Ці «N.R.M» распаўся? Хто з заходніх зорак вывучыў песню «Крамбамбулі»? Пра гэта напярэдадні вялікага ўласнага канцэрта Лявон Вольскі распавёў у інтэрв’ю Кастусю Лашкевічу.

Чаму Вольскі не агітуе за кандыдатаў?

— Зміцер Вайцюшкевіч спявае на пікетах Уладзіміра Някляева. Вольскі публічна не падтрымлівае ніводнага з кандыдатаў, хоць пяць год назад вы гралі і на перадвыбарчым канцэрце, і на плошчы таксама выступалі…

— Па-першае, сёлета няма адзінага кандыдата…

— Гэта так важна?

— Для мяне гэта істотна, бо мая публіка разгрупавалася мінімум сярод чатырох кандыдатаў.

Калі выступаць за некага аднаго, пакрыўдзяцца тыя слухачы, хто падтрымлівае іншага.

І, калі казаць шчыра, ніякіх прапановаў ад кандыдатаў не было.

Можа быць, каб на нашую каманду пару месяцаў таму выйшлі прадстаўнікі кагосьці з кандыдатаў і прапанавалі арганізаваць перадвыбарчы крэатыўны канцэрт, для нас гэта было б цікава. І мы б заняліся, каб зрабіць гэтую акцыю непадобнай да ўсяго, што ў гэтым рэчышчы было зроблена раней.

Але, можа, усё ідзе належным чынам, і выступы кандыдатаў у прэзідэнты на TUT.BY, па тэлевізіі прыцягнуць нашмат больш людзей.

Бо нашых слухачоў не трэба агітаваць. Яны ўжо зрабілі выбар.

Трэба даходзіць да іншых групаў, якія не пойдуць слухаць рок на плошчу Бангалор.

Выбары-2010: бойз-бэнд супраць Сінатры

 — Палітычна-гумарыстычныя частушкі пра Саўку ды Грышку пацвярджаюць, што вы ўважліва сочыце за палітычнай сітуацыяй. Для вас асабіста сёлетняя выбарчая кампанія яшчэ мае інтрыгу?

— Для мяне, як і шмат для каго, гэтыя выбары ўзялі вельмі нечаканы накірунак. Усе прызвычаіліся да сцэнара, калі з аднаго боку — харызматычная асоба, а з іншага адзіны кандыдат, які нібыта яе ўраўнаважвае. Гэтым разам маем шмат кандыдатаў, кожны з якіх сімпатычны па-свойму.

Атрымаўся своеасаблівы бойз-бэнд: усе спяваюць адну песню, але на розныя галасы.

У шоу-бізе гэта самая прабіўная схема: хочаш азалаціцца — ствары бойз-бэнд. Калі мы ўжо звярнуліся да гэтых катэгорый,

то супрацьстаіць бойз-бэнду, напэўна, Сінатра.

Усё ідзе не па зададзеным сцэнары, таму будзем чакаць.

— Ці пойдзеце галасаваць і што плануеце рабіць 19 снежня?

— Галасаваць, канечне, буду. Апроч гэтага літаральна на днях праваабаронцы запрасілі мяне пабыць назіральнікам на выбарах.

Такое ж жаданне выказалі Зміцер Вайцюшкевіч, Алег Хаменка, Андрэй Хадановіч…

Думаю набяром з дзясятак вядомых творчых асобаў, якія на дзень апануюць некалькі выбарчых участкаў. Засталося толькі прайсці назіральніцкі лікбез.

«Не было ніякай дамовы з уладамі!»

— Ва ўсіх на слыху гісторыя «J: Морс», якія праз нежаданне граць на прапагандовым канцэрце ледзь не пазбавіліся ўласнага выступлення ў Палацы спорта. З вамі нешта падобнае здаралася апошнім часам?

— Мне падаецца, што ў высокім аддзеле, які раней забараняў канцэрты, цяпер сядзіць чалавек, які кантралюе, каб такога не было. Чынавенства пэўнага рангу можа зрабіць падобнае глупства і паспрабаваць адмяніць канцэрт. Але калі гэта даходзіць да чалавека іншага, вышэйшага ўзроўню, ён асаджае назад: «Вы што! У нас жа дэмакратыя». Але, мне падаецца, гэта не тычыцца перыферыі.

— Кампрамісная дамова з Адміністрацыяй прэзідэнта, пасля якой вас тры гады назад выкраслілі з"чорных спісаў», па-ранейшаму ў сіле? «чорных спісаў», па-ранейшаму ў сіле?

— Шмат легендаў пра наш паход, і не ўсе ўсё добра разумеюць.

Нам было сказана літаральна наступнае:

«Наверсе вельмі негатыўна ўспрымаюць ваш удзел у палітычных акцыях. Таму я б вам параіў устрымацца. Але гэта ваша асабістая справа».

На сённяшні розум, музыкі ў гэтай гісторыі з паходам былі падобныя да гадаванцаў дзіцячага садка. Мы нават загадзя не сабраліся і не абмеркавалі агульную лінію паводзінаў. Насамрэч, роля таго візіту моцна перабольшаная. Улады пачыналі «лібералізацыю», і канцэрты б усё адно дазволілі.

Пасля скасавання забароны мы можам граць канцэрты. Але незалежны творца пастаўлены ў досыць цяжкія эканамічна-фінансавыя ўмовы. Прынамсі, у параўнанні з прадстаўніком дзяржаўнай эстрады. Канцэртнае заканадаўства дае дарогу легітымнай папсе і шчэміць незалежную музыку. Гэта спецыфічнае, я б сказаў, маразматычнае канцэртнае заканадаўства. Вось ужо год, як хочуць яго мадэрнізаваць, але ўсё ніяк не адменяць ганебную «гастрольку» — пасведчанні на арганізацыю канцэртаў.

— Што да выступаў на ТВ, раней вы туды зусім не імкнуліся. Маўляў, не ваша аўдыторыя. Цяпер выступаеце…

— Наш маніторынг даў невялікі збой. У інтэрнэце багата нашай публікі, і нам падалося, раз мы выключылі ТВ, тое самае зрабілі і іншыя. Аднак выявілася, у Беларусі даволі значны сегмент па-ранейшаму глядзіць тэлевізію.

Ясна, што трэба выбіраць.

Я не пайду на ток-шоу, дзе дадуць сказаць два словы, а пасля мантажу застанецца адно. Але ж калі запрашаюць праспяваць песню, чаму ж не?

«Музычная крытыка ў нас спецыфічная»

— Лявон, апошнім часам вы пераключыліся на «Крамбамбулю», якая атрымала другое дыханне. Новы склад, новае жорсткае гучанне. Людзі загаварылі, што «N.R.M." канец…

— «N.R.M." надыдзе канец, калі пра гэта абвесцяць на прэс-канферэнцыі.

— Але ў бліжэйшым часе канкрэтных планаў з «N.R.M." няма?

— Не.

— Сёння моладзь не вельмі цікавіцца літаратурай, асабліва беларускай класікай. Вы ж вырашылі стымуляваць гэты інтарэс, выдаўшы «Белую яблыню грому» на вершы класічных беларускіх паэтаў. Які ваш крытэр ацэнкі поспеху ці няўдачы гэтай кружэлкі?

— Ад кампетэнтных людзей, якім я давяраю, кшталту Сяргея Міхалка ці нямецкага журналіста Інга Пэтца, мы атрымалі вельмі станоўчыя водгукі. Ацэнкі беларускай музычнай крытыкі былі бліжэй да негатыўных. Некаторым з іх хочацца, каб мая творчая асоба развівалася ў іншым накірунку. Увогуле, музычная крытыка ў нас спецыфічная. У іншых краінах аналізуюць гук, выкананне, харызму, іншыя тонкія рэчы, у нас проста кажуць: «Ай, надакучыла! Не спадабалася!».

— Дарэчы, якія сюрпрызы чакаюць гледачоў на вялікім канцэрце за тры дні да прэзідэнцкіх выбараў?

— У першай частцы мы выканаем «Белую яблыню грому». Апроч кампазіцый, што ўвайшлі на кружэлку, прагучыць дзве новыя песні на творы Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса. У другім аддзяленні мы прадставім мае сольныя песні і сем песень з новага альбома «Крамбамбулі» — традыцыйныя песні народаў Еўропы, сярод іх і беларускія, частку якім мы нядаўна спявалі на онлайн-канцэрце на TUT.BY. Таксама будзе багата цікавых і нечаканых дуэтаў, чытанне вершаў і відэаінсталяцыі. Скончыцца канцэрт новай песняй «Vive le Matin» («Хай будзе дзень»). І хаця яна пісалася і выконвалася на канцэртах ужо мінулым летам, вельмі пасуе да нашай цяперашняй жыццёвай сітуацыі (прэзентацыя сінгла адбудзецца на партале TUT.BY 14 снежня. — TUT.BY).

Карпаратыў для «касманаўтаў»

— У будучым альбоме ёсць і французская, і нямецкая, і харвацкая песні… Маеце намер заваяваць Еўропу?

— Гэтым трэба займацца. Рэч нават не ў тым, што беларускі рынак вузкі. Проста трэба ісці далей, вышэй, шырэй! Варта шанаваць беларускую публіку, і мы яе вельмі любім, але нельга замыкацца ў «асобна ўзятай краіне». У «Крамбамбулі» ўжо ёсць запрашэнне выступіць у Нямеччыне на пачатку наступнага года. Можа, з гэтага і пачнём трыумфальнае шэсце па Еўропе.

Літаральна днямі нам даслалі відэа ў сетцы Facebook, на якім вакаліст знакамітага амерыканскага гурта Gogol Bordello праспяваў урывак нашай песні «Прадай гітару, купі каня». Прыемна!

— На Новы год будзеце святкаваць ці граць карпаратыў?

— На Новы год будзем святкаваць! Але не ведаем пакуль, дзе і як. Зараз усё гэтак хутка змяняецца, што цяжка спланаваць наступны дзень. Магчыма, будзем у вёсцы пад Ракавам, можа — у Кёльне.

— Ці часта вам замаўляюць карпаратывы і хто гэтыя замоўцы?

— Гэта цыклічны працэс. У час, калі людзі святкуюць карпаратывы, выпадае і па тры канцэрты ў дзень даваць.

Запрашаюць і буйныя фірмы, карпарацыі, і простыя гандляры са Ждановічаў. Нячаста — «новыя беларусы».

Аднойчы замовілі «выступ для касманаўтаў з Расіі». Мы падумалі: «Крута, сапраўдныя касманаўты!».
Выявілася, так у іх называюць касмічна багатых людзей. Адыгралі мы. Раптам прачынаецца адзін з тых «касманаўтаў»: «Колю Баскова хочу!». Праз тры гадзіны прыляцеў Баскаў…

Былі карпаратывы на 1000 чалавек, дзе фірма здымала цэлы Палац Рэспублікі, а разам з намі выступалі «J: Морс» і «Ляпис Трубецкой».

Аднойчы пад карпаратыў увесь комплекс «Лагойск» аформілі ў стылі блакбастэру «Уладар пярсцёнкаў»: гномы, эльфы, даражэзныя дэкарацыі…
У кіно падобнага не пабачыш!

— Вольскі 10 год назад і цяпер — у чым адрозненне?

— Цяпер я ўмею значна болей, чым раней. Напрыклад, навучыўся касіць. Касіць не ад чагосьці, а ў літаральным сэнсе — выйсці зранку, пакуль раса, і пакасіць траву. Не трымерам, а звычайнай драўляна-жалезнай касою.

Я пабачыў шмат якія краіны, і гэты досвед мне вельмі прыдаецца.

Я, нарэшце, вярнуўся да малявання карцінаў.

Я выдаю кнігу прозы.

Я навучыўся глядзець на жыццё пазітыўна-іранічна.

Я ўжо аўтамабіліст са стажам.

І яшчэ шмат чаго добрага і кепскага адбылося за апошнія дзесяць гадоў, і ўсё гэта адбілася на маіх песнях. Прыходзьце на канцэрт «Белая яблыня грому» ў КЗ «Мінск» 16-га, і вы ўсё пачуеце і ўбачыце!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?