Лідэр беларускага «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч асуджаны судом у Менску на два гады зьняволеньня за стварэньне незарэгістраванай арганізацыі. Дашкевіч не ўчыніў ніякай асаблівай правіны, якая б была заўважаная правасудзьдзем у Расеі ці ва Ўкраіне. Ён не выходзіў на несанкцыянаваны мітынг, не заклікаў да зьмяненьня існага ладу, не абражаў прэзыдэнта. Прынамсі, нічога з вышэйпералічанага яму не інкрымінуецца. Дашкевіч вінаваты толькі ў тым, што стварыў арганізацыю, якой было адмоўлена ў рэгістрацыі – гэтакае беларускае злачынства.

Прысуд Дашкевічу яшчэ раз дэманструе трагічную арыгінальнасьць беларускага рэжыму. Па-першае, у Менску прымудраюцца саджаць людзей у турмы за тое, што ў іншых краінах проста не ўсхвалявала бы ўладу. Па-другое, галоўнымі апанэнтамі ўлады аказваюцца менавіта маладыя людзі – дакладней, актыўная іх частка.

Улада, якую раздражняе моладзь, па вызначэньні беспэрспэктыўная – бо абапірацца яна можа толькі на тых, хто выхаваны ў савецкіх традыцыях павагі да любога рашэньня начальства. Аднак гэтыя дабраякасныя і небясьпечныя падданыя рана ці позна саступяць сваё месца тым, хто сёньня выклікае алергію ў Аляксандра Лукашэнкі.

Вядома, можна запярэчыць, што зусім ня ўся беларуская моладзь выступае супраць палітыкі прэзыдэнта краіны, фарміруе нядобрыя арганізацыі і ўвогуле паводзіць сябе задзірліва. Што ёсьць і цудоўныя маладыя людзі, якія горача любяць прэзыдэнта і ня ведаюць, хто такі Зьміцер Дашкевіч. І гэта таксама праўда. Толькі гэтыя маладыя людзі не складаюць палітычна актыўную частку грамадзтва. І ўвогуле – актыўную частку грамадзтва яны не складаюць. А будаўніцтва Беларускай дзяржавы мусяць ажыцьцяўляць менавіта актыўныя людзі, якія вераць у яе будучыню.

Сытуацыя была б значна прасьцейшай, калі б Аляксандар Лукашэнка хацеў гэтую дзяржаву ліквідаваць, далучыць да Расеі абласьцямі, зрабіць часткаю саюзнай дзяржавы. Але Лукашэнка якраз нічога гэтага ня хоча. Ён імкнецца кіраваць незалежнай Беларусьсю – і ў гэтым сэнсе Зьміцер Дашкевіч, які бароніць права Беларусі на існаваньне, – натуральны саюзьнік свайго натуральнага праціўніка. А вось высокапастаўленыя расейскія візытэры, якія разглядаюць Беларусь як патэнцыйны рэзэрвуар новых расейскіх абласьцей, наўрад ці даспадобы абодвум – і таму, хто вырашыў пасадзіць, і таму, хто адбывае тэрмін.

Дык навошта ж Лукашэнку саджаць Дашкевіча?

А дзеля таго, што ён хоча гаспадарыць краінай, у якой толькі ён будзе вырашаць, хто благі й хто добры, хто брат, а хто вораг, каго караць, з каго зьлітавацца. Зьміцер Дашкевіч гэтак жа небясьпечны для Аляксандра Лукашэнкі, як і Ўладзімер Пуцін – абодва квапяцца на сьвятарнае права беларускага прэзыдэнта распараджацца жыцьцямі й думкамі падданых. Але пасадзіць расейскага прэзыдэнта ягоны беларускі калега ня можа. Застаецца змагацца з хлопцам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?