27 студзеня рэдакцыю незалежнай газэты «Народная Воля» наведалі супрацоўнікі АБЭЗ. «Праверка касавай дысцыпліны» не абмежавалася даглядам касавага апарату: не праведзеную празь яго наяўнасьць шукалі нават у кішэнях журналістаў. А 30 студзеня ў падатковая інспэкцыя распачала ў «Народнай Волі» чарговую комплексую праверку. Пасьля адмовы «Белсаюздруку» і «Белпошты», а таксама ўсіх беларускіх друкарань ад супрацоўніцтва з «НВ», газэта друкуецца ў Смаленску і трапляе да чытачоў праз уласную сыстэму распаўсюду.

Крук разьбіў кампутар

У Астраўцы 26 студзеня міліцыянты зладзілі ператрус у кватэры зьбіральніка подпісаў, актывіста АГП Івана Крука: яго сына зьвінавацілі ў крадзяжы грошай. Падчас ператрусу канфіскавалі 15 бюлетэняў Кангрэсу дэмсілаў, пры спробе забраць кампутар гаспадар разьбіў яго. І.Крука пасьля ператрусу зьвінавацілі ў супраціве міліцыянтам: маўляў, ён сарваў дваім пагоны.

Актывісты Мілінкевіча

У Берасьці 26 студзеня міліцыянты спрабавалі ўвайсьці ў гарадзкі штаб Мілінкевіча, дзе вялася праверка подпісаў. Пусьцілі аднаго міліцыянта, які перапісаў пашпартныя зьвесткі ўсіх прысутных.

27 студзеня ў Смургонях Ларысу Кутузаву, жонку сябра ініцыятыўнай групы Юр’я Кутузава, начальнік угаворваў паўплываць на мужа, каб той забраў сабраныя подпісы.

Пацярпелі за Пазьняка

Сяргея Папкова, намесьніка старшыні КХП-БНФ затрымлівалі 24 і 25 студзеня ў Менску за распаўсюд інфармацыі пра Народнае галасаваньне. 25 студзеня былі затрыманыя таксама Ўладзімер Юхо, Анатоль Талкачоў.

У Жодзіне 24 студзеня міліцыянты-аўтаматчыкі затрымалі каля прахадной БелАЗу Анатоля Рабкаўца й Іраіду Місько.

...за Казуліна

25 студзеня ініцыятыўная група А.Казуліна паведаміла пра парушэньні ў Аршанскім раёне. Дырэктар ААТ «Цяплічны камбінат» Каваленка забраў падпісныя лісты з 27 подпісамі ў К.Магерава. Настаўніку Смалянскай СШ В.Мяжэвічу пагражалі звальненьнем і змусілі зьнішчыць лісты з 23 подпісамі. У адміністрацыі Фрунзэнскага раёну Менску ў А.Андросава забралі падпісныя лісты, не зважаючы на пасьведчаньне сябра ініцыятыўнай групы й пашпарт.

Суд бяз права

Калегія Гомельскага аблсуду 24 студзеня адхіліла касацыйную скаргу Ўладзімера Няпомняшчых: ён апратэстоўваў адмову суду Чыгуначнага раёну Гомелю разглядаць пазоў да «Белпошты». Няпомняшчых абскарджваў адсутнасьць газэты «Народная Воля» ў падпісным каталёгу й патрабаваў 100 млн руб. за маральныя страты.

Дыскрэдытацыя Беларусі

27 студзеня на ўкраінскай мяжы ў здымачнай групы тэлеканалу «Інтэр» беларускія памежнікі забралі відэаматэрыялы, падазраючы ў іх наяўнасьць сьведчаньняў «антыдзяржаўнага характару». Касэты накіраваныя ў КДБ на экспэртызу.

Лукашэнка непадсудны

Актывіст АГП Сяргей Альфер 24 студзеня атрымаў адказ зь Вярхоўнага суду: суд адмовіўся пачынаць справу па неправамоцнасьці вылучэньня Лукашэнкі ў прэзыдэнты, бо «заяўнік ня мае права на зварот у гэтую інстанцыю».

Закрыцьцё НДА

Вярхоўны суд 24 студзеня прыпыніў на тры месяцы дзейнасьць ГА «Беларускія фабрыкі думкі»: юрадрас арганізацыі зарэгістраваны ў жылым фондзе.

У Сьветлагорску 27 студзеня ўлады адмовіліся даваць памяшканьне раённай філіі ТБМ, якая дзейнічала з 1990 г.

28 студзеня ў ВС распачаўся судовы працэс па ліквідацыі Беларускага саюзу моладзевых і дзіцячых грамадзкіх аб’яднаньняў «Рада».

Леванеўскі

Валер’я Леванеўскага 26 студзеня пасадзілі ў штрафны ізалятар Івацэвіцкай калёніі на 15 сутак і забаранілі спатканьне з сваякамі — Леванеўскі спрабаваў перадаць скаргу на волю, мінуючы адміністрацыю. Сын Леванеўскага Ўладзімер паведаміў 30 студзеня, што каля 30 зьняволеных трымаюць галадоўку ў карцары. Кіраўніцтва ізалятару аспрэчвае гэтыя словы.

На палякаў не забываюцца

Рэдактара часопісу «Magazyn Polski na uchodzstwie» Андрэя Пачобута 26 студзеня выклікалі ў пракуратуру для тлумачэньняў па аўтарстве матэрыялаў выданьня. Пачобут ад тлумачэньняў адмовіўся.

Другое папярэджаньне Партыі БНФ

Партыя БНФ 26 студзеня атрымала паўторнае папярэджаньне ад Мін’юсту за невыкананьне пункту Закону аб палітычных партыях — наяўнасьць зарэгістраваных суполак у большасьці абласьцей. Гарадзенская, Гомельская і Магілеўская суполкі партыі зьняты з ўліку ў мясцовых упраўленьнях Мін’юсту. Другое папярэджаньне можа пацягнуць за сабой закрыцьцё партыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0