Міністэрства культуры, разгледзеўшы зварот праціўнікаў будаўніцтва офіснага будынка ў гістарычным цэнтры Магілёва, прыйшло да высновы аб магчымасці ўзвядзення такой пабудовы.

Пра гэта гаворыцца ў адказе Мінкультуры за подпісам намесніка міністра Віктара Кураша на запыт прадстаўнікоў грамадскасці.

Нагадаем, у раёне перасячэння вуліц Першамайскай і Лазарэнкі абласнога цэнтра холдынг «Сервалюкс» — недзяржаўны трэйдар і вытворца сельгаспрадукцыі — плануе ўзвесці офісны будынак. Аднак прыхільнікі аднаўлення і захавання гістарычнай спадчыны Магілёва мяркуюць, што

на гэтым месцы неабходна рэканструяваць будынак езуіцкага касцёла Святога Ксаверыя, фундамент якога захаваўся.

У канцы лістапада магілёўскае аддзяленне грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) накіравала пісьмовы запыт у Міністэрства культуры з просьбай перагледзець прынятае рашэнне аб дазволе на правядзенне навукова-даследчых і праектных работ «Сервалюксам».

Згодна з адказам з Мінкультуры, зараз немагчыма аднавіць архітэктурны ансамбль езуіцкага касцёла на месцы яго былога знаходжання.

У міністэрстве зазначаюць, што, згодна з законам аб захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, неабходна ўзгадняць навукова-праектную дакументацыю на выкананне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях. «Замоўца работ на будаўніцтва адміністрацыйнага будынка падчас грамадскага абмеркавання забудовы гістарычнага цэнтра Магілёва пацвердзіў сваю зацікаўленасць у безумоўным выкананні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», — згадваецца ў лісце.

На думку намесніка міністра, дзеянні Мінкультуры ў адносінах да распрацоўкі праектнай дакументацыі на ўзвядзенне офіснага будынка не супярэчаць палажэнням заканадаўства.

Старшыня магілёўскай арганізацыі ТБМ Алег Дзячкоў заявіў БелаПАН, што яго «вельмі здзіўляе» такі адказ Мінкультуры. Паводле яго слоў, ТБМ і далей будзе адстойваць сваю пазіцыю аб мэтазгоднасці аднаўлення будынка касцёла.

Раней грамадскае аб’яднанне «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» накіравала на адрас Магілёўскага гарвыканкама ліст з просьбай спыніць праектныя работы ў гістарычным цэнтры горада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?