У найбольш масавай беларускай газэты зьмянілася кіраўніцтва. З пасады рэдактаркі выданьня «Комсомольская правда в Белоруссии» сышла Юлія Слуцкая. Яна працавала ў газэце звыш 10 гадоў. 1 лістапада спн.Юлія напісала заяву аб звальненьні "па асабістым жаданьні".

Варта адзначыць, што «Комсомольская правда в Белоруссии» ёсьць рэгіянальным выданьнем расейскай «Комсамолкі». Беларуская рэдакцыя ўдала спалучала на сваіх старонках як забаўляльныя, «жоўтыя» матэрыялы, сэнсацыі шоў-бізу і спорту, чым уласна славіцца расейская вэрсія газэты, так і сур’язнейшыя артыкулы беларускай тэматыкі.

Газэта цягам апошніх гадоў імкнулася захаваць уласную незалежную пазыцыю, што ёй удавалася. На старонках выданьня з прыемнай пэрыядычнасьцю зьяўляліся твары незалежных палітыкаў і інтэлектуалаў.

Праз сваю незалежную пазыцыю Рэдакцыі раз-пораз рабілі красамоўныя "намёкі". Так, гэтым летам газэта прайграла суд старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандру Шпілеўскаму. «Камсамолка» была вымушана сплаціць чыноўніку 60 мільёнаў рублёў за тое, што... газэта проста паблытала ягоны твар з тварам іншага чалавека і нягледзячы на прынесеныя ў наступным жа нумары прабачэньні. Пасьля новы пазоў, ужа на 100 мільёнаў, ад Рыгора Кісяля, кіраўніка АНТ. Увесну падчас прэзыдэнцкай кампаніі журналіст «Камсамолкі» Алег Улевіч быў жорстка зьбіты спэцгрупай МУС. Пасьля яго ўганаруюць прэміяй імя Зьмітра Завадзкага.

Незалежная пазыцыя беларускай рэдакцыі «Камсамолкі» не магла падабацца ў Маскве, бо «Комсомольская правда» – гэта газэта, блізкая да адміністрацыі Пуціна. Таму, паводле чутак, на Слуцкую беларускія "ідэолягі" душылі праз Маскву.

1 лістапада ў Менск дзеля кнчатковага вырашэньня сытуацыі прыехаў асабіста генэральны дырэктар і галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімер Сунгоркін. Ён падзякаваў Юліі Слуцкай за доўгую працу на карысьць выданьня і адзначыў, што яна ўжо "перарасла ўзровень газэты". Сунгоркін пацьвердзіў, што зьмена кіраўніцтва – гэта "двухбаковае рашэньне", як Слуцкай, так і Масквы. Таксама ў Менску сп.Сунгоркін меў сустрэчу з галоўным рэдактарам «Советской Белоруссии», адным з галоўных ідэолягаў беларускай адміністрацыі Паўлам Якубовічам.

А што ж Юлія Слуцкая? Яна, магчыма, уладкуецца на працу ў Беларускую асацыяцыю журналістаў і будзе займацца трэнінгамі ў галіне журналістыкі. Сама яна адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю з сыходам з «Камсамолкі» для прадстаўнікоў прэсы.

Выканаўцам абавязкў галоўнага рэдактара «Комсомольскай правды в Белоруссии» стала Алена Міронава. Яна дагэтуль была рэдактаркай рэклямнага бясплатнага выданьня «Ва-банкъ», якое таксама ўваходзіць у падразьдзяленьне выдавецкага прадпрыемства «БелКП-ПРЕСС» — выданьня "правільнага" ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

Калектыву «Камсамолкі» карпаратыўная этыка не дазваляе камэнтаваць звальненьне сваёй былой начальніцы.

Існуе меркаваньне, што са звальненьнем Юліі Слуцкай «Комсомольская правда в Белоруссии» стане поўнасьцю адлюстроўваць дзяржаўную пазыцыю. Гэта адзначае галоўны рэдактар «Народнай волі» Язэп Сярэдзіч. "Такім крокам улады канчаткова паставілі «Камсамолку» на калені", — кажа ён.

Ходзяць чуткі, што бліжэйшым часам рэдакцыю чакаюць вялікія зьмены. Сьледам за рэдактаркай з газэты могуць сысьці і некаторыя журналісты. У нармальных умовах рэдактарка ўзроўню Слуцкай без пытаньняў здолела стварыць новы сродак масавай інфармацыі. Будзем спадзявацца, што гэта ёй удасца і ў беларускай сытуацыі абмежаванай свабоды СМІ.

Зьміцер Панкавец

* * *

Погляд зьнізу

Адгукнуліся на падзею і беларускія інтэрнаўты ў форумах і блоґах.

«Вядома, што ўлада паставіла ўмову: альбо Слуцкая звальняецца, альбо газэты ня стане. Гаспадары выбралі першае», – піша на форуме парталу Tut.by карыстальнік Иеху.

Ранейшай «Камсамолкі» больш ня будзе, дзеліцца ніжэй сваімі пэсымістычнымі прагнозамі asd0: «Зьявіцца чарговы вабанк з праграмай перадач».

Красамоўную спасылку на фрагмэнт «газэтнага кантэнту» «Ва-банку» падае ў сваім блоґу czyk: В государственной символике Беларуси отсутствует отрицательная смысловая нагрузка. Красный и зеленый цвета Государственного Флага нашей страны имеют христианское значение, а в национальном орнаменте зашифрован ментальный и генетический код белорусского народа.

«Ня трэба блытаць нашу Камсамолку з маскоўскай, – заклікае на форуме Tut.by lmd. — У нашай Камсе працуюць нармальныя разважныя людзі, якія імкнуцца аб’ектыўна асьвятляць падзеі, што адбываюцца. І галоўнае, што гэта ім у некаторай ступені ўдаецца – а калі і не ўдаецца, то зусім не па іхняй віне. У іх ёсьць начальства тут, у іх ёсьць начальства ў Маскве, і плюс да ўсяго ёсьць нябачная ўсёмагутная вэртыкаль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0