Літаратура66

Жыццё і ліра Уладзіміра Дудзіцкага

Пра гэтага чалавека можна стварыць прыгодніцкі раман. Піша Анатоль Сідарэвіч.

Да пэўнага часу Уладзіміра Дудзіцкага не лічылі сапраўдным паэтам нават у эмігранцкім асяроддзі. Ат, піша нешта чалавек, час ад часу друкуецца ў перыёдыках, але на кніжку так і не выб’ецца… А за сваё жыццё Уладзімір Дудзіцкі склаў некалькі зборнікаў вершаў.

Першы з іх, «Песні і думы», у лютым 1933-га апынуўся ў нетрах ГПУ і там, мусіць, быў спалены.

Другі, «Напярэймы жаданням», складзены на пачатку 1940-х, раскідала ваенная віхура. У 1948 годзе ў лісце да Юркі Віцьбіча паэт паведамляў, што падрыхтаваў да друку зборнікі «Хвалі» і «Да блізкіх і далёкіх», а ў 1953 пісаў пра зборнік «Журботныя струны». І ў вайну, і па вайне склаў Уладзімір Дудзіцкі таксама два зборнікі апавяданняў. І яны не выйшлі ў свет.

Наагул, жыццё Уладзіміра Дудзіцкага само па сабе надаецца на раман. Сын сялянкі, вядомае ў пухавіцкіх ваколіцах пявунні, якую ў вайну забілі савецкія партызаны, зямляк народнага сакратара БНР Тодара Вернікоўскага, вязень мінскай «амерыканкі» і сталінскіх лагероў, брат вязняў і выгнанцаў, арганізатар беларускага школьніцтва і культурніцкай працы ў Менску падчас акупацыі, адзін час супрацоўнік генерала Андрэя Уласава,

паспяховы жыхар Венесуэлы ў паваенны час, дырэктар беларускай службы радыёстанцыі «Вызваленне» (пазней радыё «Свабода»), выкладчык Блумінгтонскага універсітэта (штат Індыяна, ЗША), элегантны мужчына, лавелас, мнагажэнец, піток («мог выпіць цэбар гарэлкі», і не заўсёды тое можна было заўважыць), ён аднаго разу бясследна знік.

Адны казалі, што настальгія пагнала яго ў СССР, а Яніна Каханоўская, пляменніца Антона Луцкевіча і Данчыкава бабка, лічыла, што паэт з’ехаў у Аргенціну, дзе было шмат прасавецкіх эмігрантаў, там напіўся і, нецвярозы, быў вывезены ў СССР. З іншага боку, Лявон Юрэвіч, даследчык жыцця і творчасці Уладзіміра Дудзіцкага, уважае, што той кінуў жонку і дзяцей «дзеля мо чарговага кахання і чарговай краіны».

Каб напісаць раман пра гэтага цікавага і таленавітага чалавека, патрабуецца таленавіты празаік. А што Уладзімір Дудзіцкі быў таленавіты чалавек і пісьменнік — такое адкрыццё ягоныя супрацоўнікі зрабілі ў 1994 годзе, калі Беларускі інстытут навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку выдаў укладзены Лявонам Юрэвічам том ягонай творчай спадчыны «Напярэймы жаданням». Уладзімір Дудзіцкі які «быў згублены і як чалавек, і як паэт» (доктар Вітаўт Кіпель) нарадзіўся як пісьменнік. «Як з паасобных цаглінак складаецца дом, так з паасобных вершаў, забытых публікацыяў вырас Паэт» (доктар Янка Запруднік).

Калі да каго і стасуецца вядомае «напісанае застаецца» і «рукапісы не гараць», дык у немалой ступені да Уладзіміра Дудзіцкага. Лявон Юрэвіч, выдаўшы ягоны пасмяротны том, не спыніў пошукаў і ўжо ў 1997 годзе у «Архіўнай кнізе» (Нью-Ёрк, 1997) змясціў шэраг паэтычных і празаічных твораў пісьменніка.

У 1990-я імя Уладзіміра Дудзіцкага вярнулася і на Бацькаўшчыну. У анталогіі эмігранцкай паэзіі «Туга па Радзіме» (1992) і зборніку «А часу больш, чым вечнасць: Літаратура беларускага замежжа» (1995) Барыс Сачанка апублікаваў 26 ягоных вершаў і ўрывак з паэмы «Маіх уяў ружовых ранкі». Вершы паэта Міхась Скобла змясціў у анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла» (2003). Усяго разам у гэтых выданнях надрукавана 28 вершатвораў. Празаічныя творы Уладзіміра Дудзіцкага былі надрукаваныя ў зборніку эміграцыйнай гістарычнай прозы «Эквівалент» і ў кнізе беларускіх мемуараў на эміграцыі, якія выйшлі ў 2005 годзе ў «Бібліятэцы Бацькаўшчыны».

Цяпер можна канстатаваць, што доўг чалавеку, які любіў і песціў у сваім сэрцы Беларусь, сплочаны.

На гэтым тыдні ў серыі «Галасы Айчыны», якую сёлета распачало выдавецтва «Лімарыус», выйшла кніга Уладзіміра Дудзіцкага «Творы».

Вядома, можна было б панаракаць на складальніка гэтага зборніка Лявона Юрэвіча і на выдаўцоў за тое, што па-за кнігаю засталіся лісты пісьменніка, але перш за ўсё трэба адзначыць, што ў ёй творчая спадчына пісьменніка прадстаўлена найбольш поўна. Калі ў бінімаўскім зборніку «Напярэймы жаданням» змешчана 175 паэтычных твораў, дык «Творах» мы можам прачытаць ужо 206 вершатвораў Уладзіміра Дудзіцкага. Істотнае папаўненне.

На пяць твораў павялічыўся раздзел празаічных твораў. Таксама істотнае папаўненне, бо ў бінімаўскім выданні іх было толькі пяць. Што ж тычыцца паэтычных перакладаў, дык іх па-ранейшаму засталося шэсць.

Пішучы пра новую кнігу, у якой маюцца таксама аўтабіяграфічны нарыс Уладзіміра Дудзіцкага і бібліяграфічны каментар да ягоных твораў, нельга не адзначыць, што Лявон Юрэвіч напісаў таксама і прадмову да яе.

Не памятаю, калі я, чытаючы прадмову да нейкае кнігі, смяяўся б.

Чытаючы ж гэты тэкст Лявона Юрэвіча, я не мог устрымацца ад смеху. Аўтар, па-мойму, здолеў паказаць і зацікавіць чытача неардынарнай асобай — амурнікам, пітком, у нейкай меры авантурнікам і разам з тым таленавітым чалавекам і пісьменнікам.

***

Дудзіцкі У. Творы. / Укладанне, прадмова і бібліяграфічны каментарый Л. Юрэвіча. — Мінск: Лімарыус, 2010.

Каментары6

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў10

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскія ўлады пракаментавалі чуткі пра адмену станцыі метро «Прафсаюзная»6

Intercars таксама адмяніла рэйс у Літву

«Пояс крэпасцяў» на Данбасе: чаму ён важны для Украіны1

Што адбываецца з квіткамі на аўтобусы з Мінска ў Вільню пасля масавай адмены рэйсаў? Гэта нешта ненармальнае19

Пастаўкі нафты па нафтаправодзе «Дружба» ў Еўропу зноў спыніліся3

Кім Чэн Ын узнагародзіў вайскоўцаў, што ваявалі з Украінай8

Хлопец паскардзіўся, што праз калапс на мяжы не можа выехаць з Варшавы ў Мінск. Беларусы падзяліліся лайфхакамі9

Беларусы ў сацсетках абураюцца, што дэкрэтніцам нібыта плацяць больш, чым тым, хто ходзіць на працу30

Бум на бікіні-стрынгі. Гэта бодзіпазітыў ці нешта іншае?28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў10

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць