Мікалай Статкевіч — адзіны з кандыдатаў у прэзідэнты прызнаў, што апаненты Лукашэнкі на гэтых выбарах граюць ролю статыстаў. У інтэрв’ю «Салідарнасці», не хаваючы эмоцый, палітык расказаў, з якой прычыны дэмакраты не аб’ядналіся і зрабіліся часткай «спектакля», чаму ўсе надзеі на другі тур — «лухта несусветная», і што ён будзе рабіць на плошчы 19 снежня.

— Мікалай Віктаравіч, Вы заявілі, што «альтэрнатыўным кандыдатам наканаваная роля расійскіх клоўнаў у гэтым фарсе». Не маглі б Вы больш дэталёва расшыфраваць сваю заяву?

— Для шырокага кола выбаршчыкаў я сказаў, што альтэрнатыўныя кандыдаты граюць ролю статыстаў.

Слова «клоўны» я ужыў б адносна да нібыта парламенту і нібыта Цэнтральнай выбарчай камісіі. Усе іх імправізацыі на паседжаннях, «плюралізм» — загадзя спланаваныя, кожны атрымаў лісточкі з тэкстам.

— Але чаму, на Ваш погляд, кандыдаты ў прэзідэнты выявіліся статыстамі?

— Таму што ў нас галасы не лічаць. У нас нават не фальсіфікацыя выбараў. Гэта дзесьці ў Афрыцы бывае, што 10% сфальсіфікуюць — і ўжо ўся краіна на мяжы грамадзянскай вайны, усе патрабуюць сумленных выбараў. А ў нас імітацыя выбараў, а калі ўжо фальсіфікацыя, то не бюлетэняў, а пратаколаў. Таму ўсе надзеі на другі тур — лухта несусветная.

Яны самі сабе намалююць колькі захочуць. А казаць людзям: я, кандыдат у прэзідэнты, галасуйце за мяне, я вам дам тое і тое — значыць прыняць адведзеную ролю статыста ў спектаклі. Гэта несумленна.

Паўтаруся (я ўжо казаў аб гэтым выбаршчыкам): я ў гэтым балаганчыку падыгрываць і ствараць фон для чарговай «элегантнай» перамогі не збіраюся. Я не вяду агітацыю для рэйтынгу, адсоткаў на галасаванні. Шчыра кажучы, я нават праграму не прапаную.

Мая мэта — скарыстацца падтрымкай 118 тысяч выбаршчыкаў, якія паставілі подпісы за маё вылучэнне, і звярнуцца да мільёнаў. Расказаць простай нармальнай мовай, што адбываецца ў краіне, што адбываецца з выбарамі, як гэта адбіваецца на іх кашальку і страўніку, на іх будучыні, і прапанаваць людзям альтэрнатыву.

— Вернемся да папярэдняга пытання. Ці паўплывала на тое, што кандыдаты выявіліся «статыстамі», іх рэкордная колькасць: акрамя Лукашэнкі цэлых 9 чалавек?

— Статыстам можа быць і адзіны кандыдат ад дэмсілаў. Калі ён не гатовы змагацца і ісці да канца.

Вядома, лепш, каб быў адзін кандыдат. Трэба было яго абраць. Працэдуру і крытэры выбару многія з цяперашніх кандыдатаў нават падпісалі.

Але як толькі мы падышлі да выбару адзінага, усе пачалі разбягацца.

— Чаму? Няўжо незразумела, што альтэрнатыўныя кандыдаты цяпер раздзіраюць пратэставы электарат?!

— Гэта пытанне не да мяне. Задавайце гэтае пытанне Саннікаву, які адмовіўся сядзець нават за адным сталом. Задавайце гэтае пытанне Кастусёву. Задавайце гэтае пытанне іншым, якія нават ад размовы на гэты конт ухіляліся. Бо даходзіць да таго, што мы не можам нават сабрацца разам!

Было толькі тры выпадкі, калі кандыдаты сядзелі за адным сталом — падчас візітаў высокапастаўленых замежных чыноўнікаў: міністраў замежных справаў Польшчы і Германіі, кіраўніка ведамства канцлера Германіі і чыноўніка з Дзярждэпартамента ЗША.

Я апошні раз ужо не вытрымаў і не да госця звяртаўся, а да кандыдатаў: хлопцы, давайце яшчэ раз збярэмся! Сядзяць, вочы апусцілі, як быццам гэта іх не датычыць.

— Але ж у 2001, і 2006 дэмакраты змаглі аб’яднацца. Што змянілася за апошнія гады?

— Раней быў моцны ўплыў вокавых сілаў. Дэмакратычныя сілы атрымлівалі больш падтрымкі ад сваіх партнёраў: і па партыйнай лініі, і па лініі грамадзянскай супольнасці. Існуе ідэалагічная салідарнасць: сацыял-дэмакраты дапамагаюць сацыял-дэмакратам, лібералы — лібералам і г.д.

А цяпер усім далі шанец: без ціску выберыце нарэшце вартага кандыдата! І выявілася, што без вонкавага ўплыву прыняць адказнасць большасць не гатовая.

— Але вонкавы ўплыў на кандыдатаў ёсць, мабыць, і на гэтых выбарах. Толькі ён не заходні, а расійскі.

— Я не думаю, што ёсць нейкая цэнтралізаваная воля з Расіі. Расія — вялікая краіна, ва ўладзе знаходзяцца розныя групоўкі і кланы. У буйнога энергетычнага бізнесу адна гульня, у сілавікоў — другая, у чыноўнікаў — трэцяя і г.д.

— Таму нават «прарасійскія» кандыдаты аб’яднацца не могуць?

— Аб’яднацца не могуць, таму што няма адказнасці.

— Вы сказалі, што ўдзельнічаеце ў гэтай кампаніі толькі каб дамагчыся сумленных выбараў. А для чаго, на ваш погляд, удзельнічаюць іншыя кандыдаты?

— Па-мойму, там слізгаюць дробныя, дурныя і смешныя інтарэсы. Што вось цяпер я хітры, раскручаны, а ўжо на наступных выбарах… Родныя мае! Наступныя прэзідэнцкія выбары яшчэ невядома ў якой краіне будуць праходзіць і як.

Механізму сыходу цяперашняй улады на працягу найбліжэйшых пяці гадоў у краіне пакуль няма.

Некаторыя заяўляюць: паўтара-два гады, і ўлада сыдзе. Сыдзе як? Ёй стане сорамна, яна заплача, што грошай у краіне няма і народ зноў перайшоў на бульбу? Вы верыце ў гэта?!

Але нават калі ўлада сыдзе, то што, яна не забяспечыць сабе пераемнасць? Калі на выбары, умоўна кажучы, пойдуць Сямашка, Сідорскі, Пяткевіч, Макей з мільёнамі грошай і рэсурсамі, дзе будзеце вы, людзі, якія прапрацавалі паўгода настаўнікамі і якія знайшлі дзесьці 50–100 тысяч баксаў?

Калі мы цяпер не зменім правілы гульні, калі не будзе нармальных выбараў, ніякага другога тайма не будзе.

Калі хто-небудзь думае «Я цяпер сябе пашкадую, а потым як дам»,-то дасце вы… палітычнага дуба.

— Мікалай Віктаравіч, Вы кажаце, што гэтыя выбары — спектакль. Але Вы ж ведаеце, што апаненты могуць вам адказаць: а чаму вы ўдзельнічаеце ў гэтай кампаніі? Няўжо пасля адкрытай заявы Ярмошынай: «Мы будзем рэгістраваць усіх, паверце. За вушы будзем цягнуць!» Статкевіч думае, што яго ініцыятыўная група сапраўды здолела сабраць 100 тысяч подпісаў? Няўжо ён сумняецца ў тым, што ЦВК спецыяльна зрабіў з яго яшчэ аднаго кандыдата?

— Давайце не будзем слухаць інсінуацыі ад людзей, якія не хацелі адзінага кандыдата, а лічылі, што толькі яны будуць зарэгістраваныя ад апазіцыі. Па-першае, нават іх актывісты ў рэгіёнах збіралі подпісы за ўсіх. Выбаршчыкі таксама хадзілі і шукалі: за каго я яшчэ не падпісаўся?

Мая рэгістрацыя — ужо юрыдычны факт. Усё, праехалі. І яшчэ раз паўтару: граць ролю ў спектаклі, рабіць выгляд, што ёсць выбары, я не буду. Калі б я граў ролю ў спектаклі, я б тросся над сваім пасведчаннем аб рэгістрацыі і не хадзіў бы пасля папярэджання на сустрэчу з выбаршчыкамі 24 лістапада.

— Удакладняю пытанне: здымацца вы не збіраецеся ў любым выпадку?

— Адмовіцца ад такога падарунку, калі я магу пагаварыць з краінай хоць бы два разы па паўгадзіны?! За каго вы мяне прымаеце? Акрамя таго, я спадзяюся апынуцца на плошчы, а не быць арыштаваным за тое, што я нібыта мачыўся ў кут і лаяўся матам. Прабачце, але мяне ў 2001 і 2006 «зачынялі» перад выбарамі, а цяпер у мяне ёсць шанец дайсці да людзей.

— А калі перад галасаваннем усе здымуцца?

— Па-першае, усе не здымуцца. Па-другое, па законе гэта нічога не мяняе: будзе Лукашэнка і два пытанні — за ці не.

Акрамя таго, калі хто-небудзь думае зрабіць асабісты грамадзянскі байкот, падумайце: калі пасля галасавання вы праверыце спісы выбаршчыкаў, то знойдзеце насупраць свайго прозвішча подпіс — прагаласуюць за вас. Стварыце ім хоць бы цяжкасці — што ж вы ім падарунак такі робіце?! Байкот магчымы там, дзе выбары. Там, дзе выбараў няма, дзе толькі іх імітацыя, байкоту быць не можа.

— Што далей у Вашых планах? Канчатковая мэта — плошча?

— Канчатковая мэта — сумленныя выбары. Напэўна, самы моцны тут інструмент — плошча.

Калі мы тут, у гэтай краіне, не вырвем у гэтай улады свабодныя выбары, нам гэтага ніхто не падорыць.

Трэба падрыхтаваць грамадства да таго, што давядзецца выходзіць на вуліцу, пратэставаць і патрабаваць нармальных выбараў. Дастаткова выставіць тры маленькіх патрабаванні: уключыць у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў усіх кандыдатаў, скасаваць датэрміновае галасаванне і ўвесці публічны падлік бюлетэняў.

19 снежня людзі павінныя выйсці на вуліцу і прымусіць уладу прызначыць новыя выбары, прызначыць пераходны ўрад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?