Адкрыты зварот да каардынатараў кампаніі "Расплюшчы вочы"

Разумеючы ўсю складанасьць сёняшняга становішча на Беларусі, турбуючыся за будучыню Айчыны, вымушаныя падаць голас.

У сёняшніх умовах на Беларусі, калі зьмененае выбарчае заканадаўства (агітацыю нармальна правесьці стала немагчымым), калі выбарчыя камісіі цалкам фармуюцца ўладай, напрацягу 12 год дасканала адпрацаваная фальсыфікацыйная машына, калі незалежныя назіральнікі і прадстаўнікі апазыцыйных плыняў ня маюць магчымасьці нават назіраць за выбарчым працэсам на ўсіх яго этапах, не кажучы пра адсутнасьць магчымасьці даказаць сам факт фальсыфікацыі, ідзе падрыхтоўка да выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў. На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах мы чарговы раз ўпэўнеліся, што дэмакратычныя выбары пры сучасным рэжыме немагчымыя, а спробы раскрыць фальсыфікацыю з дапамогай назіральнікаў праваліліся (замест абяцаных лічбаў "сумленных людзей" з кожнага ўчастку мы мелі вельмі розныя вынікі некалькіх экзіт-полаў). У гэтых умовах, пры адсутнасьці кардынальна новага падыходу барацьбы з фальсыфікацыям, удзел у выбарах зьяўляецца самагубствам. На больш чым 20 000 мейсцаў аб'яданая апазыцыя вылучае 800 кандыдатаў, астатнія 19 000 мейсцаў займуць праўладныя функцыянэры. З гэтых 800 апазыцыйных кандыдатаў у лепшым выпадку ўлада прапусьціць некалькі дзясткаў (як гэта было ў мінулы раз). Калі такое адбудзецца, пры сёняшнім падыходзе даказаць масавыя фальсыфікацыі, як гэта было падчас прэзыдэнцкіх выбараў, не атрымаецца. Але выбары з удзелам апазыцыі будуць прызнаныя легітымнымі.

Мы, прадстаўнікі беларускай нацыянальна-арыентаванай моладзі, прапануем зьвярнуцца да выбарцаў з прапановай не ісьці на фальшывыя выбары ў дзень галасаваньня, а выходзіць на вуліцы; да кандыдатаў з патрабаваньнем зьняць свае кандыдатуры за дзень да галасаваньня, пасьля таго як інфармацыйная кампанія будзе праведзеная.

Галоўнай мэтай кампаніі "Расплюшчы вочы" акрэсьленае інфармаваньне насельніцтва аб сітуацыі на Беларусі. Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў, а дакладней агітацыйная кампанія кожнага кадыдата - толькі сродак данесьці інфармацыю да насельніцтва, а не самамэта. Пра гэта нельга забываць. Удзельнічаць у выбарах трэба так, каб мець найвялікшы станоўчы вынік для сябе, а не дапамагаць тым самым рэжыму ідучы па добра пратаптанай дарозе. Можна выкарыстаць агітацыйную кампанію кадытатаў для тлумачэньня сітуацыі беларусам, але абвязковай умовай ёсьць заклік да няўдзела ў "выбарах" насельніцтва і зьняцьця сваіх кандыдатур апазыцыйнымі кандыдатамі за дзень да галасаваньня. У дзень галасаваньня трэба заклікаць людзей масава выходзіць на вуліцы і плошчы, а не да выбарчых скрыняў.

Для апазыцыі сапраўды прыйшоў час спыніць ліць ваду на млын рэжыму.

Жыве Беларусь!

Маладыя сябры ГА БНФ "Адраджэньне"

12 лістапада 2006

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?