Салідарнасьць з Казуліным

У Вільні 2 лістапада пачала галадоўку старшыня Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс. Назаўтра да яе далучыўся старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі. У Варшаве каля беларускага пасольства 7 лістапада пачалася галадоўка ў падтрымку палітвязьня Аляксандра Казуліна. 14 лістапада да акцыі салідарнасьці зь ім далучыліся новыя ўдзельнікі ў Менску, Берасьці й Маладэчне. Ірына Казуліна, жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта, 8 лістапада не змагла сустрэцца з мужам: ёй адмовілі. 12 лістапада галадоўку падтрымаў у Менску Алесь Стральцоў, 13 лістапада – Надзея Батура, 14 лістапада – Алег Воўчак. Найболей людзей узяло ўдзел у сымбалічнай галадоўцы ў Берасьці – больш за 30 чалавек.

4 лістапада

Актывісту прафсаюзу РЭП Андрэя Баранава кіраўніцтва гомельскага аўтобуснага парку № 1 паведаміла, што з 1 сьнежня кантракт зь ім ня будзе падоўжаны.

7 лістапада

Уначы на 7 лістапада мытнікі й памежнікі на загад «зьверху» праверылі рэчы Анатоля Лябедзькі, які вяртаўся з Кіева.

У Гомелі падчас камуністычнага мітынгу затрыманы дэпутат гарсавету Юры Глушакоў, які хадзіў зь сьцягам Вэнэсуэлы. Таксама былі затрыманыя Роберт Фраловіч і Пётар Цімафееў, Марыя Багдановіч і Сяргей Шпакаў.

У Салігорску міліцыянты перашкодзілі грамадзкім актывістам пакласьці вянок з калючага дроту да помніка Леніну. Затрыманы Ільля Шыла.

Двум прадстаўнікам Швэдзкага Хэльсынскага камітэту беларускія ўлады не далі візаў у Беларусь.

На волю выпусьцілі польскага актывіста Мечыслава Яскевіча, затрыманага 4 лістапада.

8 лістапада

У Клецкім раёне з працы звольнілі актывістку Партыі БНФ настаўніцу Іну Кебікаву, як толькі яна вырашыла балятавацца ў мясцовы савет. Афіцыйная падстава звальненьня – прагул (яна папрасіла тры дні адпачынку, каб падаць дакумэнты ў выбарчую камісію).

Дзяржаўнае прадпрыемства «Белпошта» адмовілася ўключаць недзяржаўную газэту «Витебский курьер М» у падпіску на першае паўгодзьдзе 2007 году.

Вышэйшы гаспадарчы суд не задаволіў пазоў часопісу «ARCHE» да Мінынфармацыі: выданьне абскарджвала прыпыненьне на 3 месяцы.

9 лістапада

У Наваполацку Валер Шаўчэнка падаў скаргу старшыні Віцебскага аблвыканкаму і ў абласное ўпраўленьне ўнутраных справаў: ён абскарджвае забарону на пікет салідарнасьці з палітвязьнямі, вынесеную наваполацкім гарвыканкамам сёлета ў красавіку.

Адбыўся допыт Паўла Красоўскага ў справе «віцебскіх выбухаў»: у хлопца ўзялі на экспэртызу пашпарт. Наступны допыт быў прызначаны на 15 лістапада.

Атэстацыйная камісія ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі прызнала неадпаведнымі сваёй пасадзе Міхася Чарняўскага і Валянціну Вяргей. Гэта значыць, што знаныя беларускія гісторыкі і археолягі могуць стаць чарговымі ў шэрагу навукоўцаў, звольненых з Акадэміі навук. Нагадаем, што масавыя звальненьні пачаліся пасьля прызначэньня дырэктарам Інстытуту Аляксандра Кавалені.

10 лістапада

Беларускія ўлады без тлумачэньня прычынаў адмовілі ва ўязных візах нямецкім журналістам Карнэліі Рабіц (радыё «Нямецкая хваля») і Інга Пэтцу («Зюддойчэ цайтунг»).

У Бабруйску Алену Захожую на машыне «хуткай дапамогі» забралі ў шпіталь з працоўнага месца. 11 лістапада на вуліцы зьбілі ейнага сына. Гэта стала апошняй кропляй, якая вымусіла адчайную жанчыну спыніць акцыю пратэсту. Гэта адбылося 14 лістапада на 43-і дзень посту. Захожая аб’явіла галадоўку 3 кастрычніка ў адказ на парушэнні правоў прафсаюзаў з боку адміністрацыі "Белшыны". На працягу гэтага перыяду, за выключэннем некалькіх дзён шпіталізацыі, Захожая працягвала выходзіць на працу.

12 лістапада

У аэрапорце «Менск-2» затрымалі Аляксандра Мілінкевіча, які вяртаўся з Варшавы: у яго старанна надгледзелі дакумэнты й багаж.

Стала вядома, што зьняволеную праваабаронцу Кацярыну Садоўскую пераводзяць у Гомельскую жаночую калёнію.

13 лістапада

У гарадзенскай абласной управе КДБ больш за 4 гадзіны дапытвалі Анжаліку Борыс у справе пра «кантрабанду наркотыкаў». Спачатку сьледчы забараніў прысутнічаць на допыце адвакату, але Анжаліка адмовілася адказваць на пытаньні. Тады ён дазволіў прысутнічаць адвакату, але спрабаваў здымаць допыт на стужку. Анжаліка зноў адмовілася адказваць, бо часта тыя запісы адказаў у адпаведна змантаваным выглядзе паказваюць па тэлебачаньні. Допыт адбыўся толькі пасьля таго як камэру выключылі.

14 лістапада

Стала вядома, што палітвязьня Зьмітра Дашкевіча ўвечары 15 лістапада перавязуць у Жодзінскі сьледчы ізалятар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?