У Францыі памёр знакаміты кампазытар, дырыжор і аранжыроўшчык Поль Марыя (Paul Mauriat). Як паведамілі ў суботу ягоныя сваякі, 81-гадовы кампазытар памёр надоечы ў горадзе Пэрпыньяне на поўдні краіны.
Творчая біяграфія Марыя багатая – толькі для Шарля Азнавура ён зрабіў аранжыроўкі 120 кампазыцыяў, у прыватнасьці, славутай песьні «Мама». Пасьпяхова супрацоўнічаў ён і зь іншымі зоркамі францускайэстрады, у тым ліку з Далідай.
Сусьветная слава прыйшла да Марыя ў 1968 годзе, калі ён аранжыраваў кампазыцыю Андрэ Попа «Каханьне – блакітнага колеру». Гэтая музычная п’еса пабіла ўсе рэкорды ў францускай музыцы й заставалася 7 тыдняў на першым месцы ў гіт-парадзе ЗША.
Мэлёдыя «Манчэстэр і Лівэрпуль» у аранжыроўцы Марыя шмат гадоў суправаджала зводку надвор’я ў праграме «Время» на першым савецкім канале.