Беларускі палітычны год вельмі падобны на цыклічныя зьмены часоў году – тыя ж кардынальныя зьмены надвор’я, якія няспынна зьнішчаюць ўсе рэшткі папярэдняе пары, але потым ізноў вяртаюцца да нас штогод.

Наш каляндар пачынаецца звычайна ў сярэдзіне лютага, калі закаханая і абуджаная любоўю да ўсяго навакольнага моладзь выплюхвае свае самыя моцныя, самыя пазытыўныя, пранікнёныя патрыятызмам эмоцыі на вуліцы буйных гарадоў, апаноўваючы і захапляючы ня толькі сэрцы стомленых ад зімовага чаканьня мінакоў, але ўздымае і перагортвае ўсю дзесяцiмільённую краіну. Тады сапраўды адчуваеш, што ад шчырага моладзевага гуканьня «Любові! Свабоды! Пераменаў!» кожны год 14 лютага беларускія сэрцы зьмяняюцца й пачынаюць грукацца па-новаму, па-сапраўднаму, па-жывому.

Далей на календары сьвята канстытуцыі і Дзень Волі. Менавіта ў гэты дзень, калі вясновае цяпло ня толькі сагравае душу натхненьнем, але ўжо вельмі пасьпешна топіць ледзяшы на дахах, беларус канчаткова прачынаецца і, нібы мядзьведзь, выбіраецца са свае нары проста на плошчу, захапляючы з сабою сапраўдны вясновы настрой і сапраўды беларускі сьцяг. Абудзіўшыся ад зімовай цемры, атрымаўшы веру й надзею на лепшае і сьветлае, ён нібы ўсім сэрцам крычыць адвечнае «Жыве Беларусь!» і патрабуе «Незалежнасьці!». Паводле шчасьлівай залежнасьці, найбольш застрашлівыя хапуны ў гэты дзень прыпадаюць менавіта на хмурыя і халодныя Дні Волі, а самыя жорсткія – але яны ўсё ж прымушаюць верыць і змагацца далей – разгоны нацыянальнага сьвята адбываюцца акурат у сонечныя Дні Незалежнасьці. Узгадаем хаця б два апошнія гады, калі нават пасьля самых масавых за гісторыю затрыманьняў, нацыянальны рух абуджаўся й нечакана пачынаў верыць у перамогу.

Пасьля чарговай «адседкі», сьвядомы беларус заўважае відовішчнае пераўтварэньне і росквіт роднага краю – нібы нейкая незразумелая магутная сіла сама прымушае дэмакратаў забыцца на нядаўнія «суткі» і рыхтавацца да самай важнай вясновай падзеі. 26 красавіка заўжды становіцца самай гарачай кропкай палітычнае вясны – улада паказвае небывалы лібэралізм, дазваляючы шэсьце і затрымліваючы толькі самых актыўных арганізатараў, а грамадзтва дэманструе сваю салідарнасьць і масава выходзіць на вуліцу.

Наступная дата беларускага календару – 14 траўня: самай раніцаю дзясяткі нацыянальных штандараў уздымаюцца па-над абуджанай маладой краінай, нібы паўтараючы неўміручыя словы Караткевіча «Быў. Ёсьць. Буду.». Бачачы такі бел-чырона-белы прамень над менскімі гмахамі, душа напаўняецца невымерным шчасьцем і любоўю да сваёй краіны.

Пасьля гарачай вясны надыходзіць скварнае лета – час самаўдасканаленьня, навучаньня й адпачынку. Сьвядомы беларус нарэшце выбіраецца з гораду, арганізоўваючы розныя летнікі на прыродзе, адпачынкі, сьвяткуе Купальле й танчыць на Басовішчы.

1 верасьня пачынаецца палітычная восень – вельмі цікавая й жывая пара для дэмакратычных сілаў, але кожны ейны дзень набліжае нас да зімы – цьвержы холаду, безнадзейнасьці й утапічнасьці, якая часам разьбівае нават самыя моцныя й дзейсныя ідэі. Нацыянальны рух кожны год праходзіць гэтае сэзоннае кола й чарговы раз вяртаецца менавіта да яе – зімы.

2006 год ня стаў выняткам з кола палітычнага клімату. У гэтым годзе мы назіралі вельмі працяглую, ідэйна пранікнёную і вельмі амбітную сапраўдную моладзевую вясну. Яна распачалася яшчэ глыбокаю зімою падчас збору подпісаў, трансфармавалася ў мужны супраціў моладзі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і ўрэшце фаэрычна выбухнула на плошчы, карэнным чынам зламіўшы страх і даўшы вялізную надзею на перамогу. Гэтыя моцныя ідэі ня згасьлі нават падчас самых масавых за гісторыю незалежнай Беларусі арыштаў, перасьледу і небывалых раней палітычных адлічэньняў, ня вычарпалі сябе падчас доўгатэрміновых моладзевых галадовак салідарнасьці, не разьбіліся і не былі раздушаныя беспрэцэдэнтным дагэтуль крымінальным перасьледам – усё гэта толькі дадавала моладзі яшчэ большую ўпэўненасьць, адчуваньня свабоды і правільнасьці выбранага накірунку.

Але прырода бярэ верх над усім. У верасьні КДБ арыштоўвае лідэра Плошчы Зьмітра Дашкевіча і пераводзіць змаганьне ў крымінальную роўніцу салідарнасьці. Гэта надае Зьмітровым сябрам яшчэ больш упэўненасьці й веры, але судзьдзя Ала Булаш халодна выконвае палітычны заказ, адпраўляючы маладога хлопца на паўтара году ў калёнію, тым самым адбіраючы ў маладзёнаў-паплечнікаў апошнія надзеі. Моладзі-2006 застаецца толькі плакаць і маліцца, стоячы на каленях перад домам лукашэнкаўскага правасудзьдзя.

А між тым прыходзіць зіма. Сьцінаючы маразамі й засыпаючы сьнягамі мінулы палітычны сэзон, яна абвяшчае пачатак новага. Але гэта ўжо зусім іншы год. Якім ён будзе – гэта залежыць ад нас саміх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?