Мы гатовыя да прыватызацыі, але на выгадных для краіны ўмовах, заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 снежня на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе.

«Там, дзе інвестары абяцаюць быць больш эфектыўнымі, чым дзяржава, мэтазгодная прыватызацыя, — заявіў Лукашэнка. — Але за грошы, і за грошы немалыя. На тыя прадпрыемствы, на якія прэтэндуюць зараз гэтак званыя замежныя інвестары, у гэтыя прадпрыемствы мы ўклалі нямала. Гэта горадаўтваральныя, гэта вельмі дарагія прадпрыемствы».

Паводле слоў Лукашэнкі, «у нас любое прадпрыемства можа быць прыватызавана». «Калі ты прыязджаеш сюды і зацікаўлены ў прыватызацыі прадпрыемства, садзіся за стол, і будзем на прынцыпах, якія мы вызначылі па прыватызацыі, весці з табой перамовы», — сказаў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што для прыватызацыі існуюць 20 абавязковых умоў. «Гэтыя прадпрыемствы павінны працаваць лепш, чым сёння», — заявіў Лукашэнка.

«Хто хоча ў нас працаваць, хто прыйшоў да нас працаваць, не просіць нічога дадаткова. Для бізнесу важныя цішыня, спакой, каб не было мітынгаў, дэманстрацый, тэрактаў. Мы гэта гатовы забяспечыць. Да нас ідуць людзі нябедныя, але, перш чым нешта ўзяць, трэба нешта даць. Але мы і гэтага не просім. Не трэба „наперад“. Давайце разам дзейнічаць. Гэта будзе добра інвестару і нармальная прыватызацыя», — мяркуе Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?