Агулам на гэты момант, за суткі пасля нашага звароту, да нас звярнуліся з прапановамі рознай дапамогі 142 чалавекі. Бягучая патрэба «Нашай Нівы» ў кампутарах задаволеная.
Рэдакцыя працуе над вяртаннем у нармальны тэхналагічны рэжым – наколькі ён магчымы ў гэтай сітуацыі.

Пакуль кампутараў больш не трэба. Аднак, магчыма, у бліжэйшыя дні з’явяцца новыя патрэбы ў нас ці нашых калег. Тады будзем звяртацца зноў. І, калі ласка, памятайце пра патрэбы нашых калег у рэгіёнах, а таксама дзеячоў апазіцыі і культуры ў рэгіёнах. Ім бывае найцяжэй, нам тут у Мінску лягчэй, у вялікай грамадзе.

Патрэба ў грошах заўсёдная. Хто яшчэ хоча дапамагчы выхаду «Нашай Нівы», хай робіць грашовыя ахвяраванні. Чарговы раз дзякуем ўсім тым, хто ахвяруе дзесяціну ці трыццаціну ад сваіх прыбыткаў на патрэбы незалежнага грамадства і «Нашай Нівы» ў прыватнасці.

Як пералічваць грошы – чытайце тут.

Заўтра «Наша Ніва» мае падаць заяву ў КДБ з просьбай вярнуць тэхніку, вынятую ў часе ператрусаў 28 снежня.

Сітуацыя ў краіне застаецца няпэўнай, магчымы новыя акцыі застрашвання. Але звяртае ўвагу найперш небывалая салідарнасць незалежнага грамадства. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», агульная сума сродкаў, сабраных для патрэб затрыманых і арыштаваных, па розных лініях, на гэты момант перавысіла ўжо 300 мільёнаў рублёў.

Як кажуць тыя, хто выйшаў з турмаў, перадачы ім прыносілі зусім незнаёмыя ім людзі, і ў тых перадачах было ўсё неабходнае.

Дзякуй за гэты год, дзякуй за гэтую імгненную дапамогу. У Беларусі нараджаецца грамадзянская нацыя. Словы старога беларускага гімна сёння ўспрымаюцца як прароцтва: «У крывавых муках мы народзім жыццё Бацькоўшчыны сваёй».

Усяго добрага Вам! Шчаслівага Новага года!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?