Ніякіх баскавых, кіркоравых і біланаў у эфіры «MTV у Беларусі» больш не будзе. У хуткім часе гледачы Беларусі ўбачаць арыгінальную версію музычнага канала — MTV Europe.

Змены ўжо пачаліся: у ноч з нядзелі на панядзелак месца MTV Расія ў эфіры занялі тэлеканалы сямейства MTV Networks.

Цяпер вялікая частка беларускіх гледачоў глядзіць VH1 — папулярны ў Еўропе тэлеканал для меламанаў са сфармаванымі густамі. У яго праграме — кампазіцыі, якія ўваходзілі ў сусветныя хіт-парады ад 1980-х гадоў да нашых дзён, новыя музычныя кліпы, перадачы пра зорак рок-музыкі, сюжэты пра здымкі музычных відэакліпаў, анонсы новых фільмаў і многае іншае.

«На дадзены момант адбылася рэструктурызацыя тэрыторыі, і цяпер мы адносімся не да Расіі, а да Еўропы, — паведаміла PR-мэнэджар беларускага MTV Юлія Юрчанка. — Гэта рашэнне галоўнага офіса ў Лондане. Да красавіка мы будзем трансляваць MTV Networks, а ўжо з вясны пераходзім на MTV Europe, прычым на расійскай мове. Беларускімі застануцца рэкламныя і навінавыя блокі».

Так што цяпер беларусы змогуць першымі ўбачыць новыя кліпы зорак сусветнага шоу-бізнэсу, жывыя трансляцыі канцэртаў артыстаў, а таксама падрабязныя інтэрв’ю з імі. Кліпаў расійскіх выканаўцаў у эфіры, зразумела, не будзе.

«А што мы страчваем? Расійская эстрада ёсць на іншых тэлеканалах. MTV Europe — больш актуальны прадукт, больш якасны. Думаю, мы можам разлічваць на рост рэйтынгу: спачатку гледачам будзе проста цікава паглядзець, што гэта такое, а потым спадабаецца. Думаю, змены ў эфіры прывядуць таксама да росту глядацкай аўдыторыі: мэтавы глядач MTV, па дадзеных Gallup, — моладзь ад 12 да 36 гадоў, а тэлеканал VH1 дапаможа нам „зачапіць“ старэйшых гледачоў», — тлумачыць Юлія Юрчанка.

Акрамя галоўнага сусветнага музычнага брэнду, MTV Networks у найбліжэйшай будучыні прадставіць нашаму гледачу найлепшыя тэлеканалы з сямейства MTV: VH1 Classic, MTV Rocks, MTV Hits, MTV Dance, а таксама дзіцячыя NICKELODEON і NICK JR. У кожнага з іх свой акрэслены фармат, арыгінальная канцэпцыя і ўнікальны кантэнт.

Інтэрнэт-газетаNaviny.by пацікавілася: а як жа беларускія выканаўцы, ці знойдзецца ім месца на MTV Europe? У PR-службе тэлеканала задумаліся: «Пэўны працэнт беларускіх кліпаў, напэўна, будзе, але які менавіта — гэта яшчэ будзе ўзгадняцца. Што да навінавых блокаў, то мы, вядома, не супраць з’яўлення ў іх беларускіх артыстаў. Але ў Беларусь апошнім часам прыязджае шмат замежных зорак, таму мы, зразумела, будзем старацца рабіць інтэрв’ю перш за ўсё з імі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?