Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошина лічыць апраўданымі дзеянні сіл правапарадку ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Мінску 19 снежня.

«Гэта не жорсткі разгон, гэта абарона нашай Айчыны і правапарадку, — заявіла яна на прэс-канферэнцыі раніцай 20 снежня, адказваючы на пытанне прадстаўніка «Еўрарадыё». — Вы ж у гэтым будынку не знаходзіліся, вам жа нічога не пагражала. Так можна паглядзець з боку як жорсткі разгон, па тэлевізары. Гэта выдатна, вядома. А калі нявінныя людзі, жанчыны кволыя сядзелі ў гэтым будынку, 42-га памеру, і раз’юшаны натоўп пёр. Ну калі б ваша жонка ці сястра знаходзілася ў гэтых умовах, я не думаю, што вы б лічылі гэты разгон жорсткім.

На рэмарку журналіста, што сярод дэманстрантаў таксама былі кволыя жанчыны, Ярмошына адказала: «Вы ведаеце, гэтым жанчынам рабіць няма чаго. Сядзелі б дома, боршч варылі, а не па плошчах бадзяліся. Мне ў галаву гэта не прыйдзе.

Гэта ганьба для жанчыны — удзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Я яшчэ разумею, калі яна дзяўчына дурная, маладая,

такіх маладых людзей шмат. А калі жанчына ва ўзросце ідзе, значыць, у яе, прабачце, штосьці з інтэлектам не ў парадку».

На думку Ярмошынай, падзеі ў Мінску не павінны ўплываць на ацэнку выбараў міжнароднымі назіральнікамі. «Яны абавязаны ацэньваць выбары. Усё тое, што адбылося пасля выбараў, нават калі гэта была акцыя пратэсту, я думаю, не адносіцца да выбарчай працэдуры, таму што яна не паўплывала на волевыяўленне выбаршчыкаў. Яны ўжо выказаліся да 20 гадзін», — заявіла кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Аб працы ЦВК выказаўся сакратар камісіі Мікалай Лазавік: «Няўтульна было. Калі ў твой дом ломяцца раз’юшаныя, некіраваныя малойчыкі, вядома, адчуваеш сябе ў гэтым доме няўтульна. У Доме ўрада разламаны дзверы, выбіты вокны параднага ўваходу. У гэты час мы якраз працавалі з тэлекропкамі СТВ, ОНТ і БТ. Нават чыста фізічна, калі ўсё гэта пабіта было, скразняк, холад, мароз, адчуваецца такое некамфортнае становішча. Але тым не менш я даваў інтэрв’ю і гаварыў, што Цэнтральная камісія працуе ў планавым рэжыме, мы збіраем неабходную інфармацыю, трымаем сувязь з раённымі, абласнымі выбарчымі камісіямі. Але гэта было датуль, пакуль не адключылі электраэнергію. Не ведаю, па якой там прычыне гэта адбылося, але, самі разумееце, калі аварыйна адключаецца камп’ютар, губляюцца звесткі, інфармацыя, якая ўтрымліваецца на рабочых сайтах гэтага камп’ютара. Губляецца імгненна інфармацыя, аднаўляць яе давялося дастаткова працяглы час… Тым не менш я не думаю, што мы ўжо вельмі так выбіліся з запланаванага графіку».

«Усе супрацоўнікі Цэнтральнай камісіі ў добрым здароўі, ніхто не пацярпеў падчас гэтага штурму. Больш за тое, скажу, ніводны з хуліганаў не змог прабрацца ўнутр Дома ўрада. Але, вядома, шкода будынку нанесена значная, і, скажам так, умовы для працы былі не самыя добрыя. Але, што ж рабіць, пра гэта можна было здагадацца па тых закліках, якія некаторыя безадказныя палітыкі раздавалі на працягу сваёй выбарчай кампаніі. Замест таго каб агітаваць за сваю выбарчую праграму, агітавалі зусім за іншае. Вынік відавочны», — заявіў Лазавік.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?