2 лістапада ў Гарадзенскай рэгіянальнай мытні ў аддзеле дазнаньняў адбыўся допыт Анжалікі Борыс. Дазнавальніка аддзелу мытных дасьледаваньняў Сяргея Саўко цікавіла, чые наркотыкі былі знойдзеныя ў аўтамабілі, якім ехала Анжаліка Борыс – паведаміў актывіст СПБ Анджэй Пачобут.

А. Пачобут: Нашая старшыня сказала, што наркотыкі былі падкінутыя працаўнікамі спэцслужбаў дзеля дыскрэдытацыі яе, як лідэра СПБ, і зьнішчэньня нашай арганізацыі. Яна распавяла, што была ў службовай камандзіроўцы ў Вільні, дзе прымала ўдзел у паседжаньні Рады эўрапейскай супольнасьці польскага асяродзьдзя. Гэта палітычная правакацыя, і яна будзе разьвівацца так, як захочуць тыя асобы, якія гэтыя наркотыкі падкінулі, як захоча КДБ. Як нам вядома, неўзабаве ўся справа будзе перададзена ў КДБ.

Падчас допыту пад будынкам мытні знаходзілася каля 40 дзеячоў СПБ, якія сустрэлі Анжаліку Борыс апладысмэнтамі.

Сёньня таксама дапыталі кіроўцу аўтамабіля Анджэя Лісоўскага, які забавязаўся яўляцца на допыт пры кожным патрабаваньні сьледчых.

Былы першы сакратар Амбасады РП у Менску Марэк Буцька лічыць, што Польшча павінна станоўча й вельмі балюча зарэагаваць на правакацыю супраць Анжалікі Борыс. Марэк Буцька перакананы, што ад рэакцыі польскага боку залежыць, ці беларускае КДБ будзе працягваць рэпрэсіі беларускай апазыцыі.

Марэк Буцька лічыць, што Польшча павінна забараніць уезд на тэрыторыю Польшчы асобам, заангажаваным у сьледзтва Анжалікі Борыс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?