Эўропа даціскае Турцыю. Ейны прэм'ер заявіў пра гатовасьць скарэктаваць артыкул 301 Крымінальнага кодэксу, які лічыцца "палітычным". У нас жа канвэер палітычных рэпрэсіяў не спыняецца. Прысуд Зьмітру Дашкевічу — апошні (баюся, што толькі храналягічна апошні на сёньня) прыклад.

Зірнеце на мапу: у туркаў у Старым Сьвеце — толькі каліва зямлі, лічаныя адсоткі тэрыторыі. Беларусь — у цэнтры Эўропы, чым любяць казыраць нават тыя, хто з эўрапейскімі каштоўнасьцямі на нажах.

Але вось што значыць стымул! Турэцкі ўрад са скуры вылузваецца, каб дамагчыся для краіны сяброўства ў Эўразьвязе. І таму гатовы наступаць на горла ўласнай песьні.

Апошнім часам тамтэйшыя ўлады і так стараліся не махаць сякерай артыкулу 301 (аналяг беларускага 369-1 — "за дыскрэдытацыю").

Гэтая сякера была занесеная, у прыватнасьці, над пісьменнікам Арханам Памукам. Тым самым, што ўганараваны нядаўна Нобэлеўскай прэміяй. Манячыся ўлагодзіць стасункі з Брусэлем, Анкара ціха закрыла справу яшчэ ў студзені. А ў верасьні турэцкі суд апраўдаў пісьменьніцу Эліф Шафак, якой пагражала да трох гадоў турмы за "абразу нацыі".

Нагадаю, у нас пакет палітычна матываваных паправак у крымінальнае заканадаўства (які адразу ж атрымаў неафіцыйную назву "паправак Сухарэнкі") быў у пажарным парадку прыняты летась прыканцы году. Акурат пад выбары.

Паводле артыкулу аб дыскрэдытацыі ўжо атрымалі папярэджаньні журналістка Ірына Халіп, сацыёляг Алег Манаеў (двойчы!), экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч.

Але гэта яшчэ кветачкі. Іншая навэля, якая прадугледжвае турму за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, ужо, як ведаеце, "працуе" напоўніцу. Яе ахвярамі сталі сябры "Партнэрства", цяпер вось — Зьміцер Дашкевіч.

Апошні суд імкліва прайшоў акурат у тыя дні, калі ў айчыннай палітычнай ды экспэртнай супольнасьці пайшла гуляць пагалоска пра гатовасьць афіцыйнага Менску наводзіць нейкія масты з Захадам. Прысудам улады самі разьвейваюць гэтыя ілюзіі.

Зь іншага боку, палітоляг Валер Карбалевіч сфармуляваў цікавую выснову: палітычныя рэпрэсіі ў нас ладзяцца неяк сарамліва (памятаеце Альхэна з "Дванаццаці крэслаў"?). Пра суды над апанэнтамі рэжыму не паведамляе дзяржаўная прэса. 44% грамадзянаў ня ведаюць, што сядзіць Казулін.

Хаця, здавалася б, з гледзішча кіроўных вярхоў дзеля запалохваньня варта было б, наадварот, асьвятляць такія працэсы як мага шырэй.

Ва ўсе эпохі рэпрэсіі мелі паказальны характар. Ерэтыкоў спальвалі на вогнішчах, бунтаўнікоў чвартавалі адмыслова на плошчах. Нават у 30-я гады мінулага стагодзьдзя сталінскі рэжым ладзіў "масоўкі", каб менавіта ад прадстаўнікоў працоўнага люду чуліся заклікі расстраляць "ворагаў народу" як шалёных сабак.

Сёньня такое ўжо ня пройдзе. Нават абываталю (адкінем "клініку") не давядзеш, што турма за перакананьні — гэта нармалёва і карысна для краіны.

Рэпрэсіўная палітыка цалкам выпадае з кантэксту эпохі, і гэта міжволі адчуваюць нават яе адэпты. Яны тояцца, хаваюцца пад маскамі, мусяць празь "не хачу", скрозь зубы казаць нейкія агульныя словы пра дэмакратыю.

Карацей, усё ж эпоха іншая, і ёсьць надзея, што пакрысе дагонім туркаў:)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?