Кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка адчувае за сабой пастаяннае сачэнне, у тым ліку ў далёкіх паездках. Пра гэта ён паведаміў 1 снежня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце інтэрнет-газеты БелаПАН Naviny.by («Белорусские новости»).

«Ужо неаднаразова хтосьці ўзломаў мой аўтамабіль, здымаў сігналізацыю. Таму сёння я запрасіў спецыялістаў, якія выконваюць функцыю аховы», — сказаў Цярэшчанка.

Кандыдат у прэзідэнты адносіць сябе да апазіцыі, «але да апазіцыі канструктыўнай». «Я раскрываю праблемы, іх прычыны і прапаноўваю шляхі вырашэння. Паводле тлумачальнага слоўніка, „апазіцыя“ — гэта нязгода з дзеяннямі, рашэннямі, у гэтым выпадку — прэзідэнта. Такім чынам, у нас у краіне 99% грамадзян — апазіцыя; хоць у чымсьці яны дый нязгодныя», — растлумачыў ён.

Цярэшчанка паведаміў, што, калі стане прэзідэнтам, асабіста папросіць «кожнага з сённяшніх кандыдатаў з улікам іх навыкаў прыйсці працаваць на карысць народа, гэта дастойныя і добра падрыхтаваныя людзі».

Самую вялікую памылку Аляксандра Лукашэнкі Цярэшчанка бачыць у тым, што

«ўсе 16 гадоў на „хакейным полі“ ён гуляе адзін, забівае галы ў адны і другія вароты».

«Іншымі словамі, ён не змог сфарміраваць каманду людзей, якім бы мог давяраць, і, галоўнае, якія без боязі і страху маглі б выконваць даручаную ім працу», — сказаў кандыдат.

Паводле меркавання Цярэшчанкі, самае вялікае дасягненне Лукашэнкі ў тым, што, «шантажыруючы Расію, ён здолеў зарабіць 52 млрд. долараў, але, на жаль, не змог імі правільна распарадзіцца. Такі шанц у нас больш наўрад ці будзе».

19 снежня Цярэшчанка не збіраецца ісці «на плошчу». «Як і ўвесь народ, я буду чакаць вынікаў выбараў. Але нават папярэднія вынікі стануць вядомыя ў лепшым выпадку да раніцы 20 снежня», — адзначыў ён.

Цярэшчанка верыць, што «народ выкажа сваю волю, а члены тэрытарыяльных камісій — і асабліва іх старшыні — не пойдуць на здзелку з сумленнем». Ён звярнуўся да работнікаў выканаўчай улады: «Якую б пасаду вы ні займалі, сумленна выконвайце свой абавязак грамадзяніна, не ідзіце на злачынствы ва ўгоду чыім бы там ні было капрызам».

Кандыдат лічыць, што 20 снежня насельніцтва Беларусі будзе ведаць «прозвішча новага прэзідэнта». У той жа час ён не выключае, што «можа быць і другі тур галасавання. Але з Новым годам вас павіншуе новы прэзідэнт. Спадзяюся, што гэта буду я».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?