Лукашэнка збег у Венесуэлу. Мільёны людзей лікуюць на вуліцах: «Жыве Беларусь!» Такі прагноз на 20 снежня зрабіў Андрэй Саннікаў, кандыдат у прэзідэнты ад кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у сваім тэлевыступе 24 лістапада.
Выступаў па-расейску. Прамова была добра падрыхтаваная. Чытаў Саннікаў яе ўпэўнена.

У самым пачатку ён звінаваціў Ярмошыну ў пакрыцці фальсіфікацый.

Расказаў, што сышоў з урада, калі адбыўся пераварот, калі «Лукашэнка незаконна захапіў уладу», параўнаў Лукашэнка з «дробнымі фюрэрамі», шмат разоў называў яго дыктатарам.

Звінаваціў кіраўнічы рэжым у забойстве лідэраў апазіцыі, у тым ліку і Карпенкі.

Падкрэсліў, што ён прафесійны дыпламат. І выглядаў ён як дыпламат. Анархічная барада была акуратна падстрыжаная. Для першага выступу ён абраў сіні гальштук.

Тэкст пераважна чытаў з паперкі.

Ён зганіў сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне: «Беларусь стала вялікай пацёмкінскай вёскай». Раскрытыкаваў Дажынкі як паказуху для дыктатара. «На гэтыя грошы можна было б вылечыць тысячы хворых дзяцей»

Параўнаў гісторыю Беларусі з гісторыяй іншых цэнтральнаеўрапейскіх краінаў.

«Лукашэнка называе нас апазіцыяй, але апазіцыяй народу даўно сталі Лукашэнка і насельнікі Драздоў». Ён высока ацаніў Машэрава і сказаў, што такога кіраўніка як Лукашэнка ў Беларусі яшчэ не было.

«Трэба ўзяць палку і выгнаць свінню са свайго гарода», — працытаваў ён свайго цесця.

Расказаў пра пагрозы забойства, ператрус у сябе ўдома, пра смерць Бябеніна.

Нельга хадзіць на датэрміновае галасаванне, — заклікаў Саннікаў.

Паабяцаў:

пераход да дэмакратычнага ладу і падзелу ўлад,

 адмену кантрактнай сістэмы,

 адраджэнне прафсаюзаў,

 прыняць ідэалогію з адукацыйных праграм,

 паляпшэнне якасці адукацыі і дашкольнага выхавання,

 адмену ўказа № 660,

 рэформу сельскай гаспадаркі — але не канкрэтызаваў, якую,

 рух у Еўропу пры захаванні стратэгічнага партнёрства з Расіяй.

Саннікаў раскрытыкаваў праект паставак нафты з Венесуэлы, параўнаў яго з праектам павароту паўночных рэк.
«Заможнасць і ўласнасць» павінны стаць прадметам гонару, сказаў ён. І паабяцаў у наступным выступе прэзентаваць эканамічную праграму, падрыхтаваную эканамістам Злотнікавым.

Ён заклікаў «ратаваць краіну». Сказаў, што 19 снежня на Плошчы збяруцца найлепшыя мужчыны і самыя прыгожыя жанчыны краіны.

Выступ быў такім жа папулісцкім, як і выступы Рымашэўскага й Статкевіча. Але яму бракавала яркіх момантаў і эмацыйнасці гэтых палітыкаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?