Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік крытыкуе кандыдатаў у прэзідэнты, якія заклікаюць выбаршчыкаў прыйсці 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу.

 Мікалай Лазавік, фота telegraf.by

Мікалай Лазавік, фота telegraf.by

«Вельмі сумна, што кандыдаты ў прэзідэнты замест таго, каб паказаць сябе законапаслухмянымі, заклікаюць закон парушаць»,
 — заявіў БелаПАН Лазавік, каментуючы заклікі шэрагу кандыдатаў у прэзідэнты да выбаршчыкаў выйсці 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу.

«Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў 6 снежня правялі сустрэчу з выбаршчыкамі на Прывакзальнай плошчы. Там дастаткова месца, што хацелі, яны сказалі.

А яшчэ можна было б праводзіць такія сустрэчы каля Палаца чыгуначнікаў, Палаца спорту — там вялікія пляцоўкі», — сказаў ён.

Замест гэтага, зазначыў Лазавік, кандыдаты ў прэзідэнты заклікаюць выбаршчыкаў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы, якая забаронена для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў. «Напэўна, гэта „падзяка“ за лібералізацыю выбарчага заканадаўства і талерантнасць арганізатараў выбараў да свавольстваў кандыдатаў у прэзідэнты», — сказаў ён.

Паводле слоў сакратара ЦВК, «непрыгожа, што патэнцыйныя гаранты Канстытуцыі парушаюць закон».

Мікалай Лазавік не змог адказаць, якой можа быць рэакцыя Цэнтрвыбаркама на заклікі кандыдатаў у прэзідэнты да выбаршчыкаў сабрацца 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы.

«Для пачатку павінны даць прававую ацэнку праваахоўныя органы, напрыклад, папярэдзіць кандыдатаў аб адказнасці за парушэнне заканадаўства», — сказаў ён.

***

З заклікамі да выбаршчыкаў прыйсці 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, звярнуліся кандыдаты ў прэзідэнты Рыгор Кастусёў, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч.

Нагадаем, 30 лістапада Рымашэўскі і Статкевіч атрымалі афіцыйныя папярэджанні Цэнтрвыбаркама за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы Мінска 24 лістапада. Напярэдадні акцыі абодва кандыдаты атрымалі афіцыйныя папярэджанні Генеральнай пракуратуры аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства: правядзенне масавых мерапрыемстваў, у тым ліку агітацыя за кандыдатаў у прэзідэнты, на Кастрычніцкай плошчы забаронена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?