Старшыня Камітэта па міжнародных адносінах Сойма Літвы Эмануэліс Зінгерыс сёння, 20 снежня, выказаў «глыбокае шкадаванне» ў сувязі з разгонам дэманстрантаў у Менску 19 снежня, а таксама з затрыманнем і збіваннем апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. На яго думку, разгон і збіццё дэманстрантаў «у прынцыпе перакрэслівае заявы ўладаў Беларусі аб збліжэнні з Еўрасаюзам», а таксама дазваляе ўсумніцца ў дэклараваным уладамі руху па шляху стварэння дэмакратычнага грамадства і імкнення выконваць правы чалавека і прынцыпы свабоды.

Зінгерыс заклікаў афіцыйны Менск неадкладна адпусціць усіх затрыманых і звярнуўся ў Камітэт па міжнародных адносінах Еўрапарламента правесці расследаванне выбараў у Беларусі і беспарадкаў пасля іх.

Як паведамляе літоўскае агенцтва BNS, літоўскія парламентарыі, якія назіралі за ходам прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, паведамілі, што калі АМАП разганяў дэманстрацыю апазіцыі, ім самім не ўдалося пазбегнуць міліцэйскіх дубінак. «Мы вырашылі паглядзець, што адбываецца на мітынгу апазіцыі, не паспелі мы выйсці з гасцініцы, адразу трапілі ў атачэнне сіл АМАПу. Яны не лічыліся ні з кім, будзь то жанчына ці дзіця, або чалавек пажылога ўзросту, усіх расштурхалі шчытамі, білі гумовымі дубінкамі», — заявіў на прэс-канферэнцыі адзін з назіральнікаў за ходам выбараў, дэпутат Андрус Шаджус.

Ён таксама сказаў, што назіральнікі не былі жорстка збітыя амапаўцамі толькі таму, што іх ахоўвалі звычайныя міліцыянты. «Я ўбачыў нашага пасла Эдмінаса Багдонаса, які кінуўся на абарону трох дзяўчат. Іх сапраўды білі гумовымі дубінкамі, аднак пасла адціснулі спецсілы. Пасол крычаў, што гэта дыпламаты, дэпутаты, але ніхто на гэта не звяртаў увагі, не глядзеў на пасведчанні міжнароднага назіральніка. Магчыма, адзінае, што нас выратавала ад гэтага жорсткага збіцця, гэта тое, што простыя міліцыянты не далі амапаўцам нас біць», — распавёў парламентар.

У гэтай жа гасцініцы знаходзілася і экс-прэм’ерка Літвы Казіміра Прунскене, якая ў эфіры Беларускага тэлебачання заявіла, што выбары былі добра арганізаваны», — піша BNS.

«Калі нас білі, а білі не толькі студэнтак, але і нас, у гэты час да гасцініцы пад’ехаў „Мэрсэдэс“, з яго экс-прэм’ер Казіміра Прунскене. Эдмінас Багдонас стаў крычаць: „Прэм’ер, глядзіце, ваша дэмакратыя!“ — а яна, нават не паварочваючыся, убегла ў гасцініцу, а да гэтага ўвесь дзень сядзела на тэлебачанні і распавядала, якая дэмакратычная краіна Беларусь», — сказаў на заканчэнне Шаджус. Нагадаем, раней з асуджэннем разгону дэманстрантаў у Менску ў Літве выступіў МЗС, а некаторыя палітыкі звярнуліся да Еўрасаюза з заклікам аднавіць санкцыі супраць афіцыйных беларускіх уладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?