Былы ўчастковы інспектар Рагачоўскага РАУС, які абвінавачваецца ў забойстве 22-гадовай дзяўчыны, на судзе часткова прызнаў сваю віну.

24 лістапада Гомельскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Рагачове пачаў разгляд крымінальнай справы паводле абвінавачання былога міліцыянера ў забойстве жыхаркі вёскі Журавічы.

Яму выстаўлена абвінавачанне на падставе п. 13 ч. 2 арт. 139 КК (забойства з хуліганскіх меркаванняў). Першапачаткова гаворка ішла пра замах на забойства (ч. 1 арт. 14 і арт. 139 КК), бо на момант распачынання крымінальнай справы дзяўчына была жывая. Паводле інфармацыі абласной пракуратуры, матываў забіваць дзяўчыну ў абвінавачанага не было, таму забойства кваліфікавана як "з хуліганскіх меркаванняў".

Дзяржаўны абвінаваўца заявіў на судзе, што міліцыянер учыніў забойства. Абвінавачаны прызнаў, што "дапусціў парушэнне правілаў нашэння, захоўвання і выкарыстання зброі, што ў выніку пацягнула смерць чалавека". Ён дадаў, што ў яго не было намеру забіваць дзяўчыну. Былы міліцыянер растлумачыў, што ў вечар трагедыі ён з калегамі быў п'яны.

Калі ён з кампаніяй сядзеў у машыне і шукаў табельную зброю, пацярпелая выказала меркаванне, што ў яго не сапраўдны пісталет.
І нібыта каб пераканаць яе ў зваротным, ён паспрабаваў перадаць пісталет дзяўчыне.
Пры гэтым яна нізка нахіліла галаву да зброі, і раптам адбыўся стрэл.
Якім чынам гэта здарылася, міліцыянер растлумачыць не змог.

Бацькі забітай, якія выступаюць на судзе пацярпелымі, падалі іскавую заяву на пакрыццё расходаў на пахаванне дачкі, юрыдычныя паслугі і матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды ў 150 млн. рублёў.

Трагедыя здарылася 6 ліпеня 2010 года. У 23.00 участковы міліцыянер Рагачоўскага РАУС параніў з табельнага пісталета ў службовай машыне 22-гадовую жыхарку вёскі Журавічы. Яна атрымала сляпое агнястрэльнае раненне галавы. Праз 10 дзён дзяўчына памерла ў аддзяленні рэанімацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?