Сайт Джуліяна Асанджа апублікаваў дакумент, які раскрывае механізмы усходняй палітыкі Польшчы і яе дачыненні з Беларуссю
.

Паводле дэпешы пасла ЗША ў Варшаве, датаванай 12 снежня 2008, адным з асноўных механізмаў польскай усходняй палітыкі з’яўляецца «Усходняе партнёрства». «Усходняе партнёрства» — ініцыяванае Польшчай і Швецыяй — скіраванае на паглыбленне уплыву ЕС ва Украіне, Беларусі, Грузіі, Малдове, Арменіі і Азербайджане», — гаворыцца ў дакуменце. Паводле амерыканскага дыпламата, праграма «Усходняе партнёрства» мае наступныя мэты: абмежаваць уплыў Расіі ў рэгіёне, актывізаваць палітыку ЕС на ўсходнім накірунку, пераканаць краіны, задзейнічаныя ў праграме «УП» ў перавазе дэмакратычных каштоўнасцяў з дапамогай абяццанняў выгаднага гаспадарчага супрацоўніцтва і адмены візавага рэжыму з краінамі ЕС.

Аднак найбольшую цікавасць для беларусаў уяўляе тая частка дакументу, дзе мова ідзе непасрэдна аб Лукашэнку і польскай палітыцы ў дачыненні да Беларусі.

«Для Туска і Сікорскага супрацоўніцтва з аўтарытарным рэжымам у Беларусі — выбар меншага зла. Паводле польскай пазіцыі, поўная ізаляцыя Беларусі прывядзе да канчатковага падпарадкавання Беларусі Расіі, з Лукашэнкам, альбо без яго», —
піша амерыканскі дыпламат. І дадае, што такі стан рэчаў не дазволіць спраўдзіцца надзеям Польшчы на тое, што
«Беларусь можа стаць буфернай дзяржавай паміж Польшчай і Расіяй».

Варшаўская дэпеша таксама ўтрымлівае згадкі аб тым, што ў размовах з амерыканскімі дыпламатамі Туск і Сікорскі паведамлялі аб сігналах, што сыходзілі ад кіраўніцтва Беларусі, якое было зацікаўленае ў дыялогу з ЕС і з Польшчай у прыватнасці.

Дэпеша амерыканскага пасла ў Варшаве дазваляе зразумець актывізацыю Польшчы ў дачыненнях з Беларуссю і ролю Міністэрства замежных спраў гэтай краіны ў «пацяпленні» адносінаў афіцыйнага Мінска і Брусэля.

***

Тэкст дэпешы:

РЭЗЮМЭ. Як і мы, Польшча імкнецца падцягнуць ключавыя краіны на ўсходняй мяжы Еўропы, такія як Украіна і Грузія, да заходніх структураў. Польшча робіцца ўсё больш актыўным рэгіянальным гульцом, і з атрымальніка дапамогі ў 1989 годзе зрабілася донарам, дапамагаючы нам ініцыяваць рэформы ў рэгіёне. Варшава ініцыявала супрацоўніцтва ЕС з яго ўсходнімі суседзямі праз польска-шведскія прапановы па Усходнім партнёрстве, якое паскорылася праз крызіс у Грузіі і цяпер з’яўляецца часткай стратэгіі Еўрапейскай камісіі. Усё ж рост ўпэўненасці ў сабе і гістарычны недавер да Расіі могуць часам змусіць Польшчу забягаць далёка наперад — як калі палякі перадалі зброю Грузіі і пачалі азартна прапіхваць зняцце большасці санкцыяў ЕС супраць Беларусі. Але, нягледзячы на выпадковыя перагіны, усходняя палітыка Польшчы — выдатны дадатак да нашай ўласнай.

Стратэгія Усходняга партнёрства

Усходняе партнёрства — комплекс прапановаў Польшчы і Швецыі, скіраваных на паглыбленне адносінаў ЕС з Украінай, Грузіяй, Малдовай, Беларуссю, Арменіяй, і Азербайджанам — уключае ў сябе галоўныя мэты ўсё больш актыўнай польскай палітыкі ў рэгіёне:

— супрацьстаянне ўплыву Расіі ва Усходняй Еўропе (хоць афіцыйна Расія можа ўдзельнічаць у Партнёрстве);

— актывізацыя абавязальніцтваў ЕС перад усходнімі суседзямі, нягледзячы на стомленасць ад пашырэння;

— падштурхванне былых савецкіх дзяржаваў да прыняцця заходніх дэмакратычных прынцыпаў свабоднага рынку ўзамен на матэрыяльную выгаду — асабліва ў галіне свабоднага гандлю і магчымага бязвізавага рэжыму.

Усходняе партнёрства і іншыя захады польскай палітыкі ў рэгіёне маюць мэтаю супрацьстаяць узвышэнню Расіі. Міністр замежных справаў Польшчы Сікорскі сказаў амерыканскім чыноўнікам, што польскі ўрад раней думаў, што Расія зробіцца небяспекай праз 10–15 гадоў, але пасля крызісу ў Грузіі стала зразумела, што гэта могуць быць 10–15 месяцаў. Польскія аналітыкі кажуць нам пра неабходнасць мець буферную зону ва Украіне і Беларусі, што адсоўвае для Польшчы «лінію фронту» ад Расіі, што ўсё больш умацоўваецца. Прапаноўваючы былым савецкім рэспублікам перспектыву свабоднага гандлю і бязвізавага рэжыму з ЕС, Усходняе партнёрства можа ініцыяваць неабходныя рэформы для ўступлення гэтых краін у ЕС і тым самым спыніць расійскі ўплыў. Чыноўнікі адзначаюць, што, напрыклад, уладальнік расійскага пашпарту ў Грузіі цяпер мае менш абмежаванняў у падарожжах па Еўропе, чым ўладальнік грузінскага пашпарту.

Польскія чыноўнікі вераць, што большая дзелавая прысутнасць Захаду ў такіх краінах, як Беларусь і Украіна, забяспечыць альтэрнатыву расійскім кампаніям, якія кантралююцца дзяржавай, а праграмы разумнага кіравання ЕС дапамогуць змагацца з карупцыяй, што аслабіць расійскі палітычны і эканамічны ўплыў. Урад Туска, упэўнены, што ЕС агулам можа паўплываць на Маскву мацней, чым асобныя дзяржавы-чальцы, аслабіў агрэсіўную рыторыку папярэдніка і шукае магчымасці стварыць кааліцыю сярод дзяржаваў — чальцоў ЕС. Міністр Сікорскі распрацоўваў Усходняе партнёрства са шведскім міністрам замежных справаў Більтам, польскія і шведскія пасольствы ў ЕС сумесна лабіявалі падтрымку гэтай ідэі сярод іншых дзяржаваў — чальцоў ЕС. Калегі з ЕС у Варшаве хваляць праект як рэальнае сведчанне дасягнення Польшчай «паўнагоддзя» ў ЕС. Туск таксама імкнецца палепшыць адносіны з Германіяй і спадзяецца, што гэта прынясе вялікую фінансавую падтрымку Усходняму партнёрству. Прэм’ер-міністр дасягнуў пагаднення з Парыжам у сакавіку 2008 і падтрымаў французскія прапановы па ініцыятывах у паўднёвым рэгіёне ЕС у абмен на падтрымку Партнёрства Францыяй. Сама Польшча развілася ад атрымальніка дапамогі да донара, выдзеліўшы ў 2008 годзе 26 млн злотых (8,7 млн даляраў) на Беларусь і 16 млн злотых (5,3 млн даляраў) на Украіну. Дапамога пашыралася на незалежныя СМІ, памежнае супрацоўніцтва, грамадскія арганізацыі і кантакты паміж людзьмі. Польшча таксама адправіла 6 млн еўра (7,8 млн даляраў) у Грузію ў перыяд 2008–2010. Роберт Тышкевіч, Старшыня Камітэта па замежных справах Сейма, акрэслівае дапамогу Польшчы як «сціплую, але карысную, таму што сама Польшча ў посткамуністычны перыяд змагалася з такімі ж праблемамі. Чыноўнікі МЗС заклікалі да стратэгічнага дыялогу высокага ўзроўню паміж Вашынгтонам і Брусэлем па гэтых пытаннях.

Умацаванне нацыянальнай бяспекі

Каб дапоўніць пашыраныя абавязальніцтвы з ЕС, Варшава шукае судзеяння і падтрымкі Амерыкі і НАТО ва Усходняй Еўропе. Польскія чыноўнікі ўспрымаюць ўварванне Расіі ў Грузію ў жніўні як пацверджанне іх папярэджанняў пра Маскву, то бок пра яе агрэсіўныя паводзіны. Згодна з «дактрынай Сікорскага», далейшыя спробы Расіі змяніць межы з дапамогай сілы або падрыўной дзейнасці Еўропа мусіць расцэньваць як пагрозу бяспецы, што цягне за сабой адпаведны адказ усёй Еўра-Атлантычнай супольнасці. Польшча настойвала на ўступленні ў НАТО Украіны і Грузіі, каб быць упэўненай, што гэта пацвердзіць гарантыі «Артыкула 5». Сікорскі наракаў, што НАТО ператварылася ў палітычны клуб без зубоў, і папярэдзіў, што Польшча не можа ігнараваць магчымасць паўтарэння сцэнару Грузіі ва Украіне. Ён таксама сказаў амерыканскім чыноўнікам, што, зважаючы на расійскага самавольства ў Грузіі, палітыка Польшчы па ўзбраенні грузінаў даказала сваю слушнасць, нягледзячы на пярэчанні ўрада ЗША.

Пастаяннае хваляванне Польшчы з нагоды належных гарантыяў яе бяспекі з боку саюзнікаў адыграла ключавую ролю ў рашэнні падпісаць пагадненне з ЗША аб абароне ад балістычных ракет. Польскі ўрад хоча ўпэўненасці ў тым, што ЗША і НАТО расцэньваюць як абавязак абарону тэрытарыяльнага суверэнітэту Польшчы ў выпадку канфлікту.

Адразу пасля ўварвання Расіі ў Грузію Туск падкрэсліў уразлівасць Польшчы, калі спытаў амерыканскіх службоўцаў высокага ўзроўню: «Цяпер вы разумееце, чаму мы хочам вашых ракетаў і далейшых гарантый бяспекі (як патрабавалі падчас перамоваў па супрацьракетнай абароне)?"

Спробы зменшыць санкцыі ў дачыненні да Мінска

Польскі ўрад — з падачы Сікорскага — прасунуў ідэю часовага скасавання амаль усіх візавых санкцый ЕС супраць рэжыму беларускага прэзідэнта Лукашэнкі, нягледзячы на заклікі ўрада ЗША змякчаць санкцыі паступова. Сікорскі публічна абвінаваціў ЗША ў падвойных стандартах праз цесныя сувязі амерыканцаў з «дыктатурай у Саудаўскай Аравіі, але не ў Беларусі». І Сікорскі, і Туск прызнаюць, што польскі ўрад рызыкуе быць абвінавачанны ў заігрываннях з дыктатарам, але сцвярджаюць, што залучэнне Беларусі ў саюзнікі асабліва важнае пасля расійскага ўварвання ў Грузію.

Прэм’ер-міністр і міністр замежных справаў Польшчы ў жніўні сказалі амерыканскім чыноўнікам, што Польшча адказвае на сцвержанні Беларусі аб цікавасці да дыялогу, і, як ЗША, настойвае на вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі.

Туск і Сікорскі разглядаюць супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі як меншае зло. На думку палякаў, ізаляваная Беларусь можа трапіць у расійскую пастку, з Лукашэнкам ва ўладзе або без яго. Расійскае дамінаванне падвергла б небяспецы дэмакратычныя пераўтварэнні і, што яшчэ больш важна, на думку Варшавы, — разбіла б надзеі на тое, што Беларусь можа зрабіцца буфернай дзяржавай паміж Польшчай і Расіяй. Польскі ўрад упэўнены, што Лукашэнка мае дастаткова ўлады, каб супраціўляцца ўплыву незалежных структур, і гэта дае яму свабоду манеўру. Чыноўнікі МЗС кажуць, што ў адказ на разгляд пытання аб скасаванні візавых санкцыяў Беларусь сігналізавала ў Брусэль, што Мінск гатовы зняць некаторыя абмежаванні на СМІ.

Задачы на будучыню

Чыноўнікі МЗС разумеюць, што палітыка Польшчы на ўсходзе можа пацягнуць рэзкую рэакцыю Расіі, але яны бачаць большую небяспеку ў тым, каб нічога не рабіць, бо лічаць, што агрэсія Расіі расце. Польшча імкнецца зменшыць рызыку зваротнай рэакцыі, падтрымліваючы прыязны дыялог з Масквой і вітаючы аб’яднанне ЗША і ЕС супраць расіі па балючых пытаннях энергетыкі і бяспекі.

Прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі, найважнейшы палітычны праціўнік прэм’ер-міністра, займае больш агрэсіўную пазіцыю ў дачыненні да Расіі; ён часта наведвае Грузію і робіць там заявы без узгаднення іх з урадам. У пэўнай ступені жорсткую палітыку Качынскага разбаўляе пазіцыя Туска, але два супрацьлеглых падыходы лідараў могуць перашкодзіць дасягненню агульнай мэты пашырыць еўрапейскія і трансатлантычныя інстытуты на ўсход.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?