Разьвязка нацыянальнага першынства па футболе была падобная па сваёй інтрызе да галівудзкага блякбастэра. Нагадаем, што напярэдадні апошняга 26 туру барысаўскі БАТЭ на тры пункты апярэджваў менскае «Дынама». Менавіта гэтыя два клюбы толькі маглі прэтэндаваць на залатыя мэдалі. БАТЭ чакаў звышцяжкі выезд у Салігорск да мясцовага «Шахтара», які таксама працягваў змагацца за бронзавыя мэдалі зь менскім МТЗ-РІПА. Менскае «Дынама» ехала на матч у Берасьце да сваіх аднаклюбнікаў.

Усе паядынкі апошняга туру мусілі былі пачацца ў адзін час – 14:00, але ў справу ўклініліся прыродныя катаклізмы. Празь сьнегапад у Берасьці матч дзьвюх «дынамаўскіх» каманд быў адкладзены на дзьве гадзіны. Да гэтага часу астатнія матчы туру былі ўжо згуляныя.

Спачатку нішто не паказвала на тое, што 16-ты беларускі чэмпіянат будзе чакаць такая драматычная разьвязка. Для чэмпіёнства БАТЭ было дастаткова згуляць унічыю у Салігорску. Пасьля першага тайму гэтага паядынку задача не выглядала невырашальнай. Галы Аляксандра Лебедзева і Ігара Стасевіча, зафіксавалі на табло пасьля першага тайму лік 2:0 на карысьць гасьцей. Аднак у другім тайме каманды нібыта падмянілі – салігорцы ўжо на 62-й хвіліне, дзякуючы высілкам Ішрэфа Магамедава і Аляксандра Кліменкі, выраўнялі лік. А за чатыры хвіліны да фінальнага сьвістка ўсё той жа Кліменка, які неўзабаве стаў найлепшым бамбардзірам першынства з 17 галамі, выводзіць «Шахтар» наперад. Спробы барысаўцаў неяк зьмяніць у астатні час хаду паядынку ні да чаго не прывялі.

«Шахтар» трыюмфаваў з прычыны заваяваных бронзавых мэдалёў, БАТЭ ў расчараваных пачуцьцях накіравалася ў разьдзявальню, у той момант ні ў кога не было сумневаў, што ў чэмпіянаце будзе «залаты» матч.

Аднак ня ўсё так проста. Берасьцейскія «дынамаўцы» так і не дазволілі менчукам расьпячатаць уласнае брамы. Галоўны трэнэр барысаўскай каманды Ігар Крывушэнка заявіў, што ён ведаў, што берасьцейцы не «зьліюць» матч з «Дынама».

Горыч ад паразы ў Салігорску для БАТЭ зьмянілася радасьцю чэмпіёнства. Каманда з Барысава ў трэці раз у сваёй гісторыі заваявала гэты тытул. Мінулыя чэмпіёнствы БАТЭ былі зафіксаваныя ў 1998 і 2002 гадах. Такім чынам вымалёўваецца невялікая тэндэнцыя, што БАТЭ становіцца камандай нумар адзін у краіне праз кожныя чатыры гады.

Напярэдадні сэзону спэцыялісты і аналітыкі не разглядалі ўсур’ёз БАТЭ, як рэальнага прэтэндэнта на залатыя мэдалі. Занадта ўжо моцна выглядалі іхнія канкурэнты – «Шахтар», менскае «Дынама», МТЗ-РІПА, «Гомель». Аднак барысаўцы змаглі абвергнуць меркаваньні скептыкаў і ўзысьці на вяршыню табліцы. Галоўны козыр БАТЭ – гэта разумнае спалучэньне маладосьці і вопыту. За каманду гуляюць ужо ня раз загартаваныя ў баёх Аляксандар Федаровіч, Аляксандар Ермаковіч, Дзьмітры Ліхтаровіч, Генадзь Блізьнюк і яшчэ зусім маладыя і недасьведчаныя Барыс Панкратаў, Арцём Радзькоў, Дзьмітры Платонаў, Аляксандар Лебедзеў.

Трэба адзначыць, што барысаўскі клюб сёлета змог зрабіць залаты дубль, перамогшы таксама ў траўні і ў Кубку Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?