Адам Міхнік пра горкую памяць вугорскай рэвалюцыі 1956 году, амэрыканскую крывадушнасьць, меру радыкалізму, ідэалізм без ілюзій, адказнасьць радыё «Свабода» і пераможную этыку цьвярозага энтузіязму.

1 лістапада 1956 году, за колькі хвілінаў да восьмай вечара, прэм’ер Імрэ Надзь зьвярнуўся па радыё да вугорскага народу з памятным зваротам:

«Урад вугорскай дзяржавы, адчуваючы адказнасьць перад вугорскім народам і гісторыяй і выяўляючы аднадушную волю мільёнаў вугорцаў, абвяшчае нэўтралітэт Вугорскай Народнай Рэспублікі. Вугоршчына, на падставе роўнасьці і згодна з духам Хартыі Аб’яднаных Нацыяў, хоча жыць у сапраўднай дружбе з сваімі суседзямі, з Савецкім Саюзам і ўсімі народамі сьвету... Такім чынам, зьдзейсьнілася спрадвечная мара вугорскага народу... Мы заклікаем нашых суседзяў, блізкія і далёкія краіны, ушанаваць канчатковае рашэньне нашага грамадзтва. Праўдай ёсьць тое, што сёньня яно нагэтулькі аб’яднанае ў гэтай справе, як, пэўна, ніколі раней у сваёй гісторыі».

Гэтыя словы, што абвяшчалі выхад Вугоршчыны з Варшаўскага дагавору, перадвызначылі савецка-вугорскую канфрантацыю. У гэтай канфрантацыі Вугоршчына ня мела ніякіх шанцаў. Патрабуючы нацыянальных і чалавечых правоў, Імрэ Надзь кінуў выклік савецкай дзяржаве.

23 кастрычніка ў Будапэшце адбылася шматтысячная дэманстрацыя пад помнікам Юзэфа Бэма – польскага генэрала, які эміграваў пасьля разгрому лістападаўскага паўстаньня, героя вугорскай Вясны Народаў.

4 лістапада савецкія войскі ўвайшлі ў Будапэшт, каб патапіць рэвалюцыю ў крыві. У тых днях заключаецца трагедыя вугорскага народу.

Ці была непазьбежнай параза вугорскай рэвалюцыі? Чым гэтая рэвалюцыя была? Кім па сутнасьці быў Імрэ Надзь, які доўгія гады быў сымбалем гэтай рэвалюцыі?

I

Чарлз Гаці, вугорскі эмігрант з 1956 г., a пазьней прафэсар амэрыканскага ўнівэрсытэту, шукае адказы на гэтыя пытаньні ў кніжцы «Страчаныя ілюзіі». Ён вяртаецца да падзеяў паўвекавой даўніны, каб зноў узьняць «праклятыя праблемы», ацаніць памылкі i страчаныя шанцы ўсіх удзельнікаў тагачасных падзеяў – амэрыканскай адміністрацыі, савецкай улады, вугорскага ўраду рэфарматарскіх камуністаў і паўстанцаў.

Бліскучы аналіз тагачаснай амэрыканскай палітыкі прыводзіць да зьнішчальных высноваў: не было ніякай адзінай палітыкі Вашынгтону. Былі афіцыйныя заявы, поўныя пустых абяцаньняў, ваяўнічая і дэмагагічная рыторыка радыё «Свабодная Эўропа», а таксама гульня, што спадарожнічала выбарчай кампаніі ў Злучаных Штатах.

Рычард Ніксан, тагачасны віцэ-прэзыдэнт ЗША, падчас сакрэтнага паседжаньня Рады Нацыянальнай Бясьпекі ў ліпені 1956 г. сьцьвердзіў, што «з гледзішча інтарэсаў Злучаных Штатаў нічога абсалютна дрэннага не адбылося б, калі б усходні блёк зноў адчуў жалезны савецкі кулак, хаця ў прынцыпе было б, вядома, лепш, калі б захаваліся наяўныя лібэралізацыйныя тэндэнцыі паміж Савецкім Саюзам і ягонымі сатэлітамі». Такім у той час таксама быў стратэгічны гарызонт амэрыканскай палітыкі: лепш, калі б было лепш, але калі будзе горш, то таксама добра. Вугорцы не маглі разьлічваць на якую-кольвек рэальную дапамогу. Яны маглі разьлічваць толькі на сябе.

Тым часам для вугорцаў камэнтары радыё «Свабодная Эўропа» былі голасам Вашынгтону. Таму яны ахвотна прыслухоўваліся да нападак на Імрэ Надзя, «здрадніка» з «Каінавай пячаткам на чале» – так казалі камэнтатары радыё «Свабодная Эўропа». Таксама яны слухалі – у вырашальныя моманты рэвалюцыі, калі вызначаўся лёс патэнцыйнага кампрамісу з Масквой, – заклікі: «Далоў маскалёў!».

Гаці лічыць, што тыя галасы спрычыніліся да дэзарыентацыі паўстанцаў, ускладнілі для іх дасягненьне згоды з урадам Надзя, да мінімуму звузілі поле для манэўраў гэтага ўраду. Ці было гэта непазьбежна? Дынаміка рэвалюцыйнага працэсу зазвычай блякуе манэўры на карысьць кампрамісу. Аднак – падкрэсьлівае Гаці – у Польшчы [у тым самым 1956 годзе] да савецкай інтэрвэнцыі не дайшло. Палякі – як збунтаваная вуліца, гэтак і Каталіцкі Касьцёл і эміграцыя (і польская служба радыё «Свабодная Эўропа») – пачулі заклікі да самаабмежаваньня і фактычна падтрымалі Ўладыслава Гамулку [новаабранага кіраўніка рэжыму]. У дадзенай сытуацыі Хрушчоў таксама абраў шлях кампрамісу.

30 кастрычніка 1956 г. ён таксама наважыўся на кампраміс з урадам Надзя. «Аднак Вугоршчына, – піша Гаці, – не хацела быць другой Польшчай, і таму Хрушчоў зьмяніў свой погляд. Вугорцы не жадалі даўжэйшага павадка; яны не хацелі ніякага павадка ўвогуле. У Польшчы – дзякуючы прыкметам рэалізму і шчасьліваму выпадку, што дзеяньні камуніста Гамулкі, каталіцкага кардынала Стэфана Вышынскага і Яна Новака, рэдактара радыё «Свабодная Эўропа», які захоўваў спакой і стрыманасьць, ішлі ў тым самым кірунку, – грамадзтва, нягледзячы на моцную традыцыю ідэалізму, пагадзілася з прапанаванымі яму паўмерамі. Імрэ Надзь ня быў Гамулкам, кардынал Міндсэнці (прымас Вугоршчыны, зьняволены ў час Сталіна) ня быў Вышынскім, a вугорскім радыё «СЭ» не кіраваў Новак. 30 кастрычніка вугорскія камуністы не кіравалі сваёй дзяржавай. Горай за тое – яны ўжо і не спрабавалі гэтага рабіць. Дзьве найбольш важныя падзеі гэтага дня ў Будапэшце – калі раніцай на плошчы Рэспублікі лінчавалі функцыянэраў службы бясьпекі і калі па абедзе прагучала заява пра вяртаньне да шматпартыйнай сыстэмы – найвыразьней пераканалі Хрушчова, што Надзь i іншыя камуністы заслабыя, каб захаваць парадак».

31 кастрычніка было прынятае рашэньне аб інтэрвэнцыі. На наступны дзень савецкія войскі перайшлі вугорскую мяжу.

II

Вугорская рэвалюцыя – як і кожная рэвалюцыя – мела розныя твары: радасны і змрочны. Радасным тварам быў трыюмф – нічога, што кароткі, – свабоды і праўды. Змрочны твар – гэта выбух нянавісьці, што перарасла ў зьверствы. 30 кастрычніка ў Будапэшце адбыліся трагічныя і агідныя падзеі. Яны мелі месца на плошчы Рэспублікі, перад сядзібай гарадзкога камітэту камуністычнай партыі.

«Пачалося ўсё, – распавядае Гаці, – з чутак, што з раніцы хадзілі па горадзе – нібыта пад ходнікам ля ўваходу ў будынак месьцяцца лёхі. Адразу ж перад гмахам партыйнай сядзібы сабраўся немалы тлум; таксама знайшліся тыя, хто сьцьвярджаў, што чуў з-пад зямлі галасы вязьняў, якія клікалі на дапамогу. Узброеныя паўстанцы спрабавалі ўвайсьці ў будынак, каб знайсьці схаваную турму, аднак былі арыштаваныя. У выніку пачалася бойка; узброеныя функцыянэры службы бясьпекі, накіраваныя на абарону будынку, пачалі страляць у натоўп. Пад’ехалі дасланыя войскам танкі, барацьба рабілася ўсё болей зацятай, пакуль урэшце з будынку ня вывелі функцыянэраў бясьпекі і не лінчавалі іх. Сярод забітых апынуўся Імрэ Мэцо, старшыня сталічнага парткамітэту і прыхільнік Надзя. Высьветлілася, што пад будынкам не было ніякіх лёхаў, як і не было там палітычных вязьняў».

Гэты суд Лінча на працягу доўгіх год служыў для дыскрэдытацыі вугорскай рэвалюцыі. Аднак ён варты таго, каб пра яго памяталі. Бо рэвалюцыя супраць гвалту мусіць выклікаць ня толькі радасьць і надзею. Яна мусіць таксама будзіць страх помсты і нянавісьці.

III

Імрэ Надзь стаўся сымбалем і легендай вугорскай рэвалюцыі. Ейным адмоўным тыпам гадамі заставаўся Янаш Кадар, які з савецкай падачы зрабіўся дыктатарам Вугоршчыны.

Абодва былі камуністамі, а Надзь меў даволі нецікавую старонку жыцьця з пэрыяду эміграцыі ў Маскве. Абодва былі ахвярамі палітыкі Маціяша Ракошы, намесьніка Сталіна ў Будапэшце. Надзь быў звольнены з высокіх пасад, Кадар – зьняволены. Яго вызвалілі паводле рашэньня Надзя ў 1954 г., калі той на кароткі час стаў кіраўніком ураду.

Нарэшце, абодва восеньню 1956 г. дзякуючы рэвалюцыі апынуліся на вяршыні ўлады. Дэклярацыю пра нэўтралітэт Вугоршчыны Надзь абвесьціў 1 лістапада, узгадніўшы яе з Кадарам. Пазьней іхныя шляхі разышліся – драматычна і назаўсёды.

Надзь быў зьняволены ў Румыніі (куды яго вывезьлі з амбасады Югаславіі, дзе ён шукаў прытулку). Працэс над ім і ягонымі паплечнікамі, што меў месца ў 1958 г. у Будапэшце, нагадваў сталінскія. Надзь быў асуджаны на сьмяротнае пакараньне. Прысуд быў прыведзены ў выкананьне.

«Надзь, – піша Гаці, – які падчас рэвалюцыі падаваўся нерашучым і няўпэўненым у слушнасьці сваіх учынкаў, у 1957–1958 гадах, на дарозе да шыбеніцы, зрабіўся рашучы, катэгарычны, непахісны і нязломны. Як сапраўдны герой і патрыёт, які абараняе свае перакананьні, ён адважна паўстаў перад сьледчымі i г.зв. судзьдзямі вугорскіх т.зв. народных судоў. Гэта незвычайна, ня толькі з увагі на ягонае маскоўскае мінулае, але таксама, а можа, яшчэ і болей, зь іншай прычыны: калі б пасьля савецкай інтэрвэнцыі Надзь афіцыйна сышоў з пасады і прызнаў уведзены Масквой урад Кадара, ён мог бы і надалей жыць і нават граць нейкую ролю ў палітычным ці навуковым жыцьці. Аднак ён не пагадзіў¬ся на супрацу з тымі, хто зьнявольваў яго, і не пакаяўся ў палітычных грахах. Колькі разоў ён упарта адмаўляўся падпісваць пратаколы паказаньняў і распачынаў галадоўку, калі сьледчы не дазваляў яму выкласьці ягонае гледзішча».

Падчас працэсу ён ня ўпаў духам. «Ён як бы спадзяваўся, – піша Гаці, – што калі-небудзь запіс працэсу будзе выяўлены, і змагаўся, каб пакінуць пасьля сябе прынамсі гэты запавет. Ён адмовіўся падаваць просьбу пра памілаваньне. У апошнім сваім слове ён заклікаў «міжнародны рабочы рух», каб той апраўдаў ягонае імя. Ён загінуў як сапраўдны пакутнік і адзіны добры бальшавік, якога ведаў сьвет. Найбольш проста пра Надзя можна сказаць так: ён быў сапраўдным камуністам, які стаў сапраўдным вугорцам. Трохі больш складанай, хоць і таксама праўдзівай, ёсьць наступная фармулёўка: ён быў камуністам, які стаўся патрыётам, застаючыся камуністам».

Варта параўнаць ягоную біяграфію зь лёсам Янаша Кадара. Кадар зьнік з Будапэшту 1 лістапада. Да гэтага часу ён падтрымліваў Надзя – быў прыхільнікам вяртаньня шматпартыйнай сыстэмы, галасаваў за дэклярацыю пра нэўтралітэт Вугоршчыны. У прамове, запісанай на радыё перад зьнікненьнем, ён узносіў хвалу «нашай цудоўнай рэвалюцыі».

I адразу ж пасьля ён атрымаў інфармацыю, што Крэмль вырашыў задушыць рэвалюцыю. «Кадару i [Фэрэнцу] Мюніху, – піша Гаці, – прапанавалі (у Маскве) дзьве найвышэйшыя пасады. Абодва яны ведалі, што правадыры старой гвардыі – галоўным чынам Ракошы, [Эрнё] Гера i [Андраш] Хегедзюс – знаходзяцца ў Крамлі, гатовыя вярнуцца і кіраваць дзяржавай. Таму яны маглі абіраць паміж здрадай ці адданьнем Вугоршчыны цьвердалобым сталіністам. (...) Кадар пакінуў Будапэшт, не паведаміўшы жонцы, куды едзе. Прафэсійныя палітыкі і бесстароньнія аналітыкі маглі б сказаць, што, беручы пад увагу неймаверна цяжкія ўмовы, гэта быў разумны выбар, дадаючы, напрыклад, што менавіта так павінен весьці сябе палітык-патрыёт. У праўдзівым сьвеце, дзе важная таксама высакароднасьць, сумленнасьць і прыстойнасьць, Кадар аказаўся чалавекам зь неабмежаванай здольнасьцю апраўдваць свае крокі і пазбаўленым прынцыпаў».

Калі да гэтых заўваг дадаць, што менавіта Кадар быў віноўнікам сьмяротнага пакараньня Надзя i іншых правадыроў рэвалюцыі, цяжка не пагадзіцца з высновамі аўтара.

IV

Захапляльная кніжка Чарлза Гаці пачынаецца з эпіграфу, які варта працытаваць: «Нельга пазбаўляць людзей ілюзій». Гэтыя словы належаць князю Куно Клебэльсбэргу, вугорскаму міністру культуры ў 1920-я гг. У размове з адным гісторыкам ён тлумачыў, чаму не пагаджаецца публікаваць знойдзеныя нядаўна дакумэнты, зь якіх вынікала, што герой народнага паўстаньня 1848 г., якім усе захапляліся, быў аўстрыйскім агентам.

Гаці лічыць, што ў імя праўды людзей варта пазбаўляць ілюзій. Ён паводзіць сябе пры гэтым як гісторык, які хоча знайсьці праўду, а ня як люстратар, які жадае згнаіць зьненавідных супернікаў.

Ён піша: «Затрымаемся на адказах на некалькі пытаньняў. Ці быў Імрэ Надзь некалі перакананым сталіністам i агентам савецкіх спэцслужбаў? Так. Ці меў ён сапраўдную папулярнасьць, калі быў прэм’ерам, – канечне ж, камуністычным – з 1953 па 1955 г.? Так. Ці праўда, што яго падтрымліваў шмат хто з расчараваных камуністаў, якія раней былі вернымі сталіністамі? Так. Ці яны падрыхтавалі глебу для антысавецкага паўстаньня? Так. Ці Імрэ Надзь быў адначасова патрыётам і камуністам цягам паўстаньня і пазьней, калі апынуўся ў зьняволеньні? Так. Ці праўда, што разам з сваімі супрацоўнікамі ён кіраваў паўстаньнем беспасьпяхова і нават бяздарна, але як мог? Так.

Калі ж гаворка ідзе пра Злучаныя Штаты – ці патрабавалі агрэсіўныя паводзіны Масквы пасьля II сусьветнай вайны рашучага супрацьдзеяньня амэрыканцаў? Так. Ці ўрад Злучаных Штатаў разьлічваў, што ён здолее вызваліць савецкія сатэліты ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе? Так. Ці Вашынгтон быў падрыхтаваны да моманту, калі магла спатрэбіцца нейкая амэрыканская дапамога – дыпляматычная, эканамічная ці нават ваенная? Не. Ці найвышэйшыя прадстаўнікі Белага дому верылі ў лёзунгі, якія яны паўтаралі, ці яны таксама былі крывадушнікамі? Нехта зь іх шчыра верыў, але большасьць была крывадушнікамі. Ці амэрыканская прапаганда ўвяла ў зман вугорцаў? Так. Ці Злучаныя Штаты іх ашукалі і пакінулі? Так».

Таксама складана ацаніць паводзіны Расеі: Хрушчоў быў у сваю меру дэсталіністам, аднак вугорцы – адрозна ад палякаў – перайшлі дапушчальны для Крамля парог дэсталінізацыі.

Тут трэба вярнуцца да польскіх справаў. Ўолтэр Ліпман, вядомы амэрыканскі публіцыст, пісаў у ліпені 1956 г., што гэта не ў амэрыканскіх інтарэсах, «каб рухі ва Ўсходняй Эўропе перайшлі мяжу, за якой немагчыма будзе паразумецца з Расеяй. (...) У інтарэсах спакою і свабоды – свабоды як ад дэспатызму, так і ад анархіі, – мы павінны мець надзею, што на нейкі час, хаця і не назаўсёды, пратэсты ў дзяржавах-сатэлітах не перакрочаць непарушнай мяжы стабілізацыі». Падобным чынам, хаця яны і думалі катэгорыямі польскіх інтарэсаў, сваё гледзішча фармулявалі найвыбітнейшыя поль¬скія эмігранты: Ежы Гедройц, Юліюш Мерашэўскі, Ян Новак-Езяранскі. У гэтай пэрспэктыве ацэнка Ўладыслава Гамулкі павінна быць адназначна пазытыўнай.

Тым часам праблема няпростая. Пазыцыя Гамулкі насамрэч выратавала Польшчу ад савецкай інтэрвэнцыі – і за гэта ён заслужвае добрай памяці. Аднак гэтая самая пазыцыя праклала шлях да «паўзучага дэспатызму» і пасьлядоўнага абмежаваньня грамадзянскіх, палітычных, рэлігійных, культурных і навуковых свабодаў. Расправа з адным за адным палітыкамі-рэфарматарамі, узмацненьне цэнзуры, ліквідацыя акадэмічных свабодаў, скандалы з Касьцёлам, канфлікты з інтэлігенцыяй, ганебная кампанія 1968 г., скіраваная супраць інтэлігенцыі і габрэяў, і, нарэшце, расправа з работнікамі Ўзьбярэжжа ў сьнежні 1970 г. – такі змрочны вынік гамулкаўскага 14-годзьдзя.

Хіба ж гэта ня сумны парадокс, што ў 1968 г. кадараўская Вугоршчына была краінай больш лібэральнай, чым Польшча? «Гуляш-камунізм», дзіця разгромленай вугорскай рэвалюцыі, нечакана апынуўся больш чалавечны, чым рэжым Гамулкі, дзіця польскага Кастрычніка.

Я не сьцьвярджаю, што крывавая савецкая інтэрвэнцыя прынесла Вугоршчыне большую карысьць, чым бяскроўная эвалюцыя Польшчы ад вызваленчага Кастрычніка ’56 да крывавага Сьнежня ’70. Аднак сьцьвярджаю, што – гэта важная выснова з тых падзеяў – ніякі посьпех нацыі ня вечны і ніякая параза не канчатковая. Здараецца, што параза аказваецца маткаю розуму; бывае, што посьпех нараджае разумовую ляноту і канфармізм.

Памяць крывавай вугорскай рэвалюцыі змушала кіруючых i кіраваных у наступныя гады мець пачуцьце меры ў сваіх паводзінах. Пачуцьце ж меры можа прывесьці да разважлівай адвагі і да неразважлівай палахлівасьці. У Польшчы і Вугоршчыне мы былі сьведкамі і таго, і другога.

V

Выбітны вугорскі паэт Д’юла Ільеш пісаў у славутым вершы «Аповед пра тыранію»:

дзе тыранія, там кожны

ёсьць зьвяном ланцуга

забыўшыся ад яе подыху

сам робісься тыраніяй

Камуністычная сыстэма была тыраніяй. У маім асяродку мы даволі рана гэта ўсьвядомілі, хаця, можа, і не адразу дастаткова дакладна – да сакавіка 1968 г. мы верылі ў магчымасьць рэканструкцыі і паўтору ідэі польскага Кастрычніка. Аднак мы ўжо раней пажадалі «ня быць зьвяном ланцуга» – мы абралі супраціў. Памяць пра вугорскую рэвалюцыю – а таксама пра Праскую Вясну 1968 г. – была нам двайною навукай. Перш за ўсё, што супраціўленьне магчымае, калі да яго дайшло. Сыстэму, якая абараняецца хлусьнёй і гвалтам, неабходна атакаваць – як сьцьвярджалі мы – зброяй праўды, бяз гвалту.

Другі ўрок быў такі: зьмены магчымыя, аднак – пакуль трывае савецкая імпэрыя – яны абмежаваныя. Значыцца, трэба прапанаваць такія формы супраціву і праводзіць такія зьмены, каб людзі адчувалі сябе больш свабоднымі, але разам з тым пазьбягаць прывіду савецкага нашэсьця.

Я не сьцьвярджаю – робіць выснову Гаці – што калі б паўстанцы, урад Надзя i Белы дом выявілі большую разважлівасьць і фантазію, Масква дазволіла б рэалізаваць усе мэты рэвалюцыі. Нават калі б усе паводзілі сябе прадбачліва, Масква не зга¬дзілася б на паўстаньне «напаўвольнай і напаўнезалежнай Вугоршчыны. Мы ніколі не даведаемся, што было б, калі б...». Ведаем жа, што ўсе кіраваліся «ілюзіямі і фрустрацыямі». Бракавала халодных розумаў. «Кіравалі эмоцыі, а мудрасьць была дэфіцытным таварам. У выніку, замест таго, каб здабыць хоць крыху свабодаў, як гэта выйшла ў палякаў, вугорцы, якія выявілі такую незвычайную адвагу, засталіся амаль што ні з чым».

Вугорцы, як і палякі, памятаюць свае паразы і шануюць іх герояў – пакутнікаў. Гэта іх яны ўзьвялічваюць, a не халодных дзяржаўных дзеячаў, што імкнуцца да кампрамісу. Імрэ Надзь быў прадстаўніком такога духу. «Ён больш захапляўся, – піша Гаці, – людзьмі, падобнымі да Шандара Пэтэфі (паэт-радыкал, герой рэвалюцыі 1848–1849 г., скіраванай супраць замежных прыгнятальнікаў Вугоршчыны; чалавек, для якога выбар існаваў толькі паміж воляй і няволяй), чым Фэрэнца Дэака, аднаго з творцаў пагадненьня з Аўстрыяй у 1867 г., згодніцтва якога не прынесла вугорцам поўнай незалежнасьці, але затое стварыла ўмовы для гаспадарчага буму і незвычайнага, бачнага да сёньняшняга дня, архітэктурнага размаху Будапэшту».

Таму, аддаючы пашану вугорскай рэвалюцыі, якая скончылася паразай, мы часта чуем пра «маральную перамогу». Але ж – пры ўсёй павазе і захапленьні мужнасьцю паўстанцаў – няхай лёс бароніць вугорцаў, а таксама і нас, палякаў, ад далейшых такіх «маральных перамог».

VI.

«Адвага бяз мудрасьці – гэта толькі дзіцячы рамантызм, – піша Гаці, – у хвіліну, калі патрэбная як адвага, каб пазбавіцца ад прыгнёту камуністаў, гэтак і спрыт, каб прымусіць іх адступіць без барацьбы».

Чарлз Гаці, выгнаньнік, для якога вугорская рэвалюцыя назаўжды засталася цернем у сэрцы, драматычна хоча распавесьці праўдзівую гісторыю, а не хлусьлівую і міталягізаваную. Насуперак працытаванай думцы князя Клебэльсбэрга ён мяркуе, што «веды, якія трактуюцца адказна, павінны пазбаўляць лю¬дзей – вугорцаў, амэрыканцаў, расейцаў – іхніх гістарычных ілюзій». Але паколькі гістарычныя ілюзіі больш трывалыя за гістарычныя, пацьверджаныя сур’ёзнымі дакумэнтамі, праўды, намаганьні Гаці не абяцаюць хуткага посьпеху. Хоць я і віншую яго з адвагай і настойлівасьцю.

Іншай праўдай ёсьць перакананьне – заўжды актуальнае, – што ў грамадзкім жыцьці можна дасягнуць большага тады, калі «мужнасьць суправаджаецца мудрасьцю і разважлівасьцю». І таксама тады, калі людзям абяцаюць тое, што рэальна, а ня тое, што нерэальна, хаця і вельмі пажадана. У гэтым заключаецца – распавядае Гаці – становішча «ідэаліста, вольнага ад ілюзій». У польскай традыцыі кажуць: дух «цьвярозых энтузіястаў».

Прынцыпам ідэаліста без ілюзій заўжды было: не паддавацца роспачы. Такім чынам, паўтару за маім вугорскім сябрам Янашам Кішам: дэмакратыя – гэта ня толькі свабодны выбар, хоць безь яго дэмакратыя немагчымая. Дэмакратыя – гэта пэрманэнтны дыялёг, які ёсьць спрэчкай пра каштоўнасьці і спосабы іх рэалізацыі. Гэта таксама спрэчка пра мінулае, пра гістарычную праўду, дбаньне пра свабоду шуканьня гэтай праўды.

Толькі такім чынам мы выкажам сапраўдную пашану тым, хто змагаўся за свабоду для праўды і за яе загінуў.

Charles Gati. «Stracone zіudzenia. Moskwa, Waszyngton i Budapeszt wobec powstania wкgierskiego 1956 г. – Warszawa: Polski Instytut Spraw Miкdzynarodowych, 2006.

Скарочана. Загаловак ад Рэдакцыі. Аўтарскі загаловак – «Горкая памяць Будапэшту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?