Прыцягнула ўвагу сёньняшняя шараговая нататка агенцыі БелаПАН. У сталічным кінатэатры "Перамога" ў зьвязку з нацыянальным сьвятам Турцыі пройдзе паказ гістарычных фільмаў, прысьвечаных Кэмалю Ататурку. Хай бы наладзілі кульпаход для нашых ідэолягаў!

Яны скрозь даводзяць, што заходняя мадэль беларусам не пасуе, бо, маўляў, іншая гісторыя, традыцыі, мэнталітэт.

Што ўжо тады казаць пра Турцыю?

Напачатку мінулага стагодзьдзя там хадзілі ў фэсках, прымушалі кабет насіць чадру ды пісалі арабскай вязьзю. Вэстэрнізаваў краіну, прычым фэнамэнальна шпаркімі тэмпамі, першы прэзыдэнт — Мустафа Кэмаль.

Народ клікаў яго Бацькам ("Ататурк" літаральна азначае "Бацька туркаў", гэтым псэўданімам харызматычнага лідэра нацыі афіцыйна ўганараваў парлямэнт).

Я быў у ягоным маўзалеі ў Анкары. Дарэчы, зірнеце на фота: вам гэтая архітэктура нічога не нагадвае?

Пры маўзалеі ёсьць і музэй. З экспанатаў чамусьці найбольш запомніўся драўляны трэнажор. Першы турэцкі прэзідэнт таксама аддаваў даніну спорту (хаця ўрэшце памёр ад гарэлкі). Але ўвайшоў у гісторыю ня гэтым.

За лічаныя гады Ататурк вырваў краіну з сярэднявечча, адсек ад рэакцыйнай спадчыны Асманскай імпэрыі. Ня варта ідэалізаваць Ататурка — ён быў аўтарытарным, як сказалі б зараз, кіраўніком. Але ўвесь час цьвердзіў, што — менавіта так і гучала! — павядзе турэцкі народ за цывізізаваным сьветам.

Разам з тым, ён шанаваў родную мову, называў яе багатай і гарманічнай, ачысьціў ад засільля арабскай ды пэрсыдзкай лексыкі.

Можна сказаць, што сваімі рэформамі гэты чалавек са складаным норавам і грэшнымі звычкамі пераўзышоў самога сябе.

Менавіта пры ім паўсталі тыя дзяржаўныя інстытуты, на глебе якіх разьвілася дэмакратыя эўрапейскага ўзору. І па сёньня ёсьць, натуральна, хібы, але, паверце, Беларусі да такога ўзроўню далёка.

Памятаю, на адным з праспэктаў Анкары супрацоўнік іхняга МЗС, які суправаджаў у вандроўцы, паказаў на шматпавярховы будынак, падобны да офісу буйной фірмы: "А вось гэта — штаб-кватэра адной з нашых апазыцыйных партыяў".

Зараз Эўропа спрачаецца, ці браць туркаў у свой зьвяз. Маўляў, ці асымілюем вялікую (пад 70 мільёнаў) мусульманскую краіну?

Пра шанцы Беларусі трапіць у ЭЗ ніхто ў Брусэлі нават не заікаецца. Мы для Эўропы пакуль што выглядаем большымі туркамі...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?