Мастак, якога 9 сьнежня арыштавалі на 13 сутак, на знак пратэсту адмовіўся размаўляць: ён ані слова не сказаў на судзе і працягвае маўклівы пратэст у камэры папярэдняга зьняволеньня.

Алеся Пушкіна адведаў ягоны сябар з Крупак Андрэй Аляхновіч. Ён пабываў у Крупскім РАУС, дзе ў адмысловым памяшканьні адбываюць «суткі» асуджаныя. Спадар Аляхновіч спрабаваў перадаць зьняволенаму печыва, цукеркі, гарбату і каву, аднак Пушкін адмовіўся ад перадачы.

Паводле Андрэя Аляхновіча, мастак знаходзіцца ў камэры-адзіночцы і ляжыць на нарах, адвярнуўшыся тварам да сьцяны і не рэагуе на любыя звароты. Ён з учорашняга дня адмаўляецца ад ежы, кажа спадар Аляхновіч, — падобна, што на знак пратэсту Пушкін абвясьціў галадоўку, але ня кажа пра гэта ўголас. Таксама на знак пратэсту.

Знаходзіцца пад арыштам, паводле рашэньня Крупскага раённага суду, Алесь Пушкін мусіць да 21 сьнежня. Жонка мастака Яніна Пушкіна пераканана, што мужа арыштавалі прэвэнтыўна — каб ён ня зладзіў нейкай акцыі ў дзень выбараў 19 сьнежня.

***

Падставай для арышту стала заява аднавяскоўца Лазарэвіча, які паскардзіўся ў міліцыю, што мастак яго зьбіў. Яніна Пушкіна кажа, што ніякай бойкі не было: Алесь проста выставіў нецьвярозага аднавяскоўца-крымінальніка са свайго двара, калі апошні пачаў задзірацца з гаспадаром. Інцыдэнт адбыўся ранкам 8 сьнежня, а каля 15.45 Алеся Пушкіна забралі ў міліцыю з уласнай хаты ў вёсцы Бобр Крупскага раёну. 9 сьнежня Крупскі райсуд асудзіў Алеся Пушкіна за злоснае хуліганства.

Падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў мастак таксама знаходзіўся ў зьняволеньні: напярэдадні яго падобным чынам гэтаксама асудзілі за хуліганства і пакаралі арыштам на 15 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?