На вуліцах сталіцы пакуль вобмаль агітацыйных улётак. Каляровыя толькі ў Раманчука.
На вуліцах сталіцы пакуль вобмаль агітацыйных улётак. Каляровыя толькі ў Раманчука.
З моманту дазволу на агітацыю за кандыдатаў у прэзідэнты мінуў тыдзень. Але на агітацыйных cтэндах, размешчаных на вуліцах сталіцы, пакуль пуставата. У цэнтры горада можна пабачыць агітацыйныя матэрыялы толькі чатырох кандыдатаў: Алеся Міхалевіча, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага і Андрэя Саннікава.
Вонкава найбольш прывабнымі выглядае улётка Раманчука: яна адзіная пакуль каляровая, імя і прозвішча кандыдата, а таксама ягоны перадвыбарчы лозунг бачныя здаля, тэкст улёткі лаканічны і чытэльны.
Улётка Рымашэўскага на сёння ўжо састарэла, бо заклікае да прагляду ягонага выступлення на тэлебачанні 22 лістапада. Тым не менш, прозвішча кандыдата добра бачнае, а подпіс «Ён скажа тое, пра што ўсе маўчаць» інтрыгуе.
Улётка Саннікава выглядае слабавата. Дзве трэція плошчы займае тэкст, набраны дробным шрыфтам. Рэшта — фота кандыдата. Яно не партрэтнае, чорна-белае і цьмянае.
Акрамя таго, на агітацыйных стэндах з’явіліся і ўлёткі без фотаздымка, з лаканічным зместам. На іх напісана «Михалевич или Лукашенко» (у канцы сказа няма пытальніка), літара «м» у прозвішчы Міхалевіча вылучаная чырвоным колерам. Як апынулася, кандыдат у прэзідэнты пра існаванне такой улёткі ўпершыню даведаўся ад «НН». Ён не ўпэўнены, што гэта плён працы яго штаба.
Выглядае, што іншыя кандыдаты ў прэзідэнты пакуль не зацікавіліся магчымасцю дадатковай агітацыі. У тым ліку і каманда Аляксандра Лукашэнкі, якая на дробязі не разменьваецца, пра што ўскосна сведчыць з’яўленне прапагандысцкіх плакатаў у сталіцы на мінулым тыдні.
Каментары