Учора нацыянальная зборная Беларусі па футболе правяла апошні сёлета матч. Супернікам было абраная эстонская дружына, у сустэчы зь якой беларусы зьбіраліся адрэпэтаваць дзеяньні ў наступным афіцыйным матчы, у сакавіку з люксэмбуржцамі.

Трэба адзначыць, што нацыянальныя зборныя Беларусі і Эстоніі ў сваёй гісторыі сустракаліся ўжо тройчы. Два матчы былі праведзеныя ў 1996 г. у рамках адборачнага турніру да ЧС-1998. Тады каманды абмяняліся перамогамі. У Менску зь лікам 1:0 перамаглі беларусы, дзякуючы голу Ўладзімера Макоўскага. А ў Таліне акурат з такім самым лікам выйгрыш салютавалі ўжо эстонцы. Аўтарам пераможнага голу стаўся Хахлоў-Сімсан. Дарэчы, тая перамога сталася гістарычнай для эстонцаў, бо была першай афіцыйнай пасьля аднаўленьня незалежнасьці.

І апошні паводле даты матч зборных прайшоў летам 2000 г. Беларусы тады ў Таліне прапусьцілі ў пачатку і ў канцы матча галы ад харызматычнага лідэра эстонскай каманды Андрэаса Опэра, гэта было дастаткова, каб перамагчы зь лікам 2:0. Такім чынам, беларусы маюць адмоўны балянс у процістаяньнях з эстонцамі. Учорашні матч даваў беларусам магчымасьць выраўняць раўнавагу.

Напярэдадні матчу зборная Беларусі апынулася бяз цэлага шэрагу лідэраў. З розных прычынаў на сустрэчу не прыехалі Віталь Кутузаў, Сяргей Штанюк, Аляксандар Кульчы, Віталь Булыга. У такіх умовах з капітанскай павязкай зборнай упершыню на матч выйшаў паўабаронца лёнданскага «Арсэналу» Аляксандар Глеб.

Беларусы прапусьцілі гол ужо на 14-й хвіліне. Хітры Опэр скарыстаўся ня вельмі ўдалай гульнёй нашых абаронцаў (два з трох праводзілі ўвогуле першыя матчы за зборную) і «расьпячатаў» брамы Юр’я Жаўнова. Першы тайм так і скончыўся.

Другі тайм запомніўся дзіўным судзействам датчаніна Хэрмансэна. Спачатку ён бяз дай прычыны выдаліў з поля форварда днепрапятроўскага «Дняпра» Сяргея Карніленку, а літаральна праз тры хвіліны вырашыў «выправіцца», прызначыўшы абсалютна беспадстаўнае пэнальці ў брамы эстонцаў. Вячаслаў Глеб бліскуча выкарыстаў гэты «падарунак» датчаніна, выраўняўшы лік.

Аднак яшчэ праз тры хвіліны дзіцячую памылку дапусьціў беларускі брамнік Юры Жаўноў. Ён выпусьціў з рук мяч пасьля ўдару ўсё таго ж Опэра. Другі раз запар эстонцы перамагаюць беларусаў дзякуючы дзеяньням аднаго гульца. На жаль, у складзе нашай зборнай свой Опэр пакуль не праглядаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?