Гэтыя навагоднія святы многія беларускія сем’і сустракаюць з трывогай і смуткам у душы. Пасля падзей 19 снежня сотні сыноў, дачок, братоў і бацькоў адарваныя ад дому, ад святочнага стала. Спатыкаюць Каляды ў вязніцах і бальніцах. Дый тыя, чые радзіны не зачапіла бяда, трывожна ўслухоўваюцца ў навіны. Жорсткасць распачатага тэрору супраць іншадумства ўразіла нават тых, хто трымаўся ўбаку ад палітыкі.

Але сем’і, што засталіся без родных, не самотныя. Сотні і тысячы людзей — незнаёмых, але не чужых — перажываюць за іх лёс. Нечуваная салідарнасць і спачуванне ахінула краіну. Людзі нясуць сродкі зняволеным, шукаюць спосабаў дапамагчы пацярпелым, самаарганізуюцца, выстойваюць ля ізалятараў з перадачамі зусім незнаёмым людзям. Сіла дабрыні і салідарнасці ўражвае. Пад яе знакам мы ўваходзім у новы год.

А што ж «Наша Ніва» ў 2011-м? Будзем рабіць сваю работу, інфармаваць, ацэньваць падзеі, кіруючыся беларускім інтарэсам. Будзем рыхтаваць новыя кнігі, ездзіць па краіне, сустракацца з людзьмі. Газета пераступае ў новы год з накладам 6500 асобнікаў, сайт — з чытацкай аўдыторыяй у трыццаць тысячаў чалавек.

Будзем разам, разам нас не зломіш.

Шчаслівых Калядаў і свабоднага Новага года!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?