Два хлопцы — з выгляду гадоў па васемнаццаць — у амаль аднолькавых спартовых куртках, азірнуўшыся, сынхронна наляпілі нейкія паперкі на вадасьцёкавыя трубы. Пасьля абодва імгненна зьніклі далоў з вачэй. Каб разгледзець налепкі, давялося падысьці зусім блізка, амаль ушчыльную да трубы. Надрукаваныя на таннай шэрай паперы чорна-белыя выявы тэлеэкранаў са знаёмымі тварамі вядоўцаў, перакрэсьленыя надпісам па-расейску: «Нам лгут!»

Гэтая карцінка, якую давялося бачыць усяго ў некалькіх мэтрах ад вядомага кожнаму менчуку будынку з калёнамі, дзе месьціцца цяпер СТВ, навяла на сумныя паралелі. Самі сабой напрошваюцца думкі аб несувымернасьці маштабаў дзяржаўнай прапаганды, што запаланіла нацыянальны этэр, і «контрапрапаганды» ў выглядзе улётак, якія трэба разглядаць пад мікраскопам.

Што, аднак, нясе сёньняшні дзяржаўны этэр у Беларусі, акрамя заўсёднай дэзынфармацыі й звычайнай маны? Ці можна ўбачыць у цяперашнім стане тэлежурналістыкі нешта адметнае, характэрнае менавіта для сёньняшняга часу?

Хімэра сумленьня

Тое, што Беларусь вярнулася ў таталітарную эпоху, амаль ні ў кога, здаецца, больш не выклікае сумневаў. Спрэчка вядзецца хіба пра дэталі — ці трэба гаварыць аб гэтым эзопавай мовай, ці адкрыта? Але ж вызначэньне «таталітарызм» выглядае занадта агульным. Пра які таталітарызм вядзецца гаворка? Спарахнелы савецкі таталітарызм у пярэдадзень распаду савецкай імпэрыі? А можа, позьні сталінізм сярэдзіны мінулага стагодзьдзя? Ці, да прыкладу, нямецкі нацыянал-сацыялізм адразу пасьля прыходу Гітлера да ўлады?

Гэтыя пытаньні, на жаль, маюць не абстрактнае, але цалкам канкрэтнае значэньне для жыхароў сучаснай Беларусі.

У прынцыпе, вызначэньняў таталітарызму можа быць даволі шмат. Адно з найлепшых было пададзенае на апошняй старонцы 4-га нумару «Нашай Нівы» за гэты год. Таталітарызм — гэта калі па тэлевізары тры дні запар паказаваюць пажар у Бразыліі. Тут важна ня тое, што — у Бразыліі (гэта можа быць і трагедыя ў польскіх Катавіцах, дзе людзі загінулі пад парэшткамі павільёну, які абрынуўся пад цяжарам сьнегу). Важна, што тры альбо больш дзён запар тэлевізія паказвае адное і тое ж. Бо інфармацыя сама па сабе, яе актуальнасьць і апэратыўнасьць ня маюць каштоўнасьці ў таталітарным грамадзтве. І нават прапаганда сама па сабе, словы дыктара ня маюць абсалютнай каштоўнасьці. Абсалютную каштоўнасьць мае звычка. «Вінтоўка нараджае ўладу», — казалі мааісты. «Звычка нараджае пакорлівасьць», — маглі б сказаць сучасныя адэпты таталітарнай улады.

Устаў, зрабіў зарадку, выпіў кавы, пабег на працу, прыйшоў з працы, павячэраў, паглядзеў хакей па тэлевізары за пляшкай піва, лёг спаць. Акцябронак — піянэр — камсамолец — член КПСС. Гадзіньнік, радыёпрымач, тэлевізар, аўтамабіль «Жыгулі», каапэратыўная кватэра, дача (шэсьць сотак). Усе тры сэнсавыя шэрагі стэрэатыпаў паводзінаў альбо пастаноўкі мэтаў былі характэрныя для савецкага таталітарызму і існаваньня ўнутры сыстэмы. У прынцыпе, рытуал паслухмянасьці адыгрывае немалую ролю і ў наш час. Але мы забываемся на тое, што таталітарызм, як і кожнае злачынства, меў свой пачатак. Зь цягам часу ён дранцьвее, пакрываецца пылам і цьвільлю, ад яго павявае сумам і паныласьцю.

Але зло не заўсёды бывае сумным. Наадварот, для таго, каб заваяваць як мага больш прыхільнікаў, яно павінна быць прывабным, яскравым, нават шалёным.

Чаму судзьдзі ў Нюрнбэргу ня верылі злачынцам, калі тыя ў апраўданьне казалі, што яны ўсяго толькі выконвалі загады фюрэра. Таму што выконваць загады сумна. Між тым, захаваліся кілямэтры кінахронікі й тысячы фатаграфіяў, на якіх нацысты радасна ўсьміхаюцца, падпальваючы дамы з жывымі людзьмі. Яны выконвалі загад — так, безумоўна. Але яны слухаліся таксама свайго сэрца, вызваленага ад «хімэры сумленьня».

Гоман і ятра

Кажуць, што фашызм у Італіі быў значна гуманьнейшы, чымся ў Нямеччыне. Магчыма, нацыянальны мэнталітэт меў нейкае значэньне. Але перавага фашызму ў Італіі была, найперш, у тым, што ён быў новай зьявай. Таксама, дарэчы, як і камунізм у Расеі ў 1920-я гады, а потым у Гішпаніі ў 1930-я. Дарэчы, калі адкінуць пэўныя ідэалягічныя нюансы, эстэтычная прывабнасьць камуністычнай рэвалюцыі цалкам супадае з прывабнасьцю рэвалюцыі фашыстоўскай. Так, у сваім родзе геніяльны Сальвадор Далі з захапленьнем усхваляў быў ленінскую рэвалюцыю, а потым зь ня меншым імпэтам вітаў франкізм.

Ап’яненьне магчымасьцю разбураць і нішчыць.Той, хто ніколі яго не адчуваў, ніколі ня быў маладым. Ці ніколі не гуляўся ў «Дум». Імкненьне перайначыць сьвет у адпаведнасьці з сваімі патрэбамі ды інстынктамі, у першую чаргу палавымі, заўсёды было рухальнай сілай усіх рэвалюцыяў і контрарэвалюцыяў. Гэта сёньня, калі мы бачым на лаве падсудных якога-небудзь састарэлага нацыстоўскага злачынцу, нам хочацца пашкадаваць ягоны ўзрост і выпусьціць небараку на волю дажываць свой век. Але ж некалі гэта быў малады здаровы чалавек, які насычаў сваю прагу крыві за кошт перавагі над слабымі. Абавязкова слабымі! На гэтым палягае асаблівы кайф і нават сэнс! Глуміцца над слабым — родавая рыса паслугачоў таталітарнай улады. І чым слабейшы будзе супраціў, тым большай будзе радасьць рэжыму, тым больш дзяржаўныя журналісты будуць наталяцца магчымасьцю пазьдзекавацца з апазыцыі і апазыцыянэраў.

Юны нацыст з задавальненьнем красаваўся перад фотаапаратам, закасаўшы рукавы гімнасьцёркі, каб было відаць ягоныя маладыя біцэпсы, на тле газавых камэраў альбо гораў забітых ім вязьняў. Цяперашні «чэсны журналіст» ужо не хаваецца ад сваіх нячэсных калегаў. Ён з задавальненьнем зьяўляецца ў кадры, адчуваючы сябе зоркай.

Беларуская дзяржава яшчэ зусім маладая. Гэта абсалютная праўда. Цяперашняя ўлада яшчэ не насыціла свой інстынкт зьніштажэньня. Ёй і тым, хто ёй служыць, мабыць, вельмі хацелася б вынішчаць усіх іншадумцаў, усіх непакорлівых. Але ж нельга. ААН не дазваляе. Сучасная Эўропа не зразумее. Хоць ад моманту галакосту мінула ўсяго паўвеку, а парэшткі ГУЛАГУ ўсё яшчэ існуюць, сьвет пасьпеў зьмяніцца. Нават зьдзекі з зэкаў — хто б мог падумаць! — выклікаюць пратэсты й абурэньне грамадзкасьці. Нават калі спэцслужбы катуюць яўнага тэрарыста, знаходзіцца які-небудзь эўрадэпутат, які ўзьнімае гвалт: а як жа правы чалавека, ці можна прыносіць эўрапейскія прынцыпы ў ахвяру барацьбе з тэрарызмам?! Нават зьнікненьне некалькіх вядомых людзей у Беларусі выклікае незразумелае абурэньне ў эўрапейцаў, якім не павінна быць справы да краіны, дзе пануюць свае, адрозныя ад эўрапейскіх, норавы й парадкі. У Кітаі ці ў Іране — прынамсі, яшчэ зусім нядаўна — можна было б расстраляць ворагаў рэжыму на вачах у мільёнаў, не баючыся міжнароднай рэакцыі. А тут даводзіцца лічыцца з рознымі эўракамісіямі: а раптам пазбавяць апошніх прэфэрэнцыяў ці сапраўды заблякуюць рахункі ў замежных банках? Таму на ўсялякі выпадак пра лёс зьніклых лепей прамаўчаць. Хоць так хочацца іншым разам крыкнуць на ўвесь сьвет: «Так, мы не такія, як вы! Мы іншай крыві! Але мы вас не баімося! Мы вышэй усялякай маралі!»

Піп-шоў ад усяго сэрца

Гэты крык — калі прыслухацца да агульнай інтанацыі — стаіць сёньня ў этэры ад ранку да вечара. Апазыцыя спрабуе лавіць журналістаў БТ на падтасоўцы фактаў, на падмане ды інсынуацыях. Дарэмная справа. Размова больш не вядзецца пра журналістыку. Прынамсі, дзяржаўныя журналісты спавядаюць зусім іншыя жанры — не інтэрвію, рэпартаж ці нарыс, а данос, прысуд, катаваньне. Зразумела, пакуль усяго толькі ў маральным альбо палітычным сэнсе. У жывым этэры апазыцыянэраў пакуль яшчэ не расстрэльваюць. Хоць дыстанцыя паміж паклёпам, абвінавачаньнямі з тэлеэкрану і арыштамі, судом, канфіскацыяй маёмасьці ды высылкай становіцца ўсё меншая у часе.

І хто, пачуўшы гэта гістэрычнае, амаль зьвярынае скавытаньне, скажа, што тэлежурналісты ўсяго толькі выконваюць загад начальства? Яны робяць гэта шчыра, ад усяго сэрца.

Прыслухайцеся да ўзбуджаных інтанацыяў маладой дзяўчыны, якая пераканана даводзіць з тэлеэкрану, што ўсе, хто пасьмеў зьбіраць падчас выбарчай кампаніі подпісы не за дзейснага прэзыдэнта, а за некага іншага, ёсьць здраднікамі ды ашуканцамі, і вы зразумееце, што такое сапраўдны экстаз. Гэта як магчымасьць паліць і пісаць непрыстойныя словы на сьценах ня ў школьнай прыбіральні, а публічна. Між іншым, у гэтым параўнаньні няма перабольшваньня. У адным зь сюжэтаў, паказаных, дарэчы, у «дзіцячы час», гледачу навязьліва паказвалі надпіс з трох літараў на майках нейкіх маладых актывістаў...

Дарослыя дзядзькі за гэткія паводзіны сёньня ня толькі не караюць, але наадварот — гладзяць па галоўцы ды яшчэ даюць цукеркі ў выглядзе прызу.

Так званы дзяржаўны рэгістар быў закліканы змагацца з парнаграфіяй і прапагандай гвалту ў СМІ. Але шукалі іх ня там, дзе трэба. Інфармацыйныя праграмы даўно ператварыліся ў свайго роду піп-шоў, дзе салісты спаборнічаюць у тым, хто больш непрыстойна, разьвязна й цынічна абмажа брудам апазыцыю ці хто больш бессаромна прызнаецца ў любові да ўлады.

Падчас дыктатуры Мусаліні ў Італіі адхілілі ад этэру аднаго з папулярных тагачасных дыктараў дзяржаўнага радыё — з фармулёўкай «за недахоп аптымізму» ў голасе. У Беларусі пакуль не знайшлося такога дыктара або вядоўцы. І мабыць, ня хутка знойдзецца. Пакуль радасных інтанацыяў у галасах запісных аптымістаў паменее, павінна адбыцца, напэўна, шмат нядобрых ці нават трагічных падзеяў. Голас жа ўлады пакуль яшчэ толькі сталее ды набірае моцы...

Якое шчасьце, што яна так і не навучылася гаварыць па-беларуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0