагэтуль лічыцца адной з галоўных страваў беларускай кухні). Дзьвіной рыскія купцы везьлі ў Беларусь піва, віно, цукар, мэталёвыя рэчы, закрасы. Зь імі ехалі да нашай краіны швэды, што тады не ўспрымалася як экзотыка. Шмат хто зь іх асядаў настала ў ВКЛ.

Швэд Рыгор Барастус складаў панегірычныя вершы ў гонар Лява Сапегі. У той самы час іншы швэд Ляўрэн Боей славіў Яна Караля Хадкевіча. Конрад Гётке ілюстраваў беларускія кнігі. Ляўрэн Горн працаваў настаўнікам Януша Радзівіла. Майстар Самуэль Вэбэр вырабляў канаты. Нарэшце Рыгор Штэтэнбэрг падрабляў у Горадні тастамэнты. Усе гэта сьведчыць, што тады Беларусь і Швэцыя знаходзіліся ў супольным эканамічным і праўным полі – правобразе сучаснага Эўразьвязу.

Што везьлі ў Швэцыю беларусы? Перадусім гэта пянька (зь яе рабілі канаты і вяроўкі). Рыга была сусьветным манапалістам у гандлі пянькой. «Русінская, якасная і чыстая пянька» была ў два разы даражэйшая за «маскоўскую». Апрача пянькі, стругамі плыў у Рыгу воск (бадай, уся Эўропа чытала пад беларускія сьвечкі), скуры, лес, смолы. Рыская гільдыя купцоў зь Беларусьсю была найзаможнейшая і фактычна кіравала рыскім магістратам. Менавіта да гэтай гільдыі належала сям’я Вітмагераў-Бельскіх. Іх галоўным партнэрам была радзіна віцебскіх мільянэраў-купцоў Аверкаў. Разам яны пабудавалі магутную гандлёвую карпарацыю, што злучыла Віцебск з Рыгай, Амстэрдамам і Стакгольмам.

Сярод купцоў Віцебску было шмат пратэстантаў. Але Аверкі ў часы уніі трымаліся праваслаўя, бадай з эканамічных прычынаў: у Швэдзкім каралеўстве забаранялася знаходзіцца каталікам. Адзін з Аверкаў склаў беларускую кроніку XVIII ст. «Віцебскі летапіс».

Новая швэдзкая ўлада рэзка павялічыла экспартныя магчымасьці рыскага порту. «Гэта было за добрым швэдзкім часам», – кажа латыская прыказка. Наш Ганс скончыў швэдзкую школу, а потым пераехаў у Стакгольм, дзе працаваў у швэдзкім Дзяржаўным калегіюме (міністэрстве) гандлю. Менавіта ў гэтай установе ў 1654 г. быў распрацаваны плян па далучэньні Беларусі да Швэцыі.

Агрэсія Расеі супраць ВКЛ і захоп Полацку і Віцебску адрэзалі Рыгу ад беларускага рынку. У выніку швэдзкай контрапалітыкі 20 кастрычніка 1655 г. ВКЛ і Швэцыя падпісалі Кейданскую унію ды злучыліся ў адну фэдэрацыйную дзяржаву. Ва уніі з Швэцыяй, апроч пратэстанцкай шляхты, было зацікаўленае беларускае і рыскае купецтва. Менавіта беларускія купцы ўсталявалі кантакт паміж вялікім гетманам ВКЛ Янушам Радзівілам і губэрнатарам Рыгі і Лівоніі швэдам Магнусам дэ ля Гарды. Купцы-беларусы выдалі 100 тысячаў талераў крэдыту на падтрымку прашвэдзкай палітыкі Радзівіла. Былі купцы і сярод падпісантаў Кейданскай уніі. Напрыклад, заможны купец з Друі Іван Харламповіч падпісаў дамову кірыліцай, па-беларуску. Віцебскі купец Васіль Гіра пазычыў «на патрэбы караля швэдзкага» вялікія грошы – амаль 3 тысячы талераў.

Кейданская унія паклала пачатак зорнай кар’еры Ганса Вітмагера. Як швэдзкі ўраднік і знаўца беларускай і польскай моваў, ён быў прызначаны дэ ля Гарды галоўным падатковым інспэктарам на ВКЛ. Нашай шляхце было цяжка ўжыцца з новым ураднікам. Ад акуратнага швэда, што валодаў беларускай мовай і ведаў Беларусь, немагчыма было схаваць прыбыткаў. У выніку ў 1656 г. паўстала скарга беларускай і літоўскай шляхты на новага інспэктара.

Але Кейданская унія хутка заняпала. Прапольская шляхта Жмудзі ўзьняла паўстаньне. Расея акупавала Браслаўскі павет і Інфлянты. Страціўшы працу, фінансіст Ганс Вітмагер прапанаваў каралю Швэцыі Карлу X новы дзёрзкі праект, які дазваляў знайсьці ва ўмовах вайны дадатковыя грошы.

30 лістапада 1656 г., у свой Дзень народзінаў, Карл X даў дазвол на стварэньне пад кіраўніцтвам Ганса Вітмагера Stockholm Banko – першага ў сьвеце цэнтральнага банку. Але галоўным вынаходніцтвам Вітмагера былі банкноты. Папяровыя грошы існавалі ў старажытным Кітаі, але не былі банкаўскімі крэдытнымі знакамі. У Стакгольме Ганс распачаў друк банкнотаў наміналам у 5, 25, 100 і 1000 швэдзкіх талераў. Кожная банкнота рабілася ўручную, зь якаснай ільняной паперы (менавіта зь лёну вырабляюцца амэрыканскія даляры, што не псуюцца з часам), і выдавалася за асабістым подпісам Ганса. Новыя грошы ахвотна набывала насельніцтва за вялікія, цяжкія, нязручныя і ня вельмі каштоўныя швэдзкія медныя «платы»-грыўны. За новыя банкноты можна было набыць што заўгодна ці ў любы час абмяняць. Новыя лёгкія і надзейныя грошы хутка набылі папулярнасьць. Посьпех быў абсалютны. За заслугі перад дзяржавай Ганс Вітмагер быў набілітаваны як шляхціц і атрымаў ад караля, паводле швэдзкай традыцыі, новае імя і прозьвішча – Ёван Пальмструх (Johan Palmstruch). Пад гэтым імем ён і вядомы сучасным швэдам. Але, відаць, не выпадкова свой герб новы швэдзкі шляхціц размаляваў у бел-чырвона-белы колер.

Пахаваны Пальмструх у зборы мястэчка Тэбю ля Стакгольму (Täby kyrka). Пра беларускае паходжаньне першага банкіра сучасным швэдам, на жаль, невядома.

Жыцьцё Ганса Вітмагера, апрача моцных сувязяў зь Беларусьсю, ламае шмат якія стэрэатыпы. Аказваецца, беларус у мінулым быў ня толькі «панам сахі і касы». Нашыя продкі (тыя ж Аверкі) былі бізнэсоўцамі эўрапейскага ўзроўню. Нават ва ўмовах шляхецкай рэспублікі ВКЛ, што, у адрозьненьне ад Швэцыі, ня мела яснай дзяржаўнай палітыкі ў падтрымцы прыватнага гандлю, беларускія купцы збудавалі фінансавыя імпэрыі. Гэта дае надзею што да пэрспэктываў сучаснага беларускага бізнэсу, бо ўсё новае – гэта добра забытае старое.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0