Кандыдат ў прэзідэнты Рыгор Кастусёў у выпадку сваёй перамогі на выбарах не плануе праводзіць гвалтоўную беларусізацыю.

Пра гэта ён паведаміў 2 снежня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце інтэрнэт-газеты БелаПАН Naviny.by («Белорусские новости»).

«Мы плануем падтрымку беларускай мовы і стварэнне ўмоваў, пры якіх народ сам захацеў бы гаварыць па-беларуску»,

— падкрэсліў Кастусёў.

Паводле яго слоў, «будзе дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы, разлічаная на дзесяць гадоў».

«Мы не выступаем за забарону выкарыстання рускай мовы, — адзначыў ён. — Мы выступаем за адраджэнне беларускай мовы.

І гэта мы прапануем распачаць з пераводу вышэйшых навучальных устаноў на адукацыю па-беларуску. І рабіцца гэта будзе праз сістэму даплаты тым выкладчыкам, хто будзе выкладаць свой прадмет на беларускай мове».

Кастусёў заявіў, што Партыя БНФ не выступала супраць рускай або іншых моваў. «Мы — за свабоднае карыстанне імі ў нашай краіне, але пры прыярытэце беларускай мовы ў сферах адукацыі, культуры і дзяржаўнага справаводства. Што тычыцца моваў нацыянальных меншасцяў, то мы выступаем за стварэнне ўмоваў па вывучэнні іх у месцах кампактнага пражывання адпаведных нацыянальных меншасцяў. Цяперашні рэжым, як вы самі ведаеце, такіх умоваў не стварае», — сказаў ён.

Палітык не супраць таго, каб беларускія дзеці «вывучалі і англійскую, і нямецкую, і іспанскую, і нават кітайскую мовы». «Чым больш моваў будуць ведаць нашы дзеці, тым яны будуць разумнейшыя, — адзначыў ён. — Але я хачу, каб нашы дзеці не забыліся, што яны ў першую чаргу — беларусы. І, каб нас паважалі ў свеце, неабходна, каб мы паважалі самі сябе. А павага да саміх сябе — гэта і ёсць павага да нашай мовы, да нашай культуры, да нашай Бацькаўшчыны».

Паводле слоў Кастусёва, «у Еўропе беларусы — амаль што адзіны народ, які адмаўляецца ад сваёй мовы».

«Не паважаючы сваю культуру і мову, мы выказваем сваю непавагу да нашых продкаў, якія стагоддзямі жылі на гэтай зямлі. А ў народа, у якога няма гістарычнай памяці, няма павагі да свайго мінулага, — няма і будучыні. Я ўпэўнены, што без беларускай мовы будучыні ў беларускага народа няма», — лічыць палітык.

Кастусёў адзначыў, што «ніводзін народ, які забывае сваю культуру, не становіцца багатым». «Возьмем Нарвегію, дзе стагоддзе таму назад сітуацыя з нарвежскай мовай была нават горшая, чым зараз у Беларусі з беларускай. Тады гэта была проста правінцыя Швецыі. Але, адрадзіўшы сваю родную мову і здабыўшы незалежнасць, нарвежцы дасягнулі вялізных поспехаў і ў эканамічным, і ў сацыяльным, і культурніцкім плане. Вось гэтага я жадаю і нашай роднай Беларусі», — сказаў ён.

Пры гэтым Кастусёў адзначыў, што «кавалак хлеба на стале і сала ў халадзільніку — гэта не прыкмета патрыятызму, а нават наадварот. Бо чалавеку, які заклапочаны толькі гэтым, няважна, жыве ён у свабоднай краіне ці ў акупаванай чужынцамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?