Гаворка пра тое, якім быць новаму комплексу даўжынёй у цэлы гістарычны квартал, ішла на архітэктурна-горадабудаўнічай нарадзе пры галоўным архітэктары Менску, паведамляе «Вечерний Минск».

Практычна архітэктары, якія працуюць над праектам комплексу, прапанавалі зрабіць яго ў тым самым стылі, што і Гандлёвы дом «Славянскі»: ніжнія паверхі закрыць вітражамі, якія імітуюць воды Нямігі, а верхнія стылізаваць пад дамкі мінулага стагодзьдзя. Пешаходны балькон-плятформа, які ідзе ўздоўж усяго фасаду, адмяжуе верхнюю частку ад ніжняй. Фактычна гэта паўтарэньне аблічча аб’екту, які ўжо будуецца, розьніца толькі ў габарытах – новы комплекс будзе нашмат даўжэйшы за ГЦ «Славянскі». Менавіта гэта і выклікала непрыняцьце такога рашэньня архітэктурнай радай. Задужа манатоннай можа атрымацца забудова гэтага боку вуліцы.

Сябры рады прапанавалі пашукаць якоесь іншае аблічча будучага аб’екту, «падзяліць» будынак аркамі альбо іншымі спосабамі; магчыма, дадаць пешаходныя масткі цераз вуліцу Нямігу (пакуль ад гэтага комплексу мяркуецца адзін масток да Гандлёвага дому «На Нямізе», таксама заплянаваная пешаходная сувязь з ГД «Славянскі»); прадумаць мэтазгоднасьць пешаходнай плятформы ўздоўж усяго фасаду. Будынак, на думку рады, павінен выглядаць прывабна ня толькі з боку вуліцы Нямігі, але і з скрыжаваньня з Гарадзкім Валам.

Што ўжо вядома пра комплекс – ягонае функцыянальнае прызначэньне. Апроч падземнага ўзроўню, на якім разьмесьціцца паркоўка, тут «вырасьце» пяць паверхаў. На трох ніжніх паверхах будуць невялікія гандлёвыя абе’кты, некалькі кавярняў, рэстаран, фітнэс-цэнтры, выстаўныя памяшканьні. Два верхнія паверхі зоймуць офісы. Агульная плошча комплексу плянуецца 4,5 тысячы кв. мэтраў. Заяжджаць у будынак можна будзе і з вуліцы Рэвалюцыйнай, і з Камсамольскай.

Праўда, у будучыні абедзьве гэтыя вуліцы меркавалася зрабіць пешаходнымі. Таму на радзе прагучала прапанова пакінуць вуліцу Камсамольскую праязной, каб адтуль можна было пад’яжджаць да аб’екту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?