Спецпрадстаўнік Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч настойліва заклікала ўлады Беларусі спыніць нападкі на незалежныя сродкі масавай інфармацыі і неадкладна вызваліць усіх арыштаваных журналістаў.

«Я глыбока занепакоеная беспрэцэдэнтнай хваляй гвалту, запалохванняў, арыштаў і пераследу журналістаў, якая пачалася пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010», — падкрэсліваецца ў адрасаваным міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Мартынаву лісце Міятавіч, вытрымкі з якога былі апублікаваныя на афіцыйным інтэрнэт-сайце АБСЕ ў сераду, 5 студзеня.

Дунья Міятавіч нагадала, што ў Беларусі па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх былі арыштаваныя, у прыватнасці, карэспандэнт расійскай «Новой газеты» Ірына Халіп і рэдактар вэб-сайта charter97.org Наталля Радзіна. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Акрамя таго, у Беларусі адбыліся ператрусы памяшканняў газеты «Наша Ніва», радыёстанцыі «Еўрапейскае радыё для Беларусі», тэлеканала «Белсат» і кватэры шэрагу журналістаў, якія працуюць на незалежныя СМІ. У гэтых журналістаў былі канфіскаваныя персанальныя кампутары і іншая тэхніка.

Спецпрадстаўнік АБСЕ запатрабавала ад кіраўніцтва Беларусі спыніць «варожыя дзеянні супраць незалежных СМІ», і неадкладна вызваліць Ірыну Халіп і Наталлю Радзіну. Дунья Міятавіч таксама выказала гатоўнасць прыехаць у Мінск, каб прапанаваць беларускім уладам падтрымку ў выкананні абавязальніцтваў па забяспечанні свабоды СМІ, прынятых у межах АБСЕ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?