Суд Дашкевіча

31 кастрычніка каля суду затрыманыя моладзевыя актывісты Яўген Скрабутан, Зьміцер Хведарук, Клюеў. Іх завезьлі ў Маскоўскі РАУС, зьнялі адбіткі пальцаў, сфільмавалі на відэа і перапісалі пашпартныя зьвесткі, а пасьля адпусьцілі. Падчас сьвяткаваньня юбілею Белдзяржунівэрсытэту ў Палацы спорту 31 кастрычніка байцы ПМСН затрымалі студэнта А.Мігуцкага з 30 улёткамі пра суд над Дашкевічам. 1 лістапада абвешчаны прысуд Зьмітру Дашкевічу: 1,5 году калёніі агульнага рэжыму. У гэты ж дзень на Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбылася акцыя «Вызваліць Дашкевіча», жорстка разагнаная АМАПам: затрымалі Юлію Балонкіну, Сяргея Гумінскага, Аляксандру Яначку, Антона Ліпеня, Дар’ю Ільлініч, Алену Ігнацьеву, З.Хведарука, Вольгу Жураўлёву, Уладзімера Сяргеева, Зьмітра Ясевіча, Глеба Сандраса, Крысьціну Шацікаву. Моладзевую актывістку А.Яначку пры затрыманьні амонавец, зь яе словаў, ударыў у твар. 10 затрыманых адпусьцілі з пастарунку. Затрыманую журналістку радыё «Свабода» Любоў Лунёву высадзілі з аўтобуса па дарозе ў пастарунак, ля Опэры. 2 лістапада двух удзельнікаў акцыі асудзілі: Г.Сандрас дастаў 2 базавыя велічыні штрафу, З.Хведарук – 3 сутак арышту. 2 лістапада «Міжнародная амністыя» прызнала Дашкевіча вязьнем сумленьня.

Польскія справы

31 кастрычніка міліцыянты ў цывільным марна спрабавалі патрапіць у пустую кватэру Анджэя Лісоўскага, актывіста непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі. На Лісоўскага завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы ў кантрабандзе наркотыкаў. 1 лістапада актывіста выклікалі на допыт, а ў ягонай кватэры зладзілі ператрус у пошуках наркотыкаў і канфіскавалі вопратку. 2 лістапада допыт паўтарыўся. Кіраўнічку Саюзу палякаў Анжаліку Борыс 2 лістапада дапыталі ў Гарадзенскай рэгіянальнай мытні сьведкай у гэтай справе. 4 лістапада затрымалі актывіста арганізацыі Мечыслава Яскевіча: яго абвінавацілі ў бойцы на гарадзкім прыпынку. На актывіста распачалі крымінальную справу за хуліганства. 5–6 лістапада міліцыя пачала праверку дзейнасьці Саюзу палякаў паводле заявы мясцовага камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў: адбыліся допыты актывістаў у Ваўкавыску, Сапоцкіне, Індуры.

«Новае жыцьцё»

1 лістапада невядомыя апаганілі будынак пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» , пакінуўшы абрэвіятуру НБП. 2 лістапада беларуская філія Нацыянал-бальшавіцкай партыі абвергла сваю датычнасьць да ўчынку. 4 лістапада Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду скасаваў усе папярэднія рашэньні наконт будынку царквы й пастанавіў разгледзець справу ад самага пачатку.

27 кастрычніка

Супрацоўнікі КДБ наведалі БДУ, дзе правялі размову з студэнтам Сяргеем Карповічам, сябрам «Моладзі БНФ».

31 кастрычніка

Стала вядома, што яшчэ 23 кастрычніка ГА «ЗБСБ «Бацькаўшчына» атрымала ліст ад камунальнага прадпрыемства «Менская спадчына»: з арганізацыяй хочуць скасаваць дамову арэнды прымусова, праз суд. Між тым, паводле пастановы Саўміну, памяшканьне выдзялялася аб’яднаньню на 25 гадоў, і мінулыя 13 гадоў «Бацькаўшчына» спраўна плаціла за арэнду.

Палітвязень Аляксандар Казулін быў шпіталізаваны падчас галадоўкі, але выпісаны з санчасткі на ўласную просьбу. Адваката Ігара Рынкевіча да яго не пусьцілі: маўляў, гэта пагоршыць самачуцьце вязьня. Аднак пусьцілі прадстаўніка АБСЭ Оке Пэтэрсана.

Аб’яднаньню вэтэранаў вайны ў Афганістане, офіс якога месьціцца ў Жодзіне, адмовілі ў памяшканьні для юрыдычнага адрасу.

Супрацоўнікі КДБ наведалі Менскі прафэсійна-тэхнічны каледж электронікі, дзе выклікалі на размову актывістку «Моладзі БНФ» Настасьсю Александровіч.

Сайт «Белдзяржхарчпраму» не працаваў амаль суткі, на ім быў надпіс «Доступ да сайту прыпынены ў сувязі з адсутнасьцю аплаты працы адміністратара сайту за 3 (ТРЫ) месяцы».

1 лістапада

Берасьцейскія сацыял-дэмакраты абвясьцілі галадоўку салідарнасьці з кіраўніком партыі Аляксандрам Казуліным. Галадоўнікі маюць трымаць яе па чарзе. 2 лістапада да іх далучыліся прадстаўнікі Горадні. 3 лістапада акцыю падтрымала Вольга Мацьвяюк з Сацыялістычнай партыі Ўкраіны.

У аэрапорце «Менск-2» пры адлёце ў Вену памежнікі правялі ўзмоцнены надгляд праваабаронцаў Алега Волчака і Міраслава Кобасы, дзеля чаго затрымалі вылет самалёта.

Гаспадарчы суд Менску пастанавіў канфіскаваць частку маёмасьці ГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» (кампутар і мэблю) на суму ў 225 тыс.руб. – у кошт штрафаў і фінансавых запазычанасьцяў. Адначасна ў Вярхоўным судзе зноў адкрылі ініцыяваную Мін’юстам справу пра закрыцьцё БХК.

2 лістапада

Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу АГП на рашэньне ўправы юстыцыі Менаблвыканкаму пра ліквідацыю партыйнай суполкі ў Клецкім раёне: скаргі па такіх рашэньнях суду не падведамасныя.

3 лістапада

У Магілёве затрымалі актывіста ПБНФ Рыгора Кастусёва, які меўся ехаць у Кіеў на канфэрэнцыю. Яго зьвінавацілі ў хуліганстве («мачыўся ў грамадзкім месцы») ды арыштавалі на 3 сутак.

У рэчыцкі аддзел дзяржпрадпрыемства «Белтэхінвэнтарызацыя» прыйшоў ліст зь менскага галаўнога офісу: з 18 лістапада спыніць кантракт з актывістам ПБНФ Валер’ем Пуціцкім.

Паседжаньня Вярхоўнага суду ў справе прыпыненьня ПКБ не адбылося, бо партыя выканала ўсе патрабаваньні Мін’юсту. Дата новага паседжаньня не прызначаная, але яно павінна адбыцца да 27 лістапада.

Наклад першага нумару незалежнай газэты «Наш Магілёў» канфіскаваны міліцыянтамі: рэдактара Андрэя Дзьвігуна затрымалі, заявіўшы, што ён падобны да рабаўніка.

У Вышэйшым гаспадарчым судзе пачаўся разгляд справы паводле пазову часопісу «ARCHE» да Міністэрства юстыцыі з нагоды прыпыненьня выхаду выданьня. Наступнае паседжаньне прызначанае на 8 лістапада.

4 лістапада

У Белаазёрску затрыманы актывіст ПБНФ дэпутат гарсавету Юрась Губарэвіч: яго абвінавацілі ў парушэньні правілаў дарожнага руху, завезьлі ў райцэнтар – Бярозу, а праз 9 гадзінаў выпусьцілі без тлумачэньняў, па дарозе «згубіўшы» пашпарт.

У Гомелі былога судзьдзю Сяргея Ярашэвіча прысудзілі да 2 гадоў папраўчых работаў за запіс у кнізе скаргаў і прапановаў Рагачоўскага суду: ён параўнаў судзьдзяў Уладзімера Саламейчука й Мікалая Рубісава з судзьдзямі 1937 году, што было прызнана абразай іх.

У Берасьці затрыманы актывіст АГП Сьцяпан Навасяльчан, які меўся ехаць у Кіеў на апазыцыйную канфэрэнцыю: яму заявілі, што яго падазраюць, нібы ён зьбіраецца перавозіць ва Ўкраіну рэчы, забароненыя да вывазу зь Беларусі.

Добрускае ДАІ затрымала аўтамабіль актывіста ПКБ Валер’я Рыбчанкі, дзе ехалі на канфэрэнцыю ў Кіеў таксама камуністы Ўладзімер Сякерка, Сьвятлана Міхальчанка й Віктар Паўлаў. Міліцыянты заявілі, што на машыне неадпаведныя нумары, але ў пастарунку машынай ніхто не займаўся. Апазыцыянэры зрабілі запіс у кнізе скаргаў і прапановаў і адправіліся ва Ўкраіну «на перакладных».

У Асіповічах затрымалі актывіста АГП Уладзімера Белахвостава, які меўся ехаць у Кіеў: яго вінавацілі, што можа нелегальна везьці боепрыпасы ці зброю. Пасьля праверкі, празь некалькі гадзінаў, яго адпусьцілі з прабачэньнямі.

5 лістапада

У Нясьвіжы падчас расклейкі «БРСМаўскіх» налепак «Живи веселей – стучи на друзей» затрымалі моладзевую актывістку Насту Азарку. Адміністрацыйны суд над ёй прызначаны на 8 лістапада.

6 лістапада

Недзяржаўная газэта «Віцебскі кур’ер» другі раз цягам году зьмяніла адрас, бо ёй раз адмовілі ў арэндзе.

Сваякі праваабаронцы Кацярыны Садоўскай патрабуюць яе шпіталізацыі: 60-гадовая жанчына за 2 месяцы да затрыманьня мела анкалягічную апэрацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?