Дзякуючы мапам Google стала вядома, што на даху будынка іранскай авіякампаніі Iran Air у аэрапорце Тэгерана зіхціць ізраільскі сімвал — зорка Давыда.

Яе выява выразна бачная з паветра. «Вядома, гэта можа быць кур’ёзнае архітэктурнае супадзенне або аптычны падман. Але ў такое ніхто не хоча верыць», — піша нямецкая газета Die Welt.

Увагу на зорку звярнуў адзін з амерыканскіх карыстальнікаў Google Earth і абнародаваў гэты факт. Улады Ірана патрабуюць выдаліць знак «як мага хутчэй». Гэта ўжо другая зорка Давіда, знойдзеная ў Тэгеране на працягу некалькіх месяцаў — першую выявілі ў жніўні на адным з будынкаў плошчы Рэвалюцыі.

Іранскія СМІ гадаюць, як сімвал краіны, на адрас якой Махмуд Ахмадзінежад рэгулярна скіроўвае свае філіпікі, апынуўся на будынку аэрапорта і заставаўся незаўважаным на працягу дзесяцігоддзяў. Адказ на першае пытанне, мяркуе газета, можа быць просты: аэрапорт будавалі яшчэ да Ісламскай рэвалюцыі 1979 года ізраільскія інжынеры. Тады, за шахам Махамедам Рэза Пехлеві, адносіны між Іранам і Ізраілем былі сяброўскімі.

Так што, цалкам магчыма, што ізраільскія інжынеры дазволілі сабе тады невялікі жарт. «Шкада толькі, што сённяшні ўрад Ірана, падобна, не мае пачуцця гумару», — падсумоўвае выданне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?