На ўчастку № 53 Кастрычніцкага раёна Мінска за два дні прагаласавала практычна палова выбаршчыкаў. Пра гэта паведаміў адзін з каардынатараў кампаніі «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін 16 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў,

да гэтага ўчастка прыпісаныя студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка.

Калякін паведаміў, што на ўчастак для галасавання паступіла 2.650 бюлетэняў з улікам запасных. Пры гэтым у першы дзень датэрмінова прагаласаваў 651 чалавек, у другі — 529.

Калякін лічыць, што на гэтых прэзідэнцкіх выбарах датэрмінова можа прагаласаваць рэкордная колькасць выбаршчыкаў — 38–40%. «Да гэтага ўсё ідзе. Улада паставіла перад сабой адпаведныя рубяжы. На ўсю моц уключаны адміністрацыйны рэсурс, які прымушае насельніцтва да датэрміновага галасавання», — сказаў Калякін.

Ён таксама паведаміў, што цяпер датэрмінова прымушаюць галасаваць не толькі студэнтаў, ваеннаслужачых, але і рабочых на вытворчасцях. У прыватнасці, адзначыў ён, на ВА «Хімвалакно» начальнікі цэхаў рэкамендуюць сваім падначаленым галасаваць датэрмінова, паколькі, на іх думку, «апазіцыя 19 снежня рыхтуе на ўчастках тэрарыстычныя акты, якіх варта апасацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?