У мінулую пятніцу ў рэдакцыі «Комсомольскай правды в Беларусі» адбылася сустрэча кандыдатаў у прэзідэнты з журналістамі. Як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі. Журналісцкі допыт кандыдата ад АГП Яраслава Раманчука.

Пра плагіят ад уладаў

«Двоечнікі ўвогуле не разумеюць, што рабіць. Ведаеце, ёсць агульны прыгожы план дома. Але да яго яшчэ ёсць 20 інструкцый, як яго такім зрабіць. Спісваць улады пачалі значна раней за гэтую кампанію. Некалькі прыкладаў: плоскі падатак за які мы змагаліся ад канца 1990‑ых, адмена ліцэнзавання рознічнага гандлю, заявачны прынцып рэгістрацыі. Гэтым улада сёння ганарыцца, а намі гэта было прапанавана вельмі даўно. На мой погляд улады нічога не змогуць зрабіць з гэтым дакументам (праграмай Раманчука — НН), бо няма нашых тлумачалак. Яны будуць рабіць, што напісана ў праграме сацыяльна‑эканамічнага развіцця, дзе ёсць дзесяткі пералічаных мэтаў. Гэтыя мэты будуць дадавацца праграмамі інавацыйнага развіцця — 312 накірункаў. Для мяне, калі ёсць інавацыйных 312 накірункаў, то няма ніводнага. Інтэлектуальны патэнцыял сённяшняга ўрада сябе вычарпаў. Уся планавая эканоміка даходзіць да лагічнага завяршэння. І яно будзе хутчэйшым па меры таго, як Расія будзе змяншаць энергетычны грант. Сёння ён складае 7% ВУП, а колькі будзе налета мы не ведаем».

Пра АГП

«Партыя мае вельмі добры досвед парламенту. Мы ўдзельнічалі ва ўсіх кааліцыях, былі прыхільнікамі вылучэння адзінага кандыдата. Партыя — гэта 50% той каманды, што мы маем. Сёння ёсць 20‑25% людзей, што арыентуюцца на класічную апазіцыю. Наша ж кампанія накіраваная на тое, каб адцягнуць людзей, якія не ведаюць за каго галасаваць: за ўладу, ці апазіцыю».

Пра жанчын

«У парламенце будзе па меншай меры траціна жанчын. Перад выступам на ТБ я меў сустрэчы з прадстаўнікамі жаночых арганізацый, і яны крытыкавалі мяне, што не падняў «жаночае пытанне». Калі бюракратыя замінае нават моцным мужчынам без сем’яў, то ўяўляю, як яна замінае жанчынам. У нас вельмі часта адбываецца дыскрымінацыя па палавому прынцыпу. Яна падыходзіць па ўсіх прынцыпах, але на працу яе не бяруць. Для жанчын ліберальная эканоміка нашмат больш сацыяльная і значная. Што датычыць кіраўніцтва, то ў нас не будзе квотаў. Я лічу абсалютна нармальным, што жанчыны дамінуюць у Міністэрствах адукацыі ці аховы здароўя. Я не супраць таго, каб жанчына ўзначаліла Міністэрства абароны, каб паказаць, што за гэтымі структурамі патрэбен грамадзянскі кантроль».

Пра сэксізм

«Часта кажуць, чым слаўная Беларусь? У нас ёсць азёры, рэчкі, дарогі, прыгожыя жанчыны. Насамрэч прыгожых жанчын гэта абражае. Бо мы не кажам у кантэксце: добрыя кіраўнікі, эканамісты, а кажам у кантэксце добрых упрыгожванняў. З гэтым трэба сканчваць. Мне неяк сказалі, што ў ЗША я б ужо разоў пяць адсядзеў. За тое, што я па‑італьянску адношуся да прыгожага полу. Абдымкі, сяброўскі пацалункі. У нас іншыя традыцыі. Іх у адрозненні ад закона нельга перапісаць. Законы павінны пісаць пад нашых людзей, пад наш менталітэт. Уявіце, прынялі б мы закон аб жорсткім абыходжанні з жывёламі. Як яго можна пракантраляваць? Такія законы нібыта з іншага вымярэння».

Пра дзяўчыну

«Я жанюся па‑любому. Жаніўся б у сакавіку, каб раней не памёр мой бацька. Калі б гэта было так важна палітычна, то можна было. Але мы з маёй дзяўчынай узгаднілі, што гэта адбудзецца ў красавіку наступнага году пасля Вялікдня. Мы сустракаемся тры гады. Яна магістр эканомікі, індывідуальны прадпрымальнік, хоча паступаць у аспірантуру, сябра маёй ініцыятыўнай групы. Ёй 23 гады. Нас не засмучае розніца ва ўзросце».

Пра вяселле прэзідэнта

«Будзе сціплы роспіс у Чырвоным касцёле. Будуць запрошаныя некалькі сяброў. Я супраць пышных вяселляў. Мы ўзгаднілі, што лепш патраціць тыдзень на падарожжа, чым рабіць святкаванне на 1000 чалавек з п’янкай».

Пра каманду‑рэфарматараў

«Каманда складаецца з трох частак. 1. Людзі, што маюць досвед рэфармавання. Напрыклад, Міхаіл Чыгір, Станіслаў Багданкевіч. Ёсць людзі, што і сёння працуюць у Нацбанку. Натуральна, што я не буду называць іх прозвішчы. Гэта сапраўдныя прафесіяналы‑патрыёты, якія ўсведамляюць, што інфляцыя — зло, і яна павінна быць менш за 2%. Досвед Аляксандра Саснова, што рыхтаваў пенсійную рэформу. 2. Людзі, што працуюць у розных юрыдычных кампаніях, прадпрымальнікі. Ім ад 30 да 40 гадоў. Я ўпэўнены, што вы іх ведаеце, але паколькі ўрад яшчэ не пачалі фарміраваць, то не хачу называць. 3. Людзі з сусветнымі імёнамі меркаванне якіх мне вельмі важнае. Гэта Марк Лаар. Я бачыў яго ў верасні. Ён кажа, калі трэба, то гатовы прыехаць у любы момант. Ён кансультаваў шмат урадаў у свеце. Двойчы быў прэм’ерам Эстоніі. Іхнія рэформы былі аднымі з самых паспяховых. Лешак Бальцаровіч — мой харошы сябар. Па пенсійнай рэформе Хасэ Пінера — родны брат прэзідэнта Чылі. Былы дарадца ўрада Расіі Андрэй Іларыёнаў. Я не касмапалітычны, я патрыятычны, бо выкарыстоўваю найлепшы сусветны досвед. Рэформы гэта не толькі расійскія, ці ўкраінскія. Іхнім шляхам мы не пойдзем».

Пра заробак у 500 тысяч

«Ёсць такі панятак, як аказаныя паслугі да паступлення грошай. Дык вось тыя грошы, што я зарабіў у 2009 годзе мне па дакументах залічылі толькі на 2010 год. Гэта чыста тэхнічная прамашка. Я зарабляю прыкладна 400 даляраў у месяц».

Пра Лукашэнку

«Мы не дыстанцыруемся ад палітычных пытанняў. Адразу пасля абрання мяне прэзідэнтам будзе праведзены канстытуцыйны рэферэндум. Трэба аднавіць раздзяленне ўладаў, абмежаваць тэрміны ўлады прэзідэнта, парламент будзе аднапалатны. Я гэта не кажу на першым месцы, бо ёсць тэхналогія выбараў. Статус былога прэзідэнта краіны, безумоўна, павінен быць. Павінна быць персанальная пенсія, ахова. Ніякага прававога імунітэту не будзе. Любы грамадзянін будзе мець права звярнуцца ў суд на Раманчука, Лукашэнку, Пятрэнку. Не будзе палітычнага пераследу, помсты. Гэта я абяцаю».

Пра балючыя рэформы

«Уяўляеце, што мы пачынаем прамовы са словаў: «Спадарства, зацягнем разам паясы». Але і гэта трэба казаць. Яшчэ тры гады назад рэформы былі б менш балючыя. Як прайсці гэты этап? Ёсць некалькі варыянтаў: 1. Бараніць інтарэсы наменклатуры; 2. Абараняць ад гэтага шоку самых абяздоленых. Сёння 20% самых багатых людзей краіны маюць больш дапамогі, а трэба, каб гэта атрымлівалі 20% найбяднейшых. Людзі, што будуць звольненыя з КДБ, міліцыі, чыноўнікаў маюць адукацыю, сацыяльныя сувязі і капітал. А найбольшая пагроза для чалавека 30‑50 гадоў, што працуе на буйным прадпрыемстве яму няма куды паехаць. Я не лічу мэтазгодным шмат укладваць у сельскую гаспадарку. Мы не можам сабе гэтага дазволіць. Нашы выдаткі будуць сацыяльнаарыентаваныя, а не будуць мець карпаратыўнага характару. Яшчэ калі ты робіш тэрапію цягам году гэта адно, а калі пяць — то ад болю можна памерці. Трэба змінізаваць час такіх рэформ».

Пра 89 тысяч 100 рублёў ахвяраванняў

«Я думаю гэта 82‑гадовая пенсіянерка з Гродна, якая мае дзве вышэйшыя адукацыі. У яе столькі энергіі. Кажа: «Я пайду прагаласую за вас рублём, пералічу грошы». Можа і яна. Такія людзі вельмі актыўныя і чыстыя. Іх патэнцыял большы, чым нават тысячы маладзёнаў, што п’юць піва і не вераць у змены. Бізнесмены кажуць, што гатовы даць, але ўявіце, колькі будзе праверак на іх».

Пра зняццё на карысць Някляева

«Такога варыянта не было. Былі дамовы пра супольную стратэгію супрацы. Мы свае абавязкі выканалі, але наш партнёр вырашыў, што на гэтым пара паставіць кропку. Я тут абсалютна чысты, ні пад каго здымацца мы не будзем. Я б на месцы і Саннікава, і Някляева зняўся б пад мяне. Я беларускі праект, АГП — беларуская партыя. Нават наша ўлада не кажа, што Раманчук маскоўскі ці варшаўскі праект. Калі б я меў мільён ці два, то можа б па‑іншаму сябе паводзіў. А так у нас вельмі бюджэтная кампанія. Таму я разношу ўлёткі, стаю ў пікетах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?