Кандыдат Віктар Цярэшчанка на гэты раз прыйшоў у студыю з графікамі. З указкай тлумачыў людзям, што на гэтых графіках намалявана. Гэта надавала яму нейкую грунтоўнасць.

Зноў часам глядзеў убок ад камеры. На гэты раз быў у акулярах.

Сказаў, што сваю эканамічную праграму распрацоўваў гадамі.

Пабудаваў свой выступ у форме пытанняў і адказаў, як Міхалевіч.

Зноў з пераконвання, што Беларусі патрэбная моцная нацыянальная валюта. «З улікам дэнамінацый беларускі рубель абясцэніўся ў дачыненні да даляра ў 4 000 разоў. Купляючы даляры, мы працуем не на сябе, а на сусветных банкіраў», — сказаў Цярэшчанка.

Казаў аб росце даўгоў. «У нас стратэгія адсталых дзяржаў, якімі кіруе замежны капітал. Калі Беларусь пойдзе па гэтым шляху, то хутка атрымаем такія праблемы, якія ёсць у ЗША, Еўропы», — сказаў кандыдат.

«Нам трэба забяспечыць сваю валютную бяспеку. Яе можна забяспечыць за кошт акцый прадпрыемстваў, што яшчэ не прадалі. Гэта актывы лепшыя за золата. Зробім свой рубель забяспечаным і свабодна канвертаваным. З курсам тры рублі да даляра», — пераконваў В.Цярэшчанка.

«Беларускія банкі стануць хутка расці. Крэдыты будуць пад 2‑3% гадавых. Акцыі прадпрыемстваў будуць прадавацца рабочым, банкам, замежнікам, але за беларускія грошы. За пяць‑сем гадоў, а то і раней, выйдзем да даляра па курсе 1 да 1. Мы спынім рост цэнаў, а заробкі і пенсіі дасягнуць еўрапейскага ўзроўню».

Сказаў, што прадстаўляў сваю праграму ўраду і яна была зацверджаная.

Прапанаваў змясціць сваё фота на купюры ў адзін рубель, каб нібыта гаварыць: «Беларуская валюта — самая надзейная ў свеце». «Калі я не выканаю гэтае абяцанне, то сыду з пасады прэзідэнта».

Паабяцаў, што калі яго абяруць прэзідэнтам, то грамадзяне не будуць баяцца 2 студзеня дэвальвацыі.

Сказаў, што пра канстытуцыйную рэформу гаварыў нямнога, бо мала часу выдзяляецца на БТ, а месца ў газетах таксама лімітаванае. Цярэшчанка кажа, што такія пытанні можна разглядаць толькі на рэферэндумах.

Кажа, што сённяшні палітычны лад вядзе Беларусь да эканамічнага калапсу, а людзі як статысты ў гэтай сітуацыі.

Засяродзіўся на тым, што дэмакратыя вельмі важная для дзяржавы.

Цярэшчанка кажа, што будаваць «саюзную дзяржаву» без народу, без дамоў прэзідэнтаў, без канстытуцыйнага акту неправамоцна.

Зноў казаў пра неабходнасць раздзялення выканаўчай, заканадаўчай і судовай сістэм краіны. Адмену кантрактнай сістэмы.

Цытаваў Янку Купалу «пра векавую мару беларусаў людзьмі звацца».

Каго прызначыць прэм’ер‑міністра, не сказаў. Цярэшчанка кажа, што стаўленне да іншых кандыдатаў абсалютна паважлівае, бо яны маюць аграмадны патэнцыял. «Кожнаму з іх я шчыра абяцаю: кожнаму з іх, і дзейснаму прэзідэнту, будзе прадстаўлена адказная пасада ў дзяржаве».

«Даходы на сяле будуць не ніжэйшыя, чым у горадзе. Павысім статус навукоўцаў, педагогаў, роботнікаў культуры і медыцыны. Пенсійны ўзрост павялічваць не будзем, але для жадаючых працаваць на пенсіі зробім льготы», — абяцае кандыдат.

Абяцае льготы студэнтам і інтэрнаты для іншагародніх. Успомніў пра страту грошай па аблігацыях у пачатку 1990‑ых. Абяцае вырашыць гэтую праблему цягам 2‑3 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?