Вечарам 20 снежня кандыдат у прэзідэнты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў журналістам аб падрабязнасцях затрымання і начы, праведзенай пад вартай.

«Пасля ўдару па галаве дубінкай амапаўца я з дапамогай выпадковых людзей сышоў з плошчы. Мы селі ў аўтамабіль і спрабавалі выехаць, аднак ужо праз некалькі кварталаў аўтамабіль спыніла ДАІ. Мяне вывелі з машыны і адразу пасадзілі ў іншую», — распавёў спадар Рыгор.

Ён таксама паведаміў, што пасля некалькіх пераездаў апынуўся ў знакамітай «амерыканцы» — унутранай турме КДБ — дзе выпадкова пабачыў Андрэя Дзмітрыева (кіраўніка штабу Някляева), а таксама некалькіх маладых людзей, якіх не пазнаў.

«Аформілі пратакол аб затрыманні на трое сутак. Каля шостай гадзіны раніцы завялі ў камеру. Аднак сёння, пасля інтэрв’ю БТ, адпусцілі», — заявіў Рыгор Кастусёў.
Кандыдат ад партыі «БНФ» выступіў з крытыкай сюжэту з яго ўдзелам, паказанага на беларускім тэлебачанні. Рыгор Кастусёў зазначыў, што «акцыя была сапсаваная правакатарамі, аднак зараз нельга дакладна сказаць, што за людзі гэта былі, на каго яны працавалі». «У нас узнікла шмат пытанняў. Цалкам верагодна, што правакацыі былі справай рук спецслужбаў», — заявіў Кастусёў.

На прэс канферэнцыі таксама было зазначана, што БНФ выступае выключна за мірнае вырашэнне праблемаў і лічыць, што выбары прэзідэнта Беларусі не могуць быць прызнанымі міжнароднай супольнасцю. «Партыя БНФ ускладае адказнасць за разгон мірнай маніфестацыі на беларускія ўлады. Мы лічым, што вынікі выбараў не могуць быць прызнаныя міжнароднымі структурамі, а таксама заклікаем выказаць салідарнасць з усімі затрыманымі», — заявіў Кастусёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?