У сувязі з павелічэннем аб’ёмаў будаўніцтва жылля і камерцыйнай нерухомасці павялічыўся кошт рэалізацыі праекта «Мінск-сіці». Пра гэта паведаміў журналістам 16 снежня генеральны дырэктар СТАА «Мінск-сіці» Сяргей Кісялёў.

Паводле яго слоў, зацверджана новая канцэпцыя праекта, якую сумесна распрацавалі расійскія і беларускія архітэктары. Пры гэтым Кісялёў не назваў новую ацэначную суму праекта, адзначыўшы, што канчаткова яна стане вядомая пасля складання дэталёвай планіроўкі і разлікаў па расходах на развіццё інжынернай інфраструктуры.

Генеральны дырэктар СТАА «Мінск-сіці» нагадаў, што паводле першапачатковай канцэпцыі кошт праекта ацэньваўся ў 5,7 млрд. долараў. Праектаванне і будаўніцтва вядзецца за кошт сродкаў, прыцягнутых міжнароднай групай кампаній «Ітэра», і сродкаў дольшчыкаў.

Паводле новай канцэпцыі, аб’ёмы будаўніцтва жылля павялічваюцца з 1 млн. 270 тыс. кв. м да 2 млн. 300 тыс. кв. м. «Структура самой забудовы палепшылася, будуць створаныя камфортныя зялёныя і пешаходныя зоны, блок школы з аздараўленчым комплексам, якім змогуць скарыстацца не толькі школьнікі, але і жыхары раёна», — паведаміў Кісялёў.

Паводле яго слоў, таксама будзе створаны дзелавы цэнтр побач са станцыяй метро «Мінск-сіці». «Мы будзем будаваць не проста дзелавую зону, а зробім так, каб гэта было зручна для жыхароў. Так, будзе пабудаваны вялікі гандлёва-забаўляльны цэнтр на 200 тыс. кв. м. Акрамя гэтага, прынята рашэнне, што метро ў раёне „Мінск-сіці“ выйдзе на паверхню і звяжа ўсе транспартныя шляхі», — расказаў Кісялёў. Ён таксама паведаміў, што ў раёне будуць пабудаваныя бальніца, паліклінікі, магазіны крокавай даступнасці, гасцініцы, вялікі лагістычны цэнтр з магістраллю да МКАД.

Паводле інфармацыі Кісялёва, цяпер вядзецца будаўніцтва першага жылога квартала (усяго плануецца пабудаваць дзевяць кварталаў). У стадыі будаўніцтва 57 тыс. кв. м жылля. З 625 кватэр прададзена 170. Кошт кватэр складае ад 900 да 1.150 долараў за кв. м. 15% кватэр будуецца для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Першыя чатыры вышынныя дамы «Мінск-сіці» будуць здадзеныя восенню 2011 года. Усяго на тэрыторыі 318 гектараў у гэтым раёне беларускай сталіцы плануецца за 12 гадоў (да 2022 года) узвесці больш за 3 млн. кв. м жылой і камерцыйнай нерухомасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?