Журналіст «Звязды» наведаў рагачоўскі суд, дзе разглядаюць справу былога ўчастковага і дэпутата Мікалая Клімянка. Сёлета ў купальскую ноч ён з пісталета Макарава стрэліў у галаву 22-гадовай Ніне Карасёвай. За што? Пра якія невядомыя раней акалічнасці стала вядома на судзе?

 У зале суда

У зале суда

 Ніна Карасёва

Ніна Карасёва

 Той самы Клімянок

Той самы Клімянок

Адзінаццаць чалавек без уліку сведак — столькі людзей прыйшло ў залу Рагачоўскага суда на разгляд самай абуральнай крымінальнай справы ў краіне.

Забойства жыхаркі вёскі Журавічы Ніны Карасёвай, якое здарылася сёлета ў купальскую ноч, скалынула многіх. Позна ўвечары 6 ліпеня ўчастковы Рагачоўскага РАУС Мікалай Клімянок стрэліў дзяўчыне ў галаву з пісталета Макарава. Беспрычынна.

«Цябе, с…а, даўно трэба было грохнуць, — перадае словы пярэваратня ў пагонах сведка ракавога стрэлу, якая сядзела ў міліцэйскай машыне побач з ахвярай. — 

Клімянок узяў зброю, нечакана наставіў на Ніну і стрэліў ва ўпор, проста ў галаву. Была нібы іскра, на перад машыны хлынула кроў…»

Ніна Карасёва, атрымаўшы ачаговую траўму, адкрыты пералом звода чэрапа, памерла праз 11 дзён у райбальніцы. А былы ўчастковы міліцыянер,

дэпутат мясцовага савета і бацька дваіх дзяцей Мікалай Клімянок пачаў называць свой стрэл ва ўпор "выпадковасцю".

— Карасёва сказала, што пісталет — несапраўдны. Я вырашыў перадаць ёй табельную зброю, каб пераканаць, што яна памыляецца, — выкручваўся абвінавачаны на судзе. —

Яна нізка нахіліла галаву. Раптам адбыўся стрэл…

Пасля таго, што адбылося, я знаходзіўся ў шокавым стане, не мог зразумець, як гэта здарылася, мне было страшна…

Сведка: «У руках міліцыянера было дзве бутэлькі гарэлкі, а за поясам — пісталет»

У зале судовага пасяджэння Клімянка змясцілі ў клетку. Былы міліцыянер сядзеў пачырванелы, насуплены, перыядычна апускаў вочы долу. Зрэдку кідаў востры і адначасова пакрыўджаны позірк на жонку.

Выглядаў былы ўчастковы і дэпутат, як цынічнае дзіцё, якое вось-вось нашкодзіць за тваёй спінай. Клімянок то хістаўся наперад і назад, то ціха плакаў, выціраючы слёзы насовачкай.

Сведкі расказвалі пра новыя акалічнасці, удакладнялі ўжо вядомыя дэталі. Па-першае, яшчэ раз прагучаў адказ на пытанне, чаму Ніна Карасёва трапіла ў міліцэйскую машыну тым ракавым вечарам. З гэтай нагоды разыходзіліся чуткі: маўляў, ахвяра і яе забойца былі каханкамі. Аднак і тыя людзі, што працавалі з Нінай, і тыя, што былі на месцы здарэння, гаварылі адваротнае.

У свой час прыгажуня Ніна Карасёва адмовілася заводзіць раман з «жанацікам» Клімянком,

а ў той вечар прыехала паразмаўляць з міліцыянерам наконт свайго знаёмага, якому пагражала крымінальная адказнасць.

Гутарка прывяла да стрэлу ва ўпор.

Другі момант. Усе чулі, што міліцыянеры, якія павінны былі ахоўваць грамадзянскі парадак у купальскую ноч, замест гэтага пілі гарэлку.

Сведкі ж расставілі кропкі над «і»: жлукцілі дэманстратыўна, зневажаючы сваімі паводзінамі іншых грамадзян.

Думкі «пастраляць» у тую ноч гучалі не толькі з вуснаў участковага Мікалая Клімянка. Сведка Аляксандр Абрамовіч, які працуе сацработнікам у Доўску, распавёў пра тое, як сустрэўся з міліцэйскай «брыгадай» на мясцовым возеры. Ніны Карасёвай і яе сяброўкі на той момант з «ахоўнікамі закону» яшчэ не было.

— На капоце «Жыгулёў» стаяла піва, гарэлка, ляжала закуска — рыба. — Прапанавалі: «Давай вып’ем», — узгадвае Аляксандр Абрамовіч.

— Побач, над возерам, лятаў каршун. Тады Лебедзеў (яшчэ адзін міліцыянер, які ўжо звольнены з органаў. — «Звязда») сказаў: «Дайце пісталет, я яго застрэлю».

Абвінавачаны ж Мікалай Клімянок заяўляў пра намер «пастраляць» неаднойчы.

Па словах яшчэ адной сведкі, якая была на возеры разам з міліцыянерамі, Клімянок «кудысьці пабег, зачапіўся за пень, упаў, пачаў крычаць: «Мне ўсё можна, перастраляю ўсіх». Чулі і такое, што казаў: «Трэба пастраляць». Думалі, што напіўся чалавек, вярзе лухту, не звярнулі на гэта належнай увагі.

За межамі пляжа, у мястэчку Доўск,

міліцыянеры не саромеліся адкрыта купляць алкаголь і хадзіць, размахваючы бутэлькамі з гарэлкай перад грамадзянамі.

— Я сустрэў Лебедзева на ганку сваёй установы. У яго руках было дзве бутэлькі гарэлкі, — даваў паказанні на судзе гаспадар бара «Аляксандр», ля якога здарылася трагедыя. — Я пачаў яго дакараць: «Што вы сабе дазваляеце?» У адказ Лебедзеў сказаў: «Стары, у нас цвярозы кіроўца». За поясам у міліцыянера тырчаў пісталет. Мая жонка абурылася: «А гэта што такое?» На гэта пытанне міліцыянер паправіў пісталет і моўчкі выйшаў…

Праз некалькі гадзін бесперапынная п’янка прывяла да трагедыі. Мікалай Клімянок, здавалася, збіраўся ісці дадому, але затрымаўся ў машыне, дастаў табельную зброю і…

Следства высветліла, што

страляў Клімянок «беспрычынна, выяўляючы знявагу да грамадства, п’яную зухаватасць».

Экспертыза паказала наяўнасць у яго крыві 2,62 праміле алкаголю, а ў мачы — 3,85 праміле. У былога ўчастковага не знайшлі псіхічных адхіленняў.

Маці забітай дзяўчыны: «Нас пужалі, што яго пасадзяць ненадоўга»

Мікалаю Клімянку пагражае ад 8 да 25 гадоў зняволення або пажыццёвае зняволенне. Цягам судовых пасяджэнняў абвінавачанне было перапрад’яўлена з артыкула «замах на забойства» на пункт 13 частку 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Беларусі (забойства з хуліганскіх памкненняў).

Маці Ніны Карасёвай не стрымалася і заплакала, калі ў зале суда пачалі аглядаць рэчавыя доказы, дастаючы іх з картонных скрыняў. Гэта басаножкі Ніны, запэцканыя крывёй чахлы «Жыгулёў», форменная вопратка Клімянка, той самы пісталет Макарава…

— Я дзіўлюся таму, што ён толькі часткова пагадзіўся з абвінавачаннем.

Замест таго, каб сказаць «я забіў гэту дзяўчыну», ён пашкадаваў, што «парушыў службовы статут, няправільна абыходзіўся са зброяй»,

— абураецца Тамара Аляксееўна, маці забітай Ніны Карасёвай. — Яго сваякі і палюбоўніца хлусяць: маўляў, наша дачка — блудніца. Хоць даўно ўстаноўлена, чаму Ніна аказалася ў міліцэйскай машыне ў тую ноч.

Нас пужалі, што яго пасадзяць ненадоўга. Пасядзіць і выйдзе, пужалі, што і з намі разбяруцца.

Спадзяванне застаецца толькі на беларускае правасуддзе.

Слуханні справы пачаліся 24 лістапада, прысуд плануюць вынесці днямі. Гучную справу разглядае суддзя Гомельскага абласнога суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?