Былы міністр сельскай гаспадаркі і давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Васіль Лявонаў звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом.
У сваім звароце, які надрукавала «Народная воля», Лявонаў згадвае пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі і заклікае яго адмовіцца ад пасады падчас Усебеларускага сходу.

Лявонаў піша, што гэта ўжо другі ягоны ліст да кіраўніка дзяржавы. Першы быў дасланы з турмы. Адзначае, што абавязаны расказаць людзям праўду аб рэжыме Лукашэнкі, бо тыя, хто мог бы гэта зрабіць, знішчаныя «эскадронамі смерці». «І я гавару гэтую праўду. І беларускаму народу… І вам», — піша Лявонаў.

У сваім адкрытым лісце былы міністр сельскай гаспадаркі абвінавачвае Лукашэнку ў няправільным кіраванні краінай на працягу ўсіх шаснаццаці гадоў. Ён звязвае ўсе поспехі, дасягнутыя ў гэты час, з дапамогай Расіі.

«Расія перастае аплачваць вашу заганную палітыку ў гаспадарцы. Замены гэтай шчодрай расійскай душы няма. Што далей. Шукаць замену? Але дзе можна знайсці такую халяву?», —
пытаецца В.Лявонаў у Лукашэнкі.

Шмат увагі надаецца ў лісце справам зніклых палітыкаў. Васіль Лявонаў расказвае, як у Менску ледзьве не адбыўся ўзброены канфлікт паміж рознымі спецслужбамі, а таксама вінаваціць Лукашэнку ў жаданні адстойваць уладу нават коштам чалавечых жыццяў.

Завяршаецца зварот Лявонава да Лукашэнкі прапановай сысці з пасады. «На будучым Усенародным сходзе папрасіце прабачэння ў людзей за свае памылкі. Паверце, што яны даруюць вам. Даруюць і тым, хто аддана выконваў усе вашы указанні», — піша Лявонаў. Былы міністр сельскай гаспадаркі таксама просіць Лукашэнку зрабіць тое, што яму параіў Уладзімір Някляеў (адмовіцца ад удзелу ў выбарах і дазволіць беларусам сустрэць Новы год з іншым прэзідэнтам).

«Устаньце на калені (але да Масквы на каленях не паўзіце) і падзякуйце Расіі за тое, што яна ў цяжкія гады працягнула руку дапамогі, — заклікае Лукашэнку Лявонаў. — І папрасіце ў Расіі палітычны прытулак для вас і ўсёй вашай сям'і».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?